Каб я й хацеў ісці туды, куды мяне вядзеш, не магу. Ты верыш, як Павал з Тарсу, што некалі з другога боку Стыксу на нейкіх прасторах Элізэйскіх бачыцімеце вашага Хрыста. Добра! Дык няхай Ён Сам тады табе скажа, ці прыняў бы мяне з маімі гэммамі, з маёю вазаю мырэнскаю і з выданнямі ад Созыяў, і з маёю Залатавалосаю. На ўспамін пра гэта смех мяне бярэ, мой дарагі, бо ж нат і сам Павал з Тарсу гаварыў мне, што для Хрыстуса трэ вырачыся ружовых вянкоў, банкетаў і раскошы. Абяцаў мне, праўда, іншае шчасце, але я яму адказаў, што на тое іншае я застары, і што з ружаў заўсёды цешыцімуцца мае вочы, а пах фіялкаў таксама заўсёды мне будзе мілейшым, чым смурод заскарузлага «бліжняга» з Субуры.
Гэта вось прычыны, дзеля якіх вашае шчасце не для мяне. Але ёсць апрача гэтых яшчэ адна, якую схаваў напаследак. Кліча вось мяне Танатос.
Для вас пачынаецца золак жыцця, а для мяне зайшло ўжо сонца, і змрок атуляе мне голаў. Іншымі словамі: я мушу, carissime, памерці.
Не варта пра гэта доўга талкаваць. Мусіла так скончыцца. Ты, які ведаеш Агенабарба, лёгка гэта ўцяміш. Тыгэлін мяне перамог, а дакладней — не! Гэта толькі мае перамогі дабеглі да канца. Я жыў, як хацеў, і памру, як мне даўспадобы.
Не жальцеся вельмі. Ніякі бог не абяцаў мне несмяротнасці, дык не спатыкае мяне неспадзяванка. Прытым памыляешся ты, Вініць, кажучы, што толькі вашае боства дапамагае паміраць спакойна. Не. Наш свет ведаў шчэ перад вамі, што, калі апошняя чара выпіта, пара адыйсці супачыць, і шчэ ўмее рабіць гэта спакойна, пагодна. Платон кажа, што сумленнасць ёсць музыкай, а жыццё мудраца гармоніяй. Калі так, дык памру, як я жыў — сумленна.
Хацеў бы я тваю боскую сужэнку развітаць яшчэ словамі, якімі прывітаў яе калісь у Аўлаў: «Усякім я, найусякшым прыглядаўся народам, але табе роўнае не спаткаў».
Дык, калі душа ёсць нечым большым, чым думае Нэрон, дык мая заляціць да вас па дарозе на край Акеаноса і сядзе пры вашым доме матыльком або, як вераць егіпцяне, сокалам.
Інакш прыбыць не магу.
А тым часам хай вам Сіцылія станецца агародам Гесперыд, хай палявыя, лясныя й крынічныя багінькі сыплюць вам кветкі на вашай дарозе, а па ўсіх акантах у калюмнах вашага дому хай гняздзяцца белыя галубочкі».
Пятроні не памыліўся. У два дні пазней малады Нэрва, заўсёды яму спагадны і адданы, прыслаў на Кумэ свайго вызвольніка з весткамі пра ўсё, што дзеелася пры двары цэзара.
Згуба Пятронія была ўжо вырашана. Назаўтра вечарам маніліся выслаць да яго з загадам цэнтурыёна, каб затрымаўся ў Кумэ і чакаў там далейшых загадаў. Наступны пасланец, высланы некалькі дзён пазней, меўся прынесці яму прысуд смерці.
Пятроні выслухаў даклад вызвольніка без ценю трывогі і сказаў: — Занясеш свайму спадару адну з маіх вазаў, якую ўручу табе перад выхадам. Падзякуй таксама яму ад мяне з цэлай душы, бо пры помачы яго магчыму выперадзіць прысуд.
І аж пачаў смяяцца, як чалавек, пэўны ўдачы свайго помыслу.
Таго ж яшчэ вечара нявольнікі разбегліся запрашаць усіх у Кумэ аўгустыянаў і аўгустыянак на пачэсны банкет да зграбнае віллы арбітра элеганцыі.
А ён сам пісаў папаўднёваю парою ў бібліятэцы, потым выкупаўся, прыбраўся і, статны, прыгожы, моў боства, зайшоў у трыклініюм, каб знатоцкім вокам дапільнаваць прыгатаванні, пасля ў агароды, дзе хлапчаняты й маладыя грэчанкі вілі вянкі з ружаў на вячэру.
На твары ягоным — ані ценю горычы. Служба з таго толькі здагадалася пра незвычайнасць хвіліны, што загадаў даць падарункі тым, з каго быў задаволены, а лёгкія розгі тым, чыя работа не прыпала яму да смаку, або хто спярша яшчэ заслужыў на кару. Цытрыстам і спевакам загадаў шчодра заплаціць загадзя, а ў канцы, сеўшы ў агародзе пад букам, праз лістоту якога прадзіраліся касулі сонца, красячы зямлю яснымі плямамі, заклікаў да сябе Эўніку.
Прыйшла, прыбраная ў бель, з міртаваю галузкай у валасох, чароўная, моў Харыта, а ён пасадзіў яе ля сябе і, даткнуўшыся лягенька пальцамі ейных шчочак, пачаў глядзець на яе з такою любасцю, з якою знаўца аглядае боскую мармуровую постаць геніяльнае разьбы.
— Эўніка, — адазваўся, — ці ведаеш, што ты даўно ўжо перастала быць нявольніцай?
А яна падняла на яго свае спакойныя, блакітныя, бы неба, зрэнкі й пачала запярэчваць рухам галавы.
— Я тваёй нявольніцай заўсёды буду, доміне, — адказала.
— Ну, можа, не ведаеш, — гаварыў далей Пятроні, — што гэтая вілла і тыя нявольнікі, што ўюць вянкі, ды ўсё, што ў ёй знаходзіцца, і поле, і статкі, ад сянняшняга дня — твае.
Читать дальше