Над поймай узвышаўся вялізны дуб. Ні адзін лісцік ні шапацеў на ім. Ён раскінуў свае таўшчэзныя галіны па-над пагоркам, а верхавіну цягнуў у неба, і, здавалася, нават чапляўся за бялюткія бакі аблокаў. На зрэзаным трэшчынамі ствале выразна былі бачныя дзве маршчыны, якія напоўніла жывіца брудна-рудога колеру.
Феліцыян правёў па ім далонню, дакрануўся да трэцяй, што выходзіла з самой верхаліны.
Офенберг падышоў да самага берага. Вада ў рацэ была празрыстая, як шкло. Было нават бачна, як над жоўтым дном плаваюць чароды верхаводак. На грэбнях хваль бегалі павучкі, а каля берагу ім нешта шаптаў чарот. Магутны Божа, ты перанёс часцінку раю на зямлю!
Ён некалькі хвілін стаяў у захапленні перад дываном з квецені лугу, пакуль не пачуў крокі. Шляхціц азірнуўся і ўбачыў Зулісю.
— Падабаецца? — спытала яна.
Дзяўчына схілілася над кветкамі і асцярожна правяла рукой па блакітных пялёстках.
— Я кожны дзень сюды прыходжу, каб паглядзець на іх.
— Не рвеш?
— Не. А навошта? Яны ў збане пастаяць і высахнуць, а так усё лета вока цешыць будуць.
Яна накіравалася па сцежцы да дуба, дзе быў прывязаны Рукас, і хадзіў конь шляхціца. Дарогу ёй заступіў Парбус. Сабака ўважліва паглядзеў на незнаёмага яму чалавека, але не загырчаў. Феліцыяна гэта здзівіла.
— Прыгожы сабака. З такім не страшна і сярод ваўкоў.
Дзяўчына выцягнула руку, каб пагладзіць. Сабака натапырыўся, але дазволіў дакрануцца да чорнай шэрсткі.
— Ты яму спадабалася, бо нават не скаліцца.
— Не баюся, таму і ён не хвалюецца, што магу скрасці твайго каня. У мяне таксама быў такі.
— Што з ім здарылася?
— Васпану сапраўды цікава?
— Я ж сам спытаў. Або гэта таямніца?
— Збег кудысьці і не вярнуўся. Дзед гаварыў, што так усе сабакі робяць, калі прадчуваюць блізкую смерць. Я малая была і не верыла гэтаму, чакала.
— Прыйшоў?
Яна пакруціла галавой.
— Не.
— Нават пасля таго, як палезла ноччу яго ў падпечак гукаць?
Зуліся здзіўлена зірнула на яго:
— Адкуль паніч тое ведае?
Феліцыян усміхнуўся.
— Сама калісьці расказала.
Тут усё пранеслася перад вачымі паненкі: Асяніны, святло лучыны, казачны Дзед Барадзед і цацка, якую ён падарыў, а пасля хлопчык каля студні, чырвоныя вуглі ў печы ды помста котцы. Яна зірнула на юнака, чые чорныя вочы цікавалі за ёй.
— Паніч дагэтуль памятае?
— Так. А ты, бачу, забылася.
Коні ішлі нага ў нагу, чмыхалі і неспакойна стрыглі вушамі. Побач з рысаком Феліцыяна бег Парбус. На зямлі, вільготнай ад ранішняй расы, заставаліся вялікія сляды яго моцных тоўстых лап. Коні ўвайшлі ў раку. Яны пілі паволі, быццам хацелі толькі памачыць пысу, і нервова адбіваліся ад аваднёў. Вершнікі цярпліва чакалі, калі яны спатоляць смагу.
Вада ў гэтым месцы была невысокая і, з-за хуткай плыні, халодная. Бераг разбілі колы калёсаў, якія нярэдка рабілі тут пераправу, каб звярнуць у бок гасцінцу, што вёў да Менска. Блізка знаходзілася і кладка, ды яе б ніхто нават не знайшоў, каб не тоненькая нітачка — сцежка, пратаптаная бабамі да суседняга лесу.
Зуліся адкінула лейцы і саскочыла ў раку. Яна пачала адганяць куслівых мух і аваднёў, пакуль Рукас піў. Пасля набрала ў далоні вады і пырснула на конскую морду. Дзяўчына засмяялася, абняла яго, але ногі ў холоднай вадзе змёрзлі, таму яна выйшла на бераг. Рысак пайшоў следам.
Феліцыян не вытрымаў і крыкнуў:
— Чым ты яго прычаравала? Ідзе следам, як сабака!
— Можа і так, — адгукнулася Зуліся, гладзячы конскую шыю, — толькі не бізуном, як ты, а пяшчотай.
Яна выпрасталася і паказала яму далоні.
— Паглядзі, паніч! Пяшчота далоняў — мацней за чары!
І зноў засмяялася.
"Чараўніца, — падумаў Феліцыян. — І няхай не адмаўляецца, што не варажыла ніколі. Бачыў я такіх!"
Дзяўчына тым часам ускочыла на Рукаса і паклікала Феліцыяна. Надвор’е пачало псавацца, небасхіл зацягнула хмарамі. Сонца схавалася, а вецер пачаў кідацца, як шалёны. Вада пацямнела, завірыла, і хуткія хвалі з’явіліся на роўнядзі Вольсы.
Вершнікі пагналі коней праз поле. Хмары цяпер закрылі ўвесь небасхіл. Раптам бліснула маланка, і за ёй палілося з неба. Зуліся прытулілася да шыі Рукаса і паспрабавала расплюшчыць вочы, але з-за моцнага ветру, павевы якога да болю рэзалі зрэнкі, яна нічога не бачыла. Мокрыя валасы прыліплі да твару, а дзяўчына ўсё гнала каня галопам. Яе нагнаў Феліцыян, крыкнуў, каб не скакала так хутка, але яна не паслухалася і спынілася толькі тады, калі Рукас дамчаў да лесу. Зуліся саскочыла на зямлю, дабегла да дуба, што рос каля сцежкі, прытулілася і закрыла твар далонямі. Феліцыян кінуўся да яе і накрыў разам з сабой буркай.
Читать дальше