Пятроні паціснуў здзіўлена плячыма.
— Як так, дык чаго ж крыўдуеш? Не разумею цябе.
На гэта Вініць з гарачкаю: — Так! Так!.. Мы ўжо не можам разумецца!
Ды зноў замоўклі на хвіліну, пасля Пятроні адзываецца: — А бадай тваіх хрысціян глынуў Гадэс! Атруцілі цябе немарасцю і зруйнавалі почувы жыцця. Бадай іх Гадэс! Дрэнна табе здаецца, што іхняя навука ёсць дабрадзейнай, бо дабрадзейным ёсць тое, што дае людзям шчасце, гэта знача: красу, каханне і моц, а яны завуць гэта марнасцяй. Нельга назваць іх і справядлівымі, бо калі за зло плаціцімем дабром, дык чым жа будзем плаціць за дабро?
А пры тым, калі за тое і за гэта адна будзе заплата, дык нашто быць добрым?
— Не, адплата ня ёсць аднолькавая, толькі яна зачынаецца ў жыцці будучым, не дачасным, так вучаць.
— Я пра тое не талкую: аб тым, ці штось там можна будзе бачыць… без вачэй, дык яшчэ паглядзімо. Прымеж таго, гэта ж недарэкі! Урсус задушыў Кратона, бо мае сталёвыя мускулы, але ж наагул яны хныкалы й вароны, будучыня да такіх не належаціме.
— Жыццё іхняе зачынаецца падчас смерці.
— Гэта як бы хто сказаў: дзень пачынаецца разам з ноччу. Ці маеш намер спаймаць Лігію?
— Не, не магу ёй злом за дабро плаціць, прысягнуў, што гэтага не рабіціму.
— Ці манішся прыняць Хрыстову навуку?
— Хачу, але натура хіба не сцерпіць яе.
— А ці здолеў бы забыцца пра Лігію?
— Не.
— Дык спрабуй турыстыкі.
Нявольнікі далажылі, што гатова снеданне, але Пятроні, якому здалося, што натрапіў на добрую думку, гаварыў далей, ідучы ў трыклініюм: — Аб’ездзіў ты кавалак свету, але толькі як ваяк, які заўсёды спяшае на загаданы пункт, не затрымоўваючыся ў дарозе. Едзем з намі ў Ахайю. Цэзар пакуль не развітаўся йшчэ з намерам туды паехаць. Будзе затрымоўвацца ўсюды па дарозе, пяяціме, вянкі збіраціме, святыні рабаваціме і ўрэшце вернецца, як трыўмфатар, у Італію. Будзе гэта нешта падобнае да карагоду Бахуса і Апалона ў адной асобе. Аўгустыяне, аўгустыянкі, тысячы цытраў — на Кастара! Варта гэта пабачыць, бо свет нічога падобнага не бачыў.
І разлакаціўся на лаве вобак Эўнікі за сталом, а як нявольнік на голаў клаў яму вянок, гаварыў далей: — Што ты бачыў на службе ў Карбулона? Нічога! Ці зведаў святыні грэцкія так, як я, каторы блізу праз два гады не развітваўся з праваднікамі? Ці быў на атоцы Радоскай, ці аглядаў мейсца, дзе стаяў калос? Ці бачыў у Панопе, у Факідзе, гліну, з якое Праметэй ляпіў людзей, або ў Спарце яйкі, што знесла Леда, або ў Афінах слаўны панцыр сармацкі, зроблены з конскіх капытоў, або карабель Агамемнана на Эўбеі, або чару, зробленую на манер цыцкі Гэлены? Ці бачыў Александрыю, Мэмфіс, піраміды, волас Ізыды, які вырвала сабе з журбы па Азырысе? Ці чуў енк Мемнона? Свет шырокі, не ўсё кончыцца на Затыбры! Я еду з цэзарам, але не варочацімуся з ім, а паеду на Цыпр, бо гэная мая залатавалосая багінька хоча, каб мы разам ахвяравалі ў Пафосе Цыпрыдзе галубкі, а трэ табе ведаць, чаго ёй заманіцца, гэта мусіць быць.
— Я твая нявольніца, — адазвалася Эўніка.
А ён прытуліў да яе голаў і кажа з усмехам: — Дык я, знача, нявольнік нявольніцы. Ты годная подзіву ад ног да галавы.
Пасля да Вініція: — Едзь з намі на Цыпр. Але памятай, мусіш перад тым бачыцца з цэзарам, дрэнна, што дагэтуль ты ў яго не быў. Тыгэлін гатовы гэта супраць цябе выкарыстаць. Не мае, праўда, ён да цябе асабістае нянавісці, аднак жа не можа цябе любіць хоць бы дзеля таго, што ты мой сястрынец… Адманёмся, што ты быў хворы. Мусіш надумацца, што адкажаш яму, калі спытае пра Лігію. Найлепш махні рукою і скажы, што была, пакуль не знудзіла. Ён гэта разумее. Скажы яму таксама, што хвароба затрымала цябе дома, а гарачку пабольшвала маркота, што не мог быць у Неапалі й слухаць ягоных песняў, ды аздаравіла цябе надзея, што ўрэшце магчымеш яго слухаць. Перасолу не бойся. Тыгэлін запавяшчае, што выдумае для цэзара нешта не толькі светазарнае, але й буйнае… Баюся, аднак, каб не падкапаўся пад мяне. Пабойваюся таксама і твайго настрою… — Ці ты ведаеш, — запэўніваў Вініць, — што ёсць людзі, якія не баяцца цэзара і жывуць так спакойна, як бы яго не было на свеце?
— Ведаю, аб кім гутарка: аб хрысціянах.
— Так. Яны толькі адны!.. А нашае жыццё чым жа ёсць, калі не бесперастанным страхам?
— Годзе ж ужо пра гэтых сваіх хрысціян! Не баяцца цэзара, бо ён мо аб іх не чуў дый не ведае, і столькі яны яго цікавілі б, колькі пажоўклае лісце. Кажу табе, гэта недарэкі, няўжо ты гэтага не цяміш? Калі твая натура бароніцца ад іхняе навукі, дык яўна дзеля таго, што вычувае іх недалужнасць. Ты ж чалавек з іншае гліны, дык нашто мне й сабе голаў імі марочыш. Патрапім жыць і паміраць, а што яны пакажуць — гэта няведама.
Читать дальше