— Вы да каго?
— Хачу бачыць Марысю.
— А, вы тут сёньня былі. Цяпер яе няма. Яна заўсёды сыходзіць увечары.
На імгненьне задумваецца, пасьля кажа цішэй, пасоўваючыся да мяне:
— Тут ёсьць іншая. Трохі старэйшая, але файная дзяўчына. Магу вас завесьці.
— Не, дзякую. Я хачу якраз Марысю.
— Любіце маладых. Ідзіце тады на завулак вуліцы Садовай. Бо па самой Садовай ходзяць кантрольныя [36] Кантрольныя прастытуткі — тыя, якія займаюцца прастытуцыяй пад кантролем паліцыі (заўв. пер.).
дзяўчаты. А яна «вытыха». Магчыма, яна будзе на вуліцы Кветкавай альбо на Шапэна. Магчыма, на Базыльянскай.
— Вялікі вам дзякуй. Прабачце за непакой.
— А нічога. Я так, па-суседзку. А Марыська добрая дзяўчынка, але дурная. Такая магла б у золаце хадзіць, а яна ня ўмее. Марнуецца толькі.
Я хаджу па ўсёй вуліцы Садовай і яе завулках. Уважліва праглядаю дзяўчат, якіх спатыкаю. Прастытутак лёгка адрозьніць па паводзінах і хадзе. Некаторыя чапляюць мяне. Але Марысі не магу знайсьці. Нарэшце я заўважаю яе і лёгка пазнаю здалёк. Яна ішла паволі ходнікам і выглядала на прыстойную дзяўчыну. На ёй быў сьціплы жакет, на нагах яе не было панчох. Яе валасы былі гладка зачасаныя. Звычайна прастытуткі намагаюцца апрануцца шыкоўна і выглядаць спакусьліва. Таму нацягваюць элегантныя панчохі і носяць чаравікі на высокіх абцасах. Марыся ж выглядала як служка альбо дзяўчына зь беднай сям’і, якая чакае некага і павольна ідзе вуліцаю.
Я нейкі час назіраў за ёю здалёк, пасьля наблізіўся і сказаў:
— Добры вечар, Марыся!
Мне падалося, што дзяўчына перапалохалася.
— Выбачайце… Ах, гэта вы!
— Ці маеце вольны час?
— Так.
— Можа, пойдзем да мяне?
— А гэта далёка?
Я назваў вуліцу, але яна ня ведала, дзе гэта.
— Пехатою за пятнаццаць хвілін будзем у мяне. Магу ўзяць рамізьніка.
— Не. Лепей пойдзем. На тых, якія едуць пралёткай, людзі зьвяртаюць увагу. Колькі вы дасьце мне за ноч?
— Колькі хочаш?
— Дзьве тысячы.
— А тысячы ня хопіць? .
— Дайце тысячу пяцьсот.
— Цяпер?
— Так, бо ёсьць гады, якія ашукваюць. Але падыдзем да брамы, каб людзі ня бачылі, што вы даяце мне грошы.
Аднак у нішы брамы я даў ёй дзьве тысячы, каб заахвоціць пайсьці са мною. Па дарозе мы размаўлялі.
— Ты не галодная?
— Крыху.
— Што ты сёньня ела?
— Суп… бульбяны.
— Можа, купіць гарэлкі?
— Не. Я ня п’ю.
— Ніколі ня п’еш? Іншыя дзяўчаты п’юць.
— Я не магу. Гарэлка для мяне агідная.
— Калі хочаш нешта зьесьці, купім. Табе нельга ісьці ў шынок. Колькі табе гадоў?
— Шаснаццаць.
— Я куплю што-небудзь… Можа, бутэрбродаў з шынкаю?.. А гарбату згатую дома.
— Добра, калі вам не шкада грошай.
Зайшоў у кавярню і купіў чатыры булкі з маслам і шынкаю. Пасьля пайшлі далей, і я зноў зь ёю загаварыў. Палічыў гэта добрым спосабам даведацца пра падрабязнасьці яе жыцьця. Але выпытваў яе гэткім чынам, каб не прыйшло да галавы, што шмат пра яе ведаю.
— Чаму ты ня ходзіш па добрай вуліцы, толькі бочнымі завулкамі? Там цяжка знайсьці добрага госьця.
— Бо кантрольныя дзяўчаты б’юць мяне і гоняць. Могуць здаць «ціхарам».
— А ты здаровая?
— Так.
— Можаш захварэць.
— Я гэтага страшэнна баюся, але… што зробіш?
Гэтыя словы напомнілі прастытутку з сутарэньня, якая год таму дала мне малака. Я зь зьдзіўленьнем пазіраў на дзяўчыну, якая ішла побач са мной.
— Што зробіш? — паўтарыў яе словы.
— Ну, так… Жыць трэба.
— Калі ты пачала выходзіць на вуліцу?
— У сакавіку. Суседка навучыла… Як арыштавалі брата.
— За што?
— За дрэва. Краў на чыгунцы. Напачатку для сябе, а пасля на продаж.
— Сядзіць у турме?
— Так.
— Ужо асуджаны?
— На шэсьць месяцаў.
Я ледзьве не сказаў: «А бацька ня ведае!». Але стрымаўся. Я зьбіраўся прывесьці дзяўчыну да сабе і толькі там зь ёю пагутарыць. Ішлі моўчкі. У пэўным месцы яна ўзяла мяне пад руку. Я не зразумеў гэтага руху, але праз пару хвілін яна сама мне патлумачыла:
— Прайшлі паліцыянты.
— І што?
— Калі я іду з вамі пад руку, то відаць, што я ваша дзяўчына. А калі я іду побач, падумаюць, што я вяду вас да сябе.
— Цябе маглі затрымаць?
— Відаць, не. Але я баюся. Суседка казала мне, што павінна засьцерагацца «ціхароў» і паліцыянтаў.
Мы ўвайшлі ў камяніцу Жубжынскай. Я правёў дзяўчыну ў свой пакой. Марыся нясьмела агледзелася.
— Тут у вас страшна! Я не застануся тут адна.
— А я люблю гэты пакой. Сядай і адпачні. Зараз прыгатую што-небудзь гарачае.
Читать дальше