А Лігія бачыла, што ў ім дзеецца, як ён змагаўся, як натура ў ім адпіхвала гэтую навуку, і як з аднаго боку гэта яе маркоціла, так з другога — жаль, літасць, удзячнасць за тую ціхую пашану, аказваную для Хрыста, нахіляла да яго непераможнай сілай ейнае сэрца. Прыгадала сабе Пампонію Грэцыну і Аўла. Для Пампоніі крыніцай ніколі не высыхаючых сумных слёз была думка, што за гробам не знойдзе Аўлюса. Лігія пачала цяпер лепей разумець тую горыч і той боль. Бо і яна ведала дарагую істоту, з якою пагражала ёй вечная разлука. Часамі пацяшалася надзеяй, што мо ягоная душа яшчэ адчыніцца калісь для Хрыстовай праўды, але спадзеўкі гэныя былі вельмі слабыя. Ведала і разумела яго ўжо занадта добра. Вініць — хрысціянін? Два гэныя паняцці нат у ейнай недазнанай галованьцы не маглі вобак сябе мясціцца. Калі разважны і поўны сталасці Аўл не стаўся ім пад уплывам дасканальнае і мудрае Пампоніі, дык як жа магчыме стацца ім Вініць? На гэта не было адказу, а дакладней, існаваў толькі адзін: няма для яго ні надзеі, ні ратунку. Але Лігія спахапілася з трывогай, што гэты асуд загубы, які быццам вісіць над ім, праз самую жаласць робіць яго яшчэ даражэйшым. Часамі брала яе ахвота гаварыць з ім шчыра пра ягоную цёмную будучыню, але як адзін раз, сеўшы пры ім, сказала яму, што па-за хрысціянскаю навукай няма жыцця, ён, будучы ўжо крыху падмацаваным, падняўся на здаровым узлокатку і воміг палажыў ёй голаў на каленях, кажучы: «Ты — жыццё!» Замерла ёй дыханне ў грудзёх, уцякла прытомнасць, нейкая раскошная дрыгата прабегла ад ног да галавы. Хапіўшы ў далоні ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахілілася над ім так, што аж вуснамі даткнулася да ягонай чупрыны, і праз хвіліну змагаліся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога.
Лігія ўсхапілася ды ўцякла, чуючы полымя ў жылах і заварот у галаве. Гэта была ўжо кропля, якая канчаткова перапоўніла чару. Вініць не дадумаўся, колькі каштаваціме яму тая шчасная хвіліна, але Лігія зразумела, што цяпер яна сама патрабуе ратунку. Наступная ноч прайшла бяссонна, у слязах і малітве, у пачуцці нягоднасці, што малітва ейная не будзе выслухана.
Назаўтра раненька выйшла з кубікулюма ў агародзец і, заклікаўшы Крыспа, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго адначасна, каб дазволіў ёй пакінуць дом Мырыям, бо не давярае сабе і не можа перамагчы ў сабе кахання да Вініція.
Крысп — стары, суровы чалавек — згадзіўся, каб выйшла з дому Мырыям, але не знайшоў слоў прабачэння грэшнага, на ягоную думку, кахання. Сэрца ягонае зардзелася абурэннем на ўспамін, што тая Лігія, якою рупна апекаваўся, якую палюбіў, уцвярдзіў у веры і на якую ўглядаўся цяперака бы на беленькую лілею, што вырасла на грунце хрысціянскае навукі, не заражаную ніякаю прыземнасцю, магла знайсці ў душы мейсца на іншую, апрача нябеснае, любоў. Ведаў дагэтуль, што нідзе на свеце не біла сэрца чысцейшае на славу Хрыста. Жадаў яе ахвяраваць Яму, як перлу, як дарагую каштоўнасць рук сваіх, дык неспадзяванка гэтая напоўніла яго і здзіўленнем, і горыччу.
— Ідзі малі Бога, каб дараваў табе віну, — прагаварыў да яе хмурна. — Уцякай, пакуль дух нячысты не аблытаў яшчэ цябе цалкам ды не давёў да канчатковага ўпадку, пакуль не здрадзіла Збаўцы. Ён памёр для цябе на крыжы, каб уласнай крывёю адкупіць тваю душу, а ты пажадала пакахаць таго, хто маніўся зрабіць з цябе сваю нявольніцу. Бог цудам выратаваў цябе з рук ягоных, а ты адкрыла сэрца нячыстай жадзе і пакахала сына цемры. Хто ж бо ён? Прыхвасцень і слуга Антыхрыста, супольнік блуду й распусты. Куды ж ён цябе завядзе, калі не ў тую атхлань і Садому, у якой жыве сам, а якую Бог счысціць агнём свайго гневу? Бадай табе не жыць, бадай бы гэтыя сцены былі заваліліся на тваю галаву перш, чым той вуж упоўз у тваё сэрца й аслініў яго ядам сваім.
І сердаваў штораз больш, бо віна Лігіі напаўняла яго не толькі гневам, але абрыджэннем і пагардай да натуры людское наагул, а ў канкрэтнасці да жаночай, якое нат і хрысціянская навука не асцерагла ад слабасці Евінай. Не звяртаў на тое ўвагі, што дзяўчына фактычна была яшчэ чыстай, што манілася ўцякаць ад гэнага кахання ды спавядалася з яго, каючыся. Крысп хацеў быў зрабіць з яе анёла й падняць на вышыню чыстае любові толькі для Хрыста, а яна вось пакахала аўгустыяніна! Самая толькі думка пра гэта жуддзю і расчараваннем напаўняла ягонае сэрца. Не! Не мог ёй гэнага дараваць!
Злоснае дакаранне паліла яму вусны бы разжараныя вуглі; змагаўся з сабою, каб не вымавіць яго, і трос над беднаю дзяўчынай сухімі сваімі рукамі. Лігія пачувалася да віны, але не ў такой меры. Гадала сабе: уцёкі яе з гэнага дому будуць перамогаю над жадою і згладзяць віну. Але Крысп знішчыў яе ў пыл: выказаў усё благоцце й нікчэмнасць ейнае душы, да якое не пачувалася. Яна спадзявалася нат, што стары прэзбітэр, які ад часу ўцёкаў з Палатыну быў для яе моў бацькам, акажа ёй крыху літасці, пацешыць, льгі дадасць, умацуе.
Читать дальше