Вініція ўдарылі гэныя словы і, вярнуўшыся дадому, пачаў разважаць: можа, іставетна дабрыня й міласэрнасць хрысціян ёсць паказнікам недалужнасці іхніх душ. Выдавалася яму, што людзі, маючыя сілу й гарт, не ўмелі б так прабачаць. Лезла ў галаву думка, што гэта менавіта, можа, і ёсць прычынай, што адпіхвае ягоную рымскую душу ад тае навукі. «Патрапім жыць і паміраць», — кажа Пятроні. А яны? Яны ўмеюць толькі прабачаць, не разумеючы хіба ні сапраўднае любові, ні сапраўднае нянавісці.
Цэзар, вярнуўшыся ў Рым, лютаваў, што вярнуўся, і па некалькіх днях запалаў наноў ахвотай выезду ў Ахайю. Выдаў нат эдыкт, у якім абяцаў, што адсутнасць яго не патрывае доўга, а справы публічныя з тае прычыны не ўцерпяць ніякае шкоды. Вось жа ў таварыстве аўгустыянаў, між якімі быў і Вініць, ідзе на Капітоль, каб за памыснасць новага падарожжа злажыць багом ахвяры. Але на другі дзень, калі адбываліся чарговыя адведзіны святыні Весты, сталася здарэнне, якое спрычыніла змену ўсіх намераў. Нэрон не верыў у багоў, але баяўся іх, злашча таёмная Веста праймала яго такім жахам, што перад абліччам боства і святога агню дыба сталі валасы, шчаміліся зубы, прабеглі дрыготы па ўсім целе і асунуўся на рукі Вініцію, які прыпадкам стаяў тут жа ззаду.
Вынеслі хутка яго з святыні і адправадзілі на Палатын, дзе, хоць хутка апрытамнеў, пралежаў у пасцелі цэлы дзень. Агалосіў зараз жа здзіўленым прысутным, што намер выезду адкладае на пасля, боства бо перасцерагло яго таёмна, каб не спяшаўся. Цераз гадзіну ішла ўжо вестка публічна па ўсім Рыме: бачачы сумных мілых грамадзян, цэзар застаецца з імі, моў бацька з дзецьмі, каб дзяліць з імі ўцехі і долю. Народ, абрадаваны блізкімі ігрышчамі і дзяльбою збожжа, стоўпіўся грамадна перад Палатынскаю брамаю, віватуючы на гонар боскага цэзара, а той, перарваўшы гульні ў косці з аўгустыянамі, адазваўся: — Так! Трэ было адкласці. Егіпет і ўладства на Ўсходзе, суджанае мне, не міне мяне, дык не прападзе й Ахайя. Загадаю пракапаць Карынфскі істм, а ў Егіпце паставім такія помнікі, пры велічы якіх піраміды змалеюць да памераў дзіцячых цацак. Загадаю збудаваць Сфінкса большага ў сем разоў ад таго, што ля Мэмфісу глядзіць у пустыню, але меціме ён аблічча маё. Вякі наступныя ўспамінацімуць толькі аб ім ды аба мне.
— Збудаваў ты сабе ўжо помнік сваімі вершамі, большы не ў сем, а тройчы па сем разоў ад піраміды Хеопса, — падхапіў Пятроні.
— А песняй? — чакаў Нэрон.
— На жаль, каб жа было магчымым збудаваць табе такую статую, як статуя Мемнона, якая б адзывалася тваім голасам пры ранняй зарніцы! Моры, амываючыя Егіпет, былі б пакрыты павек вякоў роем караблёў, з якіх грамады трох частак свету раскашаваліся б тваёй песняй.
— На жаль, хто ж гэта патрапіць? — адказвае Нэрон.
— Але можаш загадаць вырэзьбіць з базальту сябе на квадрызе.
— А праўда! Зраблю гэта!
— Зробіш дар чалавецтву.
— У Егіпце звянчаюся з Лунаю, што аўдавела, і буду сапраўды богам.
— А нам аддасі ў жоны зоры, мы ўтворым новае сузор’е, якое звацімецца сузор’ем Нэрона. Вітэлія, аднак, ажані з Нілам, хай плодзіць бегемотаў.
Тыгэліну падаруй пустыню, будзе тады валадаром шакалаў.
— А мне што? — пытае Ватыній.
— Хай багаславіць цябе Апіс! Справіў нам такія ігрышчы ў Бэнэвэнце, што нельга табе абы-чаго жадаць: зрабі пару ботаў Сфінксу, якому дранцвеюць лапы падчас сядравых расістых ночаў, а пасля плясцімеш лапці калосам, старажуючым алеі перад святынямі. Кожны там знойдзе сабе занятак.
Даміцый Афер, напрыклад, будзе скарбнікам, ведамы з сумленнасці. Цэзар, люблю твае летуценні пра Егіпет, і адклад выезду выклікае ў мяне сум.
Нэрон кажа: — Вашы смяротныя вочы нічога не бачылі, боства бо робіцца невідушчым для каго захоча. Бачыце, калі быў я ў святыні Весты, яна сама стала ля мяне й кажа мне ў самае вуха: «Адкладзі выезд». Сталася гэта так раптоўна, што я аж жахнуўся, хоць за такую відавочную апеку багоў нада мною павінен быў бы я быць удзячным.
— Усе мы жахнуліся, — адазваўся Тыгэлін, — а вясталка Рубрыя аж абамлела.
— Рубрыя! — дзівіцца Нэрон. — Як жа снежную яна мае шыю!
— Але чырваніцца, на цябе гледзячы, боскі цэзару… — Так! Скеміў гэта і я. Гэта дзіва! Вясталка! Ёсць нешта боскае ў кожнай вясталцы, а Рубрыя надта ж прыгожая.
Ды задумаўся на хвіліну, пасля пытае: — Скажэце вы мне, чаму людзі больш баяцца Весты, чым іншых багоў?
У чым тут справа? От мяне самога жах пераняў, хоць я і найвышэйшы святар. Памятаю толькі, што ўпаў ніцма і быў бы рынуў на зямлю, каб хтось не падтрымаў мяне. Хто мяне падхапіў?
Читать дальше