Але хвала багом усходнім і заходнім, што ты застаўся з душою, выйшаўшы з падобных рук. Ацалеў ты напэўна дзеля таго, што ты патрыцый і сын консула, але ўсё, што спаткала цябе, здзіўляе мяне вельмі: і той магільнік, дзе ты прабываў між хрысціян, і яны самі, дый учынак іхні з табою, і пасля ўцёкі Лігіі, і ўрэшце той нейкі сум і трывожнасць, якія веюць з твайго кароткага ліста. Растлумач мне, бо шмат рэчаў не цямлю, а калі праўду любіш, скажу табе адкрыта: не разумею ані хрысціян, ані цябе, ані Лігіі. І не дзівіся, што я, якога па-за ўласнаю асобаю мала што больш на свеце цікавіць, дапытваюся пра ўсё гэта так сквапна. Бо я ж прычыніўся да ўсяго таго, што сталася, дык гэта вось жа й мая справа. Пішы безадкладна, бо не магу прадбачыць, калі ўбачымся. У галаве Рудабародага змяняюцца намеры, бы вясеннія вятры. Цяпер, седзячы ў Бэнэвэнце, мае ахвоту ехаць проста ў Грэцыю і вяртацца ў Рым. Тыгэлін, аднак, раіў яму, каб вярнуўся хоць на кароткі час, бо народ вельмі тужыць па ім (чытай: па хлебе ды йгрышчах) і можа ўзбурыцца. Вось жа, немаведама як будзе. Калі Ахайя пераважыць, дык мо пасля захочацца нам Егіпту.
Раіў бы прыехаць сюды, бо для цяперашняга стану твае душы падарожжа і нашыя забавы былі б лекам, але мог бы нас не застаць. Падумай, аднак, можа, лепш было б супачыць у сваім маёнтку на Сіцыліі, чым сядзець у Рыме. Пішы мне падрабязна аб сабе і — бывай! Ніякіх жаданняў, апрача здароўя, гэтым разам табе не залучаю, на Палукса! Не ведаю, чаго табе пажадаць!»
Вініць, атрымаўшы гэны ліст, не меў спачатку ахвоты адпісваць. Меў нейкае пачуццё, што не варта адказваць, гэта на нівошта нікому не прыдасца, нічога не вытлумачыць і нічога не вырашыць. Авалодала ім знеахвота, пустальга і пачуццё марнасці жыцця. Пры тым здавалася яму, што Пятроні ні за што яго не зразумее, ды што іх быццам нешта пачало ад сябе аддаляць. Не мог прыйсці да ладу нат і сам з сабою. Вярнуўшыся з Затыбра ў сваю раскошную інсулю на Карынах, быў яшчэ слабы, зняможаны і ў першых днях быў задаволены з адпачынку, выгоды й дастатку, які акружаў яго. Але хутка пачуў, што ён у паражнечы, а ўсё тое, што да гэтых пор станавіла для яго інтарэс жыцця, або зусім не існуе, або змалела да ледзь прыкметных памераў. Меў такое самапачуццё, быццам у ягонай душы падцятыя тыя струны, якія дасюль злучалі яго з жыццём, а новыя не навязаны. Думка аб Бэнэвэнце і Ахайі ды аб жыццёвых раскошах і шалёных выбрыках не выклікала ніякага смаку. «Пашто? Які мне з таго прыбытак?» — вось былі першыя пытанні, што прасунуліся яму праз голаў. Гэтаксама першы раз у жыцці падумаў: ну а каб паехаў, дык гутарка Пятронія, ягоны досціп, бліскотнасць, яго вымудраваныя сказы, думкі й падбор трапных слоў для кажнае ідэі маглі б яму цяпер быць нуднымі.
З другога боку, пачала таксама дакучаць яму й самота. Усе ягоныя знаёмыя прабывалі з цэзарам у Бэнэвэнце, дык мусіў дома сядзець сам, з галавою, поўнаю думак, і сэрцам, поўным пачуццяў, з якіх не мог сабе здаць толку. Прыходзілі, аднак, іншы раз часіны, у якіх думалася яму, што калі б мог з кімколечы пагутарыць аб усім тым, што з ім дзеецца, дык, можа, сам здолеў бы гэта ўсё судумаць, упарадкаваць ды распазнаць лепш. Пад уплывам тае надзеі па некалькіх днях раздумы пастанавіў, аднак, адпісаць Пятронію і, хоць не быў пэўны, ці пісулю вышле, улажыў яе наступна:
«Хочаш, каб пісаў абшырней, дык добра; ці патраплю ясней, не ведаю, бо і сам не ўмею многіх вузлоў развязаць. Даносіў я табе аб маім побыце сярод хрысціян, аб іх абыходжанні з ворагамі, да якіх мелі права залічыць і мяне і Хілона, урэшце аб спагаднасці, з якою мяне даглядалі, і аб знікненні Лігіі. Не, дарагі, не таму мяне ашчадзілі, што я сын консулаў. Такія рацыі для іх не існуюць, адыж бо даравалі й Хілону, хоць я сам заахвочваў іх, каб закапалі яго ў агародзе.
Гэта людзі, якіх дагэтуль не бачыў свет, гэта навука, якое дасюль не чуў свет. Нічога больш табе аб іх не магу сказаць, і хто б жадаў іх мераць нашаю меркаю — прамахнецца. Скажу табе замест таго, што, каб прыйшлося мне ляжаць з зламанаю рукою дома і каб мяне дагэтуль даглядалі мае людзі або нат мая радня, меў бы, пэўна, большыя выгады, але не меў бы ані паловы такое рупнае спагады, як між імі. Ведай таксама й тое, што Лігія ёсць такою, як усе яны. Каб была маёю сястрою ці жонкаю, не магла б клапаціцца пра мяне чулей. Радасць не раз залівала мне сэрца, бо думаў, што толькі каханне можа натхніць падобнаю чуласцю. Не раз я вывучаў ейны пагляд, выраз твару і, ці паверыш, сярод тых прасцякоў, у сціплай хаце, дзе была разам і кухня, і трыклініюм, пачуваўся я шчаслівейшым, чым дзе йнакш. Не, не была яна да мяне сухадушнай, і сяння йшчэ, здэцца мне, іначай нельга думаць. А аднак тая самая Лігія збегла ад мяне з памешкання Мырыям. Сяджу вось цяпер цэлымі днямі з галавою ў жмені і разважаю, чаму яна гэтак зрабіла? Ці я табе пісаў, што сам прапанаваў ёй вярнуць яе Аўлюсам? Праўда, адказала мне, што гэта ўжо немагчыма і з увагі на тое, што Аўлы выехалі на Сіцылію, і з увагі на небяспеку розгаласу на Палатыне праз нявольнікаў. Цэзар мог бы яе зноў адабраць у Аўлаў! Яна, аднак, ведала, што больш нахабства над ёю рабіць не буду, што выракаюся прымусу, а не могучы ні перастаць яе кахаць, ні жыць без яе, увяду яе ў дом праз увенчаныя дзверы ды пасаджу на абрадавай скуры пры вогнішчы… Аднак, бач, збегла! Чаму? Нічога ж ужо ёй не пагражала. Калі мяне не кахала, магла адапхнуць.
Читать дальше