Стары Эўрыцы, выкупіўшы сына, наняў адну з такіх малых крамак, ад якіх раілася пры Цыркус Максімус, прадаваў у ёй боб, аліўкі, пернікі, мядовую ваду цыркавым глядзельнікам. Хілон застаў яго дома, ладзіў крамку, і, прывітаўшы па-хрысціянску, адразу прызнаўся, з чым прыйшоў. Аддаўшы моў ім прыслугу, спадзяецца ўдзячнае помачы ад іх. Трэба яму двух або трох людзей, дужых і адважных, дзеля адхілення небяспекі, пагражаючай не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бадай бо ўсё, што меў, аддаў Эўрыцыю, а ўсё ж людзям тым заплаціў бы за іхнюю паслугу, калі будуць яму вернымі й паслухмянымі. Пачцівы Эўрыцы з сынам сваім Квартусам слухалі свайго дабрадзея амаль на каленях. Абодва самі былі гатовы споўніць жаданні ягоныя, верачы, што так святы муж, як ён, не жадаціме ад іх прыслугі, нязгоднае з Хрыстоваю навукаю. Хілон запэўніў іх аб гэтым і, падняўшы вочы ўгару, нібыта маліўся, а сапраўды надумоўваўся, ці б не прыняць ад іх паслугі, ашчадзіўшы тысячу сэстэрцыяў. Але па хвіліне адкінуў гэную думку. Эўрыцы быў усё ж такі слабым ужо старцам, прыгнобленым горам і хваробай.
Кварт меў усяго шаснаццаць год, а Хілону трэ было людзей спраўных, дужых. Тысячу сэстэрцыяў спадзяваўся сваім спосабам і так заашчадзіць. Яны намагаліся, але, спаткаўшыся з станоўкасцяй, саступілі. Квартус тады кажа: — Ведаю пекара Дэмаса, у якога пры жорнах многа ўсякіх людзей. Адзін з тых наймітаў так дужы, што стаў бы не за двух, а за чатырох, бо ён сам бачыў, як падымаў каменне, якое чатырох людзей не давала рады.
— Калі гэта багабойны чалавек і гатовы пасвяціцца за братоў, пакажы мне яго, — просіць крывадушны Хілон.
— Гэна хрысціянін, спадару, — адказвае Кварт, — у Дэмаса бо амаль усе хрысціяне. Ёсць там і работнікі начныя, і дзённыя, той менавіта — начны.
Цяпер нат маглі б мы з ім свабодна разгаварыцца, бо акурат у іх вячэра. Дэмас жыве каля Эмпорыюма [34] Гандлёвая плошча (лац.).
.
Хілон згадзіўся ахвотна. Эмпорыюм знаходзіўся пад узгор’ем Авентынскім, дык не надта далёка ад Вялікага Цырку. Льго было, не абходзячы ўзгор’я, ісці ўздоўж ракі праз Портык Эмілія, скарачаючы дарогу.
— Стары я ўжо, — кажа Хілон, затрымаўшыся пад калюмнаю, — дык часам маю зацьменне памяці. Так, здаецца, Хрыста нашага здрадзіў вучань ягоны! Толькі імя здрадніка не магу ось сабе прыгадаць.
— Юдаш, спадару, што павесіўся, — нагадаў Кварт, дзівячыся адначасна ў душы, як можна было такое імя забыцца.
— Во так! Юдаш! Дзякуй табе, — адказвае Хілон.
Праз хвіліну йшлі моўчкі. Дайшоўшы да Эмпорыюма, які ўжо быў замкнёны, мінулі яго і, абыйшоўшы сверні, з якіх выдавалася народу збожжа, сыйшлі налева, уздоўж дамоў на Астыенскай дарозе аж да ўзгорку Тэстацыюс і Форум Пісторыюм [35] Хлебны Форум (лац.).
. Там затрымаліся перад драўляным будынкам, з якога даходзіў гук жарон. Кварт увайшоў туды; Хілон, баючыся спаткацца сілаю фатум з Глаўкам, лекарам, ды не хочучы наагул паказвацца ў талацэ людзей, застаўся на двары.
— Цікавасць бярэ, што за Геркулес у наймітах пры жорнах, — гадаў сабе, пазіраючы на ясны месяц, — калі гэта хітры злыдзень, крышку мусі мне каштаваціме, а калі сумленны целяпень, усё зробіць задарма.
Далейшыя думкі перарваў яму Кварт, які выйшаў з будынку з другім чалавекам, апранутым толькі ў туніку, так званую «эксоміс», так скроеную, што правая рука і частка грудзей была голай. Такую адзежу, выгодную пры рабоце, насілі пераважна работнікі. Хілон, акінуўшы вокам незнаёмага, усцешыўся, нідзе бо дагэтуль не спатыкаў такога пляча і грудзей.
— Вось, дабрадзею, — паказвае Кварт, — брат, якога жадаў бачыць.
— Вітанне табе Хрыстовае! — азваўся Хілон. — Скажы ж, Квартуська, гэтаму брату, ці я годзен веры й даверу, ды йдзі сабе з Богам, нельга бо старога бацькі пакідаць самога.
— Гэта святы чалавек, — заручае Кварт, — які аддаў усю сваю маёмасць на выкупленне мяне, незнаёмага, з няволі. Хай Госпад, Збаўца наш, дасць яму заплату вечную.
Асілак-работнік, пачуўшы гэта, схіліўся ды пацалаваў у руку Хілона.
— Як жа завешся, браток? — пытае грэк.
— На хросце святым далі мне, ойча, імя Урбан.
— Браток мой, Урбанка, ці маеш хвілінку часу пагутарыць са мною?
— Работу нашу пачынаем каля поўначы, а цяперака вараць ось нам вячэру.
— Дык часу маеш даволі; пойдзем жа пад рэчку, паслухаеш, што я табе там скажу.
Пайшлі, селі на каменным беразе ў цішы, парушанай толькі далёкім гукам жарон ды булькатаннем рачное хвалі. Там Хілон прыгледзеўся добра жарнамолу, які, паміма грознай барбарскай панурыстасці, выдаваўся яму, аднак, даволі шчырым і рахманым.
Читать дальше