І бразнуў каштоўную судзіну на пасыпаную ліловымі кветкамі шафрану падлогу, а калі распырснулася на дробныя драбочкі, мовіў далей, бачачы навокал здзіўленыя вочы: — Весяліцеся, дарагія, заміж дзівіцца. Старасць, нядужасць — гэта сумныя таварышы апошніх гадоў жыцця. Але я вам даю добры прыклад і раду: можна, бачыце, іх не чакаць і, пакуль прыспеюць, адыйсці дабрахотна, як я адыходжу.
— Што ты хочаш рабіць? — адазвалася адразу некалькі галасоў.
— Хачу весяліцца, віно піць, музыкі слухаць, любавацца гэтай вось боскай фігурай, што вобак мяне бачыце, а пасля заснуць з увенчанаю галавою. Я ўжо развітаўся з цэзарам, і ці хочаце паслухаць, што я на развітанне яму напісаў?
Гэта сказаўшы, выцягнуў з-пад пурпуровага ўзгалоўя ліст і пачаў чытаць наступнае: «Ведаю, цэзар, што нецярпліва чакаеш майго прыбыцця, і што тваё вернае сэрца прыяцеля тужыць па мне днямі й начамі. Ведаю, што абсыпаў бы мяне дарункамі, даверыў бы мне прэфектуру прэторыі, а Тыгэліну загадаў бы быць тым, на каго стварылі яго багі: пастухом мулаў у тых тваіх маёмасцях, якія дасталіся табе ў спадчыне па атручаным Даміцыю. Выбачай аднак, бо прысягаю на Гадэса і на цень твае маці, жонкі, брата і Сэнэкі, што прыбыць да цябе не магу. Жыццё ёсць вялікім скарбам, а я з таго скарбу ўмеў выбіраць найбольш вартасныя каштоўнасці, але ў жыцці ёсць таксама рэчы, якіх даўжэй сцярпець немагчыма. Ох, прашу не думаць, што мяне загідзіла тое забойства маткі, жонкі, брата, што спаліў Рым і выслаў да Эрэбу ўсіх сумленных людзей твае дзяржавы. Не, мой праўнуча Хронаса. Смерць ёсць прызначэннем людскога пагалоўя, а ад цябе іншых учынкаў нельга было спадзявацца. Але калечыць сабе вушы праз доўгія яшчэ гады тваім пяяннем, аглядаць твае даміцыянскія тонкія ножкі, шалеючыя ў пырэйскім танцы, слухаць твае музыкі, твае дэкламацыі ды твае паэзіі! — вось што перамагло мае сілы і ўзбудзіла тугу да смерці. Рым затыкае вушы, цябе слухаючы, свет з цябе смяецца, а я даўжэй чырванець за цябе не хачу і не магу.
Выццё хоць бы й цэрбера, мой мілы, да твайго пяяння падобнае, менш будзе мне дакучнае, бо я не быў ніколі ягоным прыяцелем, дый за голас ягоны саромецца не маю абавязку. Бывай здароў, але не спявай; забівай, але не пішы вершаў; атручвай, але не танцуй; падпальвай, толькі не грай на цытры! Таго табе жадае і гэтую апошнюю раду пасылае Арбітр Элеганцыі».
Бяседнікі патрухлелі, ведалі бо, што ўтрата дзяржавы менш сперунавала б Нэрона. Сцямілі таксама, што чалавек, які напісаў гэты ліст, мусіць памерці, а прытым іх саміх абняла дрыгата страху, што такога ліста слухалі.
Але Пятроні разрагатаўся так шчырым і вясёлым смехам, як бы тут пра найнявіннейшы жарт гутарылася; ён перавёў вачыма па прысутных і адазваўся: — Весяліцеся, адкіньце трывогу! Ніхто не патрабуе хваліцца, што гэнае пісьмо чуў, а я пахвалюся ім хіба самому Харону падчас пераправы.
Пасля таго кіўнуў на грэка-лекара і выцягнуў да яго руку. Дазнаны грэк воміг перавязаў яе залатою перапаскаю і падрэзаў жылы на перагібе рукі.
Кроў пырснула на ўзгалоўе і абліла Эўніку, якая, падпёршы голаў Пятронія, нахілілася да яго.
— Мілы, няўжо ты думаў, я цябе пакіну? Хоць бы багі абдарылі мяне несмяротнасцю, а цэзар уладаю над светам, пайшла б за табою!
Пятроні ўсміхнуўся, крыху падняўся, дакрануўся вуснамі да ейных вуснаў і адказаў: — Хадзі за мною!
Пасля дадаў: — Ты сапраўды кахала мяне, боская мая!..
А яна выцягнула лекару сваю ружовую руку, і па хвіліне кроў ейная пачала злівацца й лучыцца з ягонай крывёю.
Даў знак хараводу, і зноў зазвінелі цытры й галасы. Прапяялі «Гэрмадыёса», а пасля загрымела песня Анакрэонта, у якой паэт скардзіцца, што знайшоў раз пад дзвярыма ззябнутае й заплаканае дзіцятка Афрадыты. Забраў яго, абагрэў, высушыў крылейка, а яно, няўдзячнае, пранізала яму ў адплату сэрца стралою, з тае пары не меў супакойства.
А яны, прытуліўшыся, прыгожыя, бы два боствы, слухалі, усміхаючыся й бялеючы. Пятроні пасля гэнай песні загадаў далей разносіць віно і стравы, потым пачаў гутарыць з суседнімі бяседнікамі пра малаважныя рэчы, але мілыя, пра якія звычайна талкавалі на банкетах. Урэшце падазваў грэка, каб падвязаў яму на хвіліну жылы, бо пачаў марыць яго сон, а ён хацеў бы яшчэ аддацца Гіпносу, пакуль Танатос не закалыша яго навекі.
І заснуў. Калі прачнуўся, галава красуні ляжала ўжо, падобная да белае кветкі, на ягоных грудзях. Абапёр яе на ўзгалоўі, каб яшчэ раз палюбавацца. Ды зноў развязалі яму жылы. Спевакі на ягоныя ківомігі запяялі новую песню Анакрэонта, а цытры акампаніявалі ім ціха, так, каб не заглушаць слоў. Пятроні бляднеў штораз больш; калі ж апошнія тоны замоўклі, звярнуўся шчэ раз да бяседнікаў і сказаў: — Прыяцелі! Прызнайце, што разам з намі гіне… І не мог дакончыць; рука ягоная абняла апошнім рухам Эўніку, а галава апала на ўзгалоўе — памёр.
Читать дальше