— Ш то з табою?
— Як ты можаш… — сказаў я. — Я хто?
— Але што сталася? Можа, ты ў нядолі і саромеешся папрасіць. Давай сюды грошы і пра іх не гаворым. Але калі будуць патрэбныя, скажы шчыра. Цяпер прашу прабачэньня. Ну, дай руку!
Сапраўды, мне было вельмі прыкра; можа, таму што была яна заможнаю кабетаю, прапанова мне ранкам грошай выглядала як плата вулічнай дзеўцы. Але гэта не сапсавала нашых адносін. Яна была для мяне мудраю і мілаю цёткаю, якая ніяк мяне ня зьвязвала.
Я пабачыўся і з Сабадам. Але гэтая сустрэча не была прыемнай. Мы сутыкнуліся нос у нос на вуліцы Міцкевіча. Было відаць, што ён зьдзівіўся.
— Ты на свабодзе?! — спытаў ён.
— А ты і Якуб, відаць, хацелі, каб я памёр у турме.
— Не, але такі заклад!
— Супольнікі не заплацілі, але знайшліся чужыя людзі, якія мне дапамаглі.
— Ня гневайся. Адкуль узяць гэткую суму?
— А нельга было хаця б пакунак махоркі і кавалак хлеба часам паслаць? Праз вас жа я папаўся, і вы ведалі, што ў мяне няма нічыёй дапамогі.
Я адразу разьвітаўся з Сабадам, бо адчуваў да яго агіду, і не таму, што празь яго страціў свабоду, але якраз таму, што яны не дапамагалі мне наогул, хаця ж ведалі, што я апынуўся ў цяжкай сытуацыі. Я ж не забыўся нават пра суседа з «шасьцёркі», які пару разоў паслаў мне трохі махоркі і якога я зусім ня ведаў. Штомесяц я купляў некалькі пакункаў махоркі, трохі прадуктаў і насіў для яго ў турму. Я клаў гэта ў акенца пры браме і чакаў вяртаньня квітка. Ведаў, якую ён атрымлівае радасьць і як гэта палягчае жыцьцё.
Часта ў бяссонныя ночы прыходзіць мне на памяць афіцыянт з гатэлю «Палёнія», які вучыўся граць на скрыпцы. Тады я шкадую самога сябе, бо жыву па-дурному і бессэнсоўна. Магу бязмэтна існаваць яшчэ доўга — да суду і пасьля яго. Але гэта мяне мучыць і злуе. Прыкра быць паразытам. Але што зрабіць? Нарэшце мне прыйшло да галавы, што трэба пагутарыць на гэты конт з Грачанкаю. Яна мудрая і практычная. Напэўна, параіць мне што добрае. Гэта мяне цешыць, і зьбіраюся ў сераду абавязкова пагутарыць з Грачанкаю. У сераду…
А сёньня панядзелак. Я сяджу ў сквэры. Часам зрываецца лёгкі ветрык і перакідвае рознакаляровую, зьвялую лістоту, як бы шукаючы лепшы ўзор для дыванка. У маёй галаве праплываюць хвалі думак. Яны складаюцца ў вобразы. У пэўны момант мне падаецца, што сёньня леташні травень. Я сядзеў тут у бруднай, падранай вопратцы дэмабілізаванага жаўнера-валацугі. Гэта тая самая лавачка, той самы сквэр і алея… З правага боку на сьцежцы ляжыць накусаная булка з маслам і шынкаю, якую дзяўчынка выпусьціла з рук… Матка зь дзецьмі адышла, булка засталася. Пазіраю на яе і адчуваю голад. Я хачу адразу падняць булку, але алеяй ідуць у маім напрамку два мужчыны. Чакаю, калі прамінуць мяне. І раптам нага аднаго зь іх збочвае з дарогі і раздушвае булку, расьцірае яе па жвіры. Што я тады адчуў? Але гэта было даўно. Цяпер я сыты, але я не забыўся на таго чалавека і яго чаравікі.
Так мінула паўтара году жыцьця раззброенага чалавека. Дурнога жыцьця. Але ня кожны атрымаў ад лёсу ці ад грамадзтва патэнт на «разумнае» жыцьцё для сябе. Некаторых гэта абмінула: яны сядзяць у турмах, цягаюцца вуліцамі галодныя і бяздомныя, сьпяць у сутарэньнях, крадуць… Ці варта парушаць вам сытае і цёплае жыцьцё раманам пра іх — раззброеных людзей?
Гандлёвы дом братоў А. і Ю. Альшвангаў знаходзіўся ў Вільні па вул. Вялікай, 72 (заўв. пер).
Цялятнік — назва сквэру ў Вільні. Разьбіты ў 1881 г. на месцы руінаў Ніжняга Замку, пасьля таго як пляцоўку расчысьцілі і пасадзілі дрэвы. Да 1899 г. сквэр заставаўся фармальна безназоўным, а жыхары Вільні называлі яго «Цялятнікам», бо на гэтай пляцоўцы раней, па працягу XIX ст., быў выган, дзе пасьвіліся цяляты. Цяпер ён носіць назву «Парк моладзі» (заўв. пер.).
Будынак Шляхецкага клюбу знаходзіўся ля падножжа гары Трох крыжоў, на правым беразе Віленкі. Яшчэ ў царскія часы тамака месьціўся рэстаран з выдатнай кухняй, дзе сталаваліся расейскія афіцэры і тутэйшая шляхта. Клюб дзейнічаў і ў міжваеннай Польшчы. Напрыклад, у 1926–1927 гг. да яго належала 164 асобы. Будынак згарэў у 70-я гады XX ст. (заўв. пер.)
Вытыха — дзяўчына, што займаецца прастытуцыяй па-за кантролем паліцыі.
Мортус — бяда, нэндза, дрэннае матэрыяльнае становішча.
Абычаёўка — аддзел паліцыі нораваў, які кантраляваў прастытутак.
Читать дальше