Пятроні атрымаў пісьмо Вініція ў Кумэ, куды выехаў поспал з іншымі аўгустыянамі, едучымі за цэзарам. Шматгадовая барацьба ягоная з Тыгэлінам набліжалася да канца. Пятроні ведаў, што згіне ў ёй. І разумеў прычыны гэтага. Чым ніжэй з кожным днём цэзар спадаў да ролі камедыянта, блазна і квадрыганта, чым больш граз у хваробнай, плюгавай і грубай распусце, тым больш далікатны эстэтычны арбітр элеганцыі рабіўся яму цяжарам. Калі нат маўчаў, Нэрон бачыў у ягоным маўчанні для сябе прыгану, а калі пахваляў, бачыў крывадушнасць. Статны патрыцый дражніў ягонае самалюбства і разбуджаў зайздрасць. Ягонае багацце й каштоўныя велічавыя творы мастацтва сталіся аб’ектам жады і валадара, і ягонага міністра. Ашчаджалі яго да гэтых пор з увагі на выезд у Ахайю, дзе ягоны густ, ягонае знатоцтва грэцкіх рэчаў маглі прыдацца. Але Тыгэлін пачаў паволі талкаваць цэзару, што Карын перавышае густам і ведай Пятронія ды што лепш за яго патрапіць ладзіць ігрышчы, банкеты й трыумфы. Ад гэнай пары Пятроні быў наканаваны. Не смелі, аднак, прыслаць яму прысуд у Рыме. І цэзар і Тыгэлін прыгадвалі сабе, што гэты нібыта збабелы эстэт, «робячы з ночы дзень», затурбаваны толькі раскошай, мастацтвам і баляваннем, калі быў праконсулам у Бітыніі, а пасля консулам у сталіцы, выказаў годную подзіву працавітасць і энергію. Уважалі яго за здольнага да ўсяго, а ведалі, што ў Рыме мае сімпатыю не толькі ў народзе, але нат у прэторыян. Ніхто з цэзаравых завушнікаў не ўмеў прадбачыць, як ён у даным выпадку паступіць, дык выдавалася рэчай рассуднейшай вывабіць яго з гораду і — дасягнуць на правінцыі.
Дзеля гэнай мэты атрымаў запросіны, каб разам з іншымі аўгустыянамі прыехаў да Кумэ, а ён, хоць прадбачваў подступ, выехаў, можа, таму, каб не аказаць яўнага ўпорства, а можа, каб яшчэ раз паказаць цэзару й аўгустыянам бестурботную і неўстрашымую вясёласць і свабоду ды паканаць апошні раз Тыгэліна.
Тым часам той абвінавачваў яго зараз жа за сяброўства з Сцэвінам, які быў душою згавору Пізона. Пятроніевых людзей, што засталіся ў Рыме, закратавалі, дом абставілі прэторыянскаю вартаю. Але ён, даведаўшыся пра гэта, не выявіў ні трывогі, ні нат маркоты і з усмешкай кажа аўгустыянам, якіх гасціў у собскай багатай вілле ў Кумэ: — Агенабарбус не любіць нечаканых пытанняў, дык пабачыце, як збянтэжыцца, калі спытаю яго: ці гэта ён загадаў закратаваць маю фамілію ў сталіцы?
Пасля запавясціў ім банкет «перад далёкім падарожжам» і якраз рабіў прыгатаванні да таго банкету, як даручылі яму пісьмо ад Вініція.
Пятроні, атрымаўшы яго, крыху задумаўся; па хвіліне, аднак, міна зноў праяснілася, як абыдна, і вечарам таго ж самага дня адпісаў наступнае: «Цешуся з вашага шчасця, і подзіў мяне бярэ, чытаючы пра вашыя сэрцы, carissime, бо я не думаў, каб двое закаханых магло аб кім трэцім і далёкім памятаць. А вы не толькі не забылі пра мяне, але запрашаеце мяне ў Сіцылію, каб падзяліцца са мною вашым хлебам і вашым Хрыстом, які, як пішаш, так шчодра прыспорвае вам шчасця.
Калі так, дык слаўце Яго. Я думаю, дарагі, што Лігію вярнуў табе крыху таксама й Урсус, а крыху й народ рымскі. Калі б цэзар быў іншым чалавекам, дык я думаў бы нат, што спынілі далейшы пераслед з увагі на тваё з ім сваяцтва праз тую ўнучку, якую Тыбэрый аддаў у сваім часе аднаму з Вініціяў. Але, калі думаеш аднак, што гэта Хрыстус — не буду спрачацца з табою.
Так, не шкадуйце Яму ахвяр! Праметэй таксама прысвяціўся для людзей, але, эгэў! Праметэй, кажуць, ёсць толькі выдумкай паэтаў, а пра Хрыста сведчылі мне веры годныя людзі, што бачылі Яго на ўласныя вочы. Я разам з вамі думаю, што гэта найсправядлівейшы з усіх багоў.
Пытанне Паўла з Тарсу памятаю і згаджаюся, што калі б, напрыклад, Агенабарбус жыў паводле навукі Хрыстовай, дык я б, можа, меў час паехаць да вас на Сіцылію. Тагды б у ценю дрэваў над крыніцамі гутарылі б пра ўсіх багоў ды пра ўсе праўды, як калісь дыскутавалі грэцкія філёзафы.
Сяння кароткі табе мушу даць адказ.
Я двух толькі хачу прызнаваць філёзафаў: адзін завецца Пырон, другі Анакрэонт. Рэшту танна табе магу прадаць разам з цэлаю школаю грэцкіх і нашых стоікаў. Праўда жыве недзе так высока, што і самі багі Алімпу не могуць яе дагледзець. Табе, carissime, здаецца, што ваш Алімп яшчэ вышэйшы, і, стоячы на ім, запрашаеш мяне: «Увайдзі, а ўгледзеш тое, чаго не бачыў дагэтуль!» Быць можа. Але я табе, мой мілы, адказваю: «Ног не маю!» І, калі дачытаеш да канца гэтае пісьмо, думаю, прызнаеш мне праўду.
Не, мужу шчаслівы каралевы зарніцы! Вашая навука не для мяне! Мне любіць бітынцаў, што носяць маю лектыку, егіпцян, качагараў у маіх лазнях, Агенабарба і Тыгэліна? На белыя калені Харытак прысягаю табе, хоць бы й хацеў — не патраплю! У Рыме ёсць найменш сто тысяч людзей або з крывымі лапаткамі, або з грубымі каленямі, або з сухімі лыткамі, круглымі вачыма ды не ў меру вялікімі галавамі. Ці загадаеш мне іх таксама любіць? Адкуль я вазьму тую любасць, калі не чую яе ў сэрцы? А калі ваш Бог хоча, каб я іх усіх любіў, дык чаму ўсемагутнасцю сваёю не даў ім кшталтаў прыкладам Ніобідаў, якіх бачыў ты на Палатыне? Хто любіць красу, з тае ж прычыны не можа любіць брыдоты. Іншая рэч — не верыць у нашых багоў, але падабаць іх можна, як падабалі іх Фідыяс, і Праксытэлес, і Мірон, і Скопас, і Лізыяс.
Читать дальше