— То можна. Толькі чаго раней не сказаў? Цяпер прыйдзецца наступнага лета чакаць.
Човен бязгучна плыў па рацэ. За апошнія дні вада паспела трохі сысці, і цяпер кустоўе па берагах было аблеплена ссохлай цінай.
Смярдзела рыбай і вільгаццю, але прысутнічаў і пах хуткай восені. Ён звычайна з’яўляўся нечакана і невядома адкуль. Лета пакідала зямлю незаўважна. Толькі тады можна было зразумець, што лета прайшло, калі нешта незвычайнае было ў паветры: ці то водар спелых яблыкаў у садзе, ці то холад з ночы, а, магчыма, проста блізкі подых зімы, якая неўзабаве хутка і восень зменіць.
Васілька дзівіўся, што ён можа адчуваць гэта, разумець нябачную сувязь, незаўважную нітачку штогадовых змен. Ён яшчэ раз увабраў паветра ў грудзі, паглядзеў на Жданца і спытаў:
— Адчуваеш пах?
— Які?
— Дык ты не чуеш?
Жданец прынюхаўся:
— Смярдзіць дужа рыбай, што тут незвычайнага?
— Ат. Сцюдзёна сёння. Хутка холад пачнецца: шчупак бярэ прыманку толькі з глыбіні.
— Ага, — пагадзіўся Жданец і налёг на вясло.
* * *
З пачаткам жніўня ночы сталі даўжэйшымі. Ілля нарабіў гнілля, прынёс белыя ранішнія туманы і астудзіў хвалі рэк. У зялёных шатах дрэў прабіваліся залатыя косы, што нагадвалі пра хуткі прыход замаразкаў і надакучлівых дажджоў. Вецер зрываў жоўтае лісце, кружыў яго ў паветры і губляў на прагалах у лесе, налыгваючы на ігліцу ялінак. Нагуляўшыся ўдосталь, ён сціхаў, а залатыя пёркі плаўна апускаліся на ваду. Імклівая рачная плынь пасля несла іх за сабой, вірыла і тапіла хвалямі.
Вечарам дзед Тарас сядзеў каля вогнішча. Каля яго ляжалі прыгатаваныя на кошыкі драўляныя жэрдачкі і лазовыя пруты. Стары ўзяў адну жэрдку да сябе, пакруціў у руках, прыцэньваючыся, і пачаў габляваць з яе лыжку. Так доўга сядзеў маркотны і падкладваў сушняк у агонь. Зірнуўшы ўверх, ён ўбачыў самотны ветах, які дагараў на цёмным небе. "І я хутка… — падумаў стары. — Ад смерці няма зелля".
У гэты час затрашчала кустоўе, і з боку рэчкі вышлі два хлопцы. Абодва бялявыя, танклявыя, як маладыя клёнікі, але ў аднаго вочы шэрыя, як небасхіл увесну, а ў другога — зялёныя і з хітрынкай.
Сябры неслі ламачча да вогнішча.
— Ну што, ірадава племя, налавілі рыбы на вячэру? Добра, што не з пустымі рукамі да вогнішча прыйшлі.
Адзін хлопец наблізіўся да дзеда і паказаў яму торбу.
— Рукамі лавілі каля дуба ў траве, дзе рака з берагоў выйшла ў час залевы.
— Ух, ты! Малайцы. Застанешся, Васілька?
Хлопец матнуў галавой:
— Угу. Позна зараз ехаць, хутка чэрці на кулачкі пабяруцца.
— Тады і Жданец няхай застаецца. Каля вогнішча ўсім месца хопіць.
Сябры пачалі грэць далоні каля полымя. Васілька дастаў з торбы сліву і падаў старому.
— Дзед, бяры.
— Каля бору нарвалі? А вушы баба Волька не скруціла? Еш сам. Я да Спасу не ў рот, гэта вы, маладыя.
Ён перакрывіўся і дадаў:
— Зялёная ж яшчэ, кіслоцце.
Васілька паціснуў плячыма і пачаў збіваць бакі слівы аб тоўстую галіну. Потым укусіў і, крывячыся, высмактаў кіслы сок. Задраўшы галаву, хлопец зірнуў на зорнае неба, дзе гэтай ноччу густа падалі знічкі.
— Дзеду, — спытаў ён, — а чаго сёння цмокі на небасхіле разлёталіся?
— Ат, кадук іх бяры, табе не ўсё роўна? Нейкаму пану скарб носяць. Хціваму, напэўна, бо ніяк ён не здаволіцца.
У гэты час на небасхіле зноў успыхнула знічка і згасла.
— Глядзі! Цмок золата панёс. Ох, каб да мяне ў хату! — уздыхнуў Жданец.
— Чаму золата, можа срэбра?
— Не, золата, бо след жоўты.
Каля вогнішча ляжалі два вялікія сабакі. Жданец ніяк не мог прымасціцца бліжэй да цёплага полымя, бо пабойваўся іх. Васілька назіраў за ім і пасмейваўся ў рукаў.
Над іх галовамі ўзвышаўся доўгі шост з насаджаным на яго конскім чэрапам, які ўкапаў сам дзед Тарас, калі на гэтым полі пачалі пасвіць коней. Недалёка стаяў табун, а за ім таксама палілі вогнішча. Пастухі вартавалі з двух бакоў, бо мінулай ноччу Кумяган — нячысцік у абліччы чалавека і каня — адвёў ад табуна лепшую кабылу і замучыў. Малодшы конюх бажыўся, што бачыў цень з чалавечым тулавам, але конскай галавой і капытамі, які пагнаў кабылу да лазняку і пачаў душыць, а калі паспелі туды дабегчы, дык Кумяган уцёк, а кабыла здохла. Пан Незабытоўскі лютаваў, крычаў, што пастухі самі чагосьці далі коням, каб здохлі, але тыя жагналіся і спуджана глядзелі ў бок стайні. Той плюнуў і пайшоў адтуль, загадаўшы добра глядзець статак, бо ў наступны раз усіх пакараюць на стайні.
Дзед паглядзеў у той бок, дзе знаходзіўся табун. Не верыў ён аповеду Міхася. Яго сястру пан ажаніў не так даўно са сваім вазнічым. Не проста вяселле наладзіў, шапталіся, што хацеў схаваць цяжарнасць дваровай халопкі. Міхась жа мог атруціць коней, бо падавалася дзіўным, што здохлі самая лепшая ў табуне кабыла і рысак, панскі ўлюбёнец.
Читать дальше