Сяргей Пясецкі
ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...
Менская трылогія.
Кніга другая
.
У рамане «Яблычак» я па меры магчымасцей пазбягаў выразаў і зваротаў зладзейскага жаргону. Я рабіў гэта, шкодзячы раману, каб не абцяжарваць змест спасылкамі і не адцягваць увагі чытача… У гэтым рамане я буду крыху больш шчодра карыстацца зладзейскім жаргонам, бо лічу, што інакш згубяцца характэрныя рысы некаторых герояў. У прасцейшых выпадках — там, дзе можна выхапіць значэнне жаргонных выразаў са зместу, — я не буду даваць адмысловыя тлумачэнні.
Адзначу: зладзейскі жаргон, якім карыстаюцца героі гэтага рамана, неаднародны, напрыклад уцёкі злодзеі апісваюць словамі «валіць», «джгаць», «плітаваць», «ліняць», «сігаць», «драпаць», «даваць гвінта». Стаяць на варце: быць свечкай, стаяць на строме, стаяць на ліпцы, цынкаваць. Папярэдзіць: даць зэкс, даць цынк, даць абцынг. Крадзеныя рэчы: барахло, авантыж, фацыент, шмокты, лахі. Агент: мосер, гінт, сабака, лягавы. Нязлодзей: фей, карась, фраер, жлоб, шкоп, хам, гад, звон, балон, туман, шпагат (інтэлігент). Выраз «ліпа» мае шмат значэнняў: фальшывы пашпарт, ліпы — фальшывыя грошы. Ёсць рэдкія жаргонныя выразы, яны амаль незразумелыя, напрыклад: оксы — лёс, а ёсць выразы часцейшыя: пяхота — куры.
Я не мовазнаўца і не спецыяліст у галіне даследавання мовы злачынцаў, таму не буду развіваць гэтую тэму. Зрэшты, цяпер гэта і не мая мэта. Скажу толькі, каб зарыентаваць чытача, што згаданыя вышэй выразы з ужытку тагачасных менскіх злодзеяў (дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года) паходзяць з розных раёнаў Польшчы і Расеі, паколькі на той час у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых разнастайных раёнаў былой Расійскай імперыі.
ЯСЬ НАДЗЯВАЕ ТОГУ ЛІТАРАТУРНАГА КРЫТЫКА
Змрок залівае Камароўку. Дождж сыпле і сыпле. Дзесь далёка неахвотна, нізкім басам адгукаецца сковер [1] Сковер — сабака (звяга).
… Без усялякай нагоды, для забавы. Можа, голас спрабуе або падбадзёрвае сябе.
Бондараўскім завулкам шыбуе Ісай. Кумпалам ліхтары б’е, нагамі па брудзе выпісвае, з парканамі вітаецца. Уся вуліца — ягоная. «Скокі» [2] Скокі — боты; сінонім — колы .
ў яго шаўровыя, гусарскія, гармонікам збіраюцца ля долу халяваў. Шапка з лакіраваным брыльком па-заліхвацку заламаная набакір, а з-пад яе задзірыста, па-казацку, чубіцца кудзер валасоў. Пінжак расхрыстаны. Рукі — кулакамі, кулакі — у кішэнях. Шалік ззаду развіваецца, быццам пірацкі сцяг. Адразу бачна: керны [3] Керны — на падпітку.
хойрак [4] Хойрак — зухаваты, самаўпэўнены чалавек.
плыве.
Ісай — ані злодзей, ані альфонс, хоць у розныя перыяды свайго жыцця і хадзіў тымі сцежкамі. Хутчэй стырачнік [5] Стырачнік — картачны шулер.
: падчас кірмашоў на Траецкай гары ў «чырвона-чорнае» хамаў абрабляе. А так напраўду, то і не стырачнік, а звычайны камароўскі хуліган. Сёння ён напіўся. Прымазаўся да хлопцаў пры грашах і гульнуў на халяву. Цяпер шыбуе завулкам, а як бачыць, што здалёк хтось ідзе, то зігзагі вырабляе карацейшыя і часцейшыя: зачэпкі шукае.
Бондараўскі завулак цесны… Цесны, крывы, брудны. Малыя драўляныя дамкі ў пярэпалаху разбегліся ў розныя бакі, прыселі і заплюшчылі вочы. Толькі дзе-нідзе, праз шчыліны ў дзвярах ці аканіцах, праслізгваюць жоўтыя штылеты святла і, быццам у смале, вязнуць уначы… Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця Менска — Камароўкі. Апошняя як з гледзішча размяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя, групамі на некалькі або і дзясяткам з гакам чалавек. Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы… Бо і звярына ў іх незвычайная: пільнуюць яе зграі двухногіх дрэсіраваных сабак, закутых у сталь і закон… Сюды паляўнічыя вяртаюцца са здабычай. Або не вяртаюцца доўга, а часам і ніколі не вяртаюцца… Тут жывуць, гуляюць, пакутуюць і кахаюць, але ніколі не паміраюць. Можа, саромеюцца смерці.
Ісай патануў дзесь у змроку — дзесь там, за апошнім заўважным у цемры газавым ліхтаром, што служыць для згушчэння змроку і рассейвання па свеце смутку. А вось са Сляпянскай вушцы выкаціўся Фіська. Таксама п’яны. Сёння ён пальнуў з патоку [6] Паток — воз.
мяшок аўса і апыліў [7] Апыліць — прадаць.
сваёй вернай скупшчыцы Лаі. Цяпер паточнік трымае курс на маліну, увесь час усміхаецца, жэстыкулюе і з кімсьці размаўляе. Яму весела і добра. Увесь свет да сваіх зладзейскіх грудзей прытуліў бы і гамірай [8] Гаміра — гарэлка.
пачаставаў. Знай фартовага! Як выруліў крутым зігзагам у Бондараўскі завулак — наймілейшы порт, — сарваў шапку з галавы і, трасучы ёй у паветры, заспяваў:
Читать дальше