І вось нарэшце, упершыню ў жыцці, зусім блізка ад мяне, на адным караблі, усяго праз шэсць кают, апынуўся адзін з такіх феноменаў — выключны геній ці, можа, загадкавы дурань, а я, няшчасны чалавек, у якога жаданне пакапацца ў інтэлектуальных рэчах перарасло ў манію, ніяк не мог пазнаёміцца з ім. Я пачаў прыдумваць самыя хітрыя падыходы: то збіраўся сыграць на яго славалюбстве і папрасіць інтэрв’ю для ўплывовай газеты, то разлічваў на яго прагнасць і прапаноўваў яму прыняць удзел у выгадным турніры ў Шатландыі. Нарэшце мне прыйшоў у галаву выпрабаваны прыём паляўнічых, якія падзываюць глушцоў, імітуючы іх вабны кліч. Што, зрэшты, можа быць самым пераканаўчым, каб прыцягнуць да сябе ўвагу шахматнага маэстра, як не пачаць гуляць у шахматы самому?
Я ніколі не гуляў у шахматы сур’ёзна па той простай прычыне, што я заўсёды лічыў шахматы забаваю, і не болей; калі ж я і баўлю часам гадзіну за шахматнаю дошкаю, то зусім не дзеля таго, каб стамляць свой мозг, а наадварот, каб развеяцца пасля напружанай разумовай працы. Я ў поўным сэнсе гэтага слова «гуляю» ў шахматы, у той час як другія, сапраўдныя шахматысты, «сур’ёзняцца» ў іх, калі ўжываць незвычайнае, новае словаўтварэнне. Шахматы, як і каханне, патрабуюць партнёра, а я яшчэ нават не высветліў, ці ёсць на параходзе аматары гэтай гульні, акрамя мяне і Чэнтавіча. Каб выцягнуць іх з нор, я падрыхтаваў у курыльным салоне прымітыўную пастку: у якасці прынады за шахматны столік селі я і жонка, хоць яна гуляе яшчэ горш за мяне. І, канечне, варта нам было зрабіць некалькі хадоў, як каля нас ужо спыніўся адзін пасажыр, потым яшчэ адзін спытаўся дазволу паглядзець на гульню; а неўзабаве знайшоўся і жаданы партнёр, які прапанаваў мне згуляць з ім партыю. Звалі яго Мак Конар, ён быў горны інжынер з Шатландыі. Я даведаўся, што на нафтавых свідравінах у Каліфорніі ён сабраў вялікае багацце. Мак Конар быў здаравяк з квадратнымі сківіцамі і моцнымі зубамі. Чырвань на твары, несумненна, сведчыла аб празмерным ужыванні віскі, а вельмі шырокія плечы гэтага атлета сведчылі аб яго характары і даволі непрыемна ўздзейнічалі на нас пад час гульні. Бо містэр Мак Конар належаў да той катэгорыі самаўпэўненых, разбалаваных поспехам людзей, якія любое паражэнне, нават у самым бяскрыўдным спаборніцтве, успрымаюць не інакш, як удар па сваім самалюбстве. Гэтага вялізнага чалавека, які ўсім быў абавязаны толькі самому сабе, які прывык напралом прабівацца да мэты, настолькі перапаўняла пачуццё ўласнай перавагі, што любую перашкоду ён лічыў недапушчальным выклікам сабе, ледзь не знявагаю. Пасля пройгрышу ў першай партыі ён спахмурнеў і пачаў грунтоўна, дыктатарскім тонам растлумачваць, што гэтага не адбылося б, каб не выпадковая няўважлівасць. Адказнасць за пройгрыш трэцяй партыі ён усклаў на шум у блізкай гасцінай; ніводнай прайгранай партыі ён не жадаў пакідаць без рэваншу. Спачатку яго крыўдлівасць забаўляла мяне, але потым я ўспрыняў яе як непазбежную акалічнасць, звязаную з дасягненнем маёй уласнай мэты — прывабіць да стала чэмпіёна свету.
На трэці дзень мая задума здзейснілася, хоць і не поўнасцю. Можа, Чэнтавіч убачыў нас за шахматамі праз ілюмінатар, які выходзіў на верхнюю палубу, ці, можа, ён проста вырашыў ушанаваць сваёй прысутнасцю курыльны салон, — ва ўсякім разе, як толькі чэмпіён заўважыў, што ў сферу ягонага мастацтва асмеліліся ўварвацца непасвячоныя, ён міжвольна падышоў бліжэй і, трымаючыся на значнай адлегласці, кінуў дапытлівы позірк на дошку. Быў ход Мак Конара. Аднаго яго ходу аказалася дастаткова, каб Чэнтавіч адразу зразумеў, як мала цікавасці маюць для яго, маэстра, нашы аматарскія намаганні. З нядбайным жэстам, якім звычайна адмахваюцца ад прапанаванага ў кніжнай краме дрэннага дэтэктыўнага рамана, нават не пагартаўшы яго, чэмпіён адвярнуўся і выйшаў з салона.
«Паглядзеў і адразу ўбачыў, што няма на што глядзець», — падумаў я, крыху ўколаты яго халодным, пагардлівым позіркам. Мне захацелася спагнаць на кім-небудзь сваё раздражненне, і я звярнуўся да Мак Конара:
— Здаецца, ваш ход не зрабіў вялікага ўражання на чэмпіёна.
— Якога чэмпіёна?
Я растлумачыў яму, што чалавек, які толькі што прайшоў міма нас і так пагардліва паглядзеў на нашу гульню, быў Чэнтавіч, чэмпіён свету па шахматах. Я дадаў, што не варта засмучацца з-за яго ганарыстасці: для беднякоў гордасць — недапушчальная раскоша. На маё здзіўленне, гэтыя выпадкова сказаныя словы мелі на Мак Конара зусім нечаканае ўздзеянне. Ён адразу моцна расхваляваўся і забыўся пра нашу гульню. У яго ўзніклі славалюбівыя намеры. Ён нават і не падазраваў, што Чэнтавіч тут, на параходзе. Чэнтавіч абавязкова павінен згуляць з ім. Ён ніколі не гуляў з чэмпіёнам свету, за выключэннем аднаго разу, калі ўдзельнічаў у сеансе адначасовай гульні на сарака дошках; але нават гэта было вельмі захапляюча, ён тады ледзь не выйграў. Ці знаёмы я асабіста з чэмпіёнам? Не, не знаёмы. Ці не магу я папрасіць яго падысці да нас? Я адмовіўся і спаслаўся на тое, што Чэнтавіч, наколькі мне вядома, пазбягае новых знаёмстваў. Акрамя таго, якую цікавасць можа мець для чэмпіёна свету гульня з намі, трэцеразраднымі шахматыстамі?
Читать дальше