— Колькі ж хочаш?
— Патрэбна мне тысяча сэстэрцыяў, падумай бо, спадару, сам: мушу знайсці сумленных абармотаў, такіх, якія б, узяўшы задатак, не прапалі б з ім разам без вестак. За добрую работу — добрая заплата! Прыдалося б таксама і мне што-небудзь на абмыццё слёз па Глаўку… Перад багамі клянуся, як мне дораг ён! Калі сяння дастану тысячу сэстэрцыяў, за два дні душа яго будзе ў Гадэсе, і там толькі (калі душы наагул маюць памяць і дар мыслі) пазнае, як спагадаў я яму. Людзі знайдуцца хоць бы й сяння, загадаю ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка здымаю ім па сто сэстэрцыяў. Маю таксама адзін помысел, які выдаецца мне беспахібным.
Вініць яшчэ раз прыабяцаў яму жаданую суму, але забараніў далей гаварыць аб Глаўку, а замест таго спытаў, якія больш прыносіць навіны, дзе праз апошні час быў, што бачыў ды што выследзіў. Але Хілон не шмат новага мог яму сказаць. Быў яшчэ ў двух дамох малітвы і зважаў рупна на ўсіх, асабліва на жанчынаў, але не прыкмеціў ніводнай падобнай да Лігіі. Хрысціяне, аднак, быццам уважаюць яго за свайго, а пасля выкуплення Эўрыцыя ганаруюць яго, як наслядоўніка Хрыста. Даведаўся таксама ад іх, што адзін іхні вялікі заканадаўца, нейкі Павал з Тарсу, ёсць у Рыме, у вязніцы, з прычыны жыдоўскага на яго даносу, дык задумаў пазнаёміцца з ім. Але найбольш усцешыла яго іншая вестка, менавіта: найвышэйшы святар цэлае сэкты, вучань і намеснік Хрыстовы, якому Хрыстус паверыў кіравецтва хрысціянства, маецца таксама хутка прыехаць у Рым. Усе хрысціяне, ведама, старацімуцца пабачыць яго ды паслухаць навучання. Маюцца быць вялікія зборышчы, дзе і ён, Хілон, зразумела, будзе прысутны, а нат магчыма ўвесці туды і Вініція. Тады знойдуць Лігію напэўна. А як не будзе Глаўка, не будзе й небяспекі. Помсціцца, пэўна, можа і помсціліся б, але наагул гэта спакойныя людзі.
Тут Хілон пачаў расказваць з пэўным подзівам, што ніколі не бачыў між імі распусты, атручвання студняў і вадаліваў, не даследзіў, каб былі непрыяцелямі роду людскога, каб аддавалі шанаванне аслу ці елі мяса дзяцей. Не, гэтага не бачыў. Пэўне знайдзе між імі й такіх, якія за грошы спратаюць Глаўка, але іхняя навука, наколькі яму вядома, не заахвочвае да ніякага злачынства, наадварот, наказвае дараваць вінаватаму.
Вініць прыгадаў сабе, што казала яму ў Актэ Пампонія Грэцына, і наагул гутаркі Хілона слухаў з радасцяй. Хаця пачуццё яго да Лігіі выглядала бы нянавісць, рабілася яму, аднак, лягчэй, як пачуў, што навука, якую і яна і Пампонія вызнавалі, не была ані злачыннаю, ані плюгаваю. Радзілася, аднак, у ім нейкае пачуцце, што менавіта яна — тая таемная нязнаная чэсць для Хрыстуса — стварыла пропасць між ім і Лігіяй, дык пачаў адначасна і баяцца тае навукі, і ненавідзець яе.
Хілон сапраўды маніўся з свету звесці Глаўка, чалавека хоць ужо ў гадох, але яшчэ цепяткога. У тым, што казаў Вініцію, была крошка праўды. Ведаў ён у сваім часе Глаўка, здрадзіў яго, прадаў разбойнікам, пазбавіў сям’і, маёмасці і выдаў на морд. Згадваў, аднак, пра гэта з лёгкаю душою, бо кінуў яго канаючага не ў гасподзе, але ў полі пад Мінтурнэ, не спадзеючыся таго, што Глаўк выліжацца з ран і прыйдзе ў Рым. Дык сапраўды, спаткаўшы яго ў доме малітвы, спалохаўся і ў першай хвіліне хацеў зрачыся ўсякіх пошукаў Лігіі. Але з другога боку, баяўся шчэ больш Вініція ды Пятронія. Дык хутка на ўспамін аб гэтых магутных патрыцыях паканаў у сабе хіслівасць. Думаў: лепш мець малых ворагаў, як вялікіх, і, хоць труслівая натура ягоная ўздрыгалася перад крывавымі спосабамі, пастанавіў замардаваць Глаўка пры дапамозе трэціх рук.
Цяпер расходзілася толькі пра падбор людзей, аб іх іменна і талкаваў перад хвілінай Вініцію. Начуючы часта ў вінярнях між людзьмі без даху, без сумлення й веры, лёгка мог знайсці спадручнікаў, гатовых на ўсё, але йшчэ лягчэй такіх, каторыя, знюхаўшы ў яго грошы, пачалі б работу ад яго самога або ўзяўшы з яго ўсю суму пагрозаю выдачы вігілам. Дый ад пэўнага часу чуў нейкую ў сабе абрыду да галіты, да плюгавых страхотных тыпаў, якія гняздзіліся ў спелюнках на Субуры ці Затыбры. Мераючы ўсё сваёю меркай дый не ведаючы дастаткова хрысціян, ані іхняе навукі, думаў, што і між імі знойдзе паслухмянае знадоб’е, маючыся выкрывіць у свой бок іхнюю безінтэрасоўную шчырасць.
Вось жа таго самага вечара пайшоў з тою мэтай да Эўрыцыя, які быццам адданы яму быў цэлаю душою і не адкажа ніякае помачы. Будучы, аднак, з натуры асцярожным, ані думаў яму адкрываць сапраўдных сваіх намераў, бо ж працівіліся яны веры й багабойнасці старца. Істыя замыслы свае меўся адкрыць толькі сапраўдным завушнікам і выканаўцам, якія з увагі на сваю бяспечнасць мусіцімуць датрымаць тайніцу.
Читать дальше