Вініць дадаў: — Пашана й слава імені Ягонаму!..
Але больш не мог гаварыць, бо моцнае разжаленне падвярнула яму пад грудзі. Брала ахвота кінуцца на зямлю і дзякаваць Збаўцы за цуд і міласэрнасць.
Дайшлі да дому; служба, упярэджаная праз высланага знарок насустрач нявольніка, высыпала на іхняе спатканне. Павал з Тарсу яшчэ ў Анцыюме навярнуў большую частку гэных людзей. Няшчасце Вініція ведамае было ім добра, дык радасць іхняя пры спатканні ахвяр, вырваных з Нэронавых кіпцюроў, была вялікая, а пабольшылася яшчэ, як лекар Тэоклес па агледзінах Лігіі сцвердзіў, што нідзе не пакалечана і, як міне слабасць пасля вязнічнага тыфусу, будзе здарова.
Апрытамнела яна яшчэ тае ж ночы. Прачнуўшыся ў прыгожым кубікулюме, асветленым карынскімі лямпамі, сярод паху вервены, не ведала, дзе яна ды што з ёй дзеецца. Стаяла ў памяці тая хвіліна, калі прывязвалі яе да рагоў спутанага ланцугамі быка, а цяпер вось, бачачы над сабою аблічча Вініція, асветленае лагодным краскавым святлом, падумала, што хіба яны ўжо не на зямлі. Думкі блыталіся ў ейнай аслабелай галованьцы; здавалася ёй натуральнай рэчай, што па дарозе ў неба затрымаліся недзе з прычыны ейнага ператамлення й слабасці.
Не чуючы, аднак, болю, усміхнулася да Вініція і хацела спытаць, дзе яны, але з ейных вуснаў выйшаў толькі ціхі шэпт, у якім Вініць ледзь мог дачуць сваё імя.
Дык нахіліўся да яе і, палажыўшы лягонька руку на ейным чале, сказаў: — Хрыстус цябе ашчадзіў і вярнуў мне цябе!
Ейныя вусны паварушыліся зноў недачувальным шэптам. Па хвіліне, аднак, павекі прыплюшчыліся, грудзі падняліся лёгкім уздыхам, і запала ў глыбокі сон, якога чакаў лекар Тэоклес і пасля якога абяцаў паварот здароўя.
А Вініць застаўся пры ёй, кленчучы й молячыся. Душа ягоная растаплялася ў так магутным каханні, што забыў сам сябе. Тэоклес уваходзіў некалькі разоў, з-за процілеглае заслоны таксама не аднойчы паказвалася залатавалосая галава Эўнікі, урэшце, журавы, гадаваныя ў агародах, крумканнем звяшчалі пачатак дня, а ён яшчэ думкаю абнімаў стопы Хрыста, не бачачы й не чуючы навокал сябе нічога, з сэрцам, разгарэўшымся ў ахвярную гекатомбу, занураны ў захапленні, як бы ў неба ўзяты ўжо пры жыцці.
Пятроні па вызваленні Лігіі, не хочучы дражніць цэзара, пайшоў з ім, разам з іншымі аўгустыянамі, на Палатын. Хацеў праслухаць, аб чым там гаварыцімуць, а злашча пераканацца, ці Тыгэлін не абдумае чаго новага на згубу красуні. Праўда, і яна і Урсус узяты былі як бы пад апеку народу, і без раздражнення народу ніхто цяпер не мог падняць на яе рукі, аднак Пятроні, ведаючы пра нянавісць, якою гарэў усёўладны прэфект прэторыі, прадбачваў, што праўдападобна той, не могучы дасягнуць яго беспасярэдне, спрабаваціме якім-небудзь спосабам памставаць над ягоным сястрынцом.
Нэрон быў раздражнёны і гнеўны, як цёмная хмара, бо прадстаўленне скончылася зусім інакш, чым ён жадаў. На Пятронія спачатку не хацеў нат і глядзець, але той, не трацячы раўнавагі, падыйшоў да яго з цэлаю свабодаю арбітра элеганцыі і сказаў: — Ці ведаеш, боскі, што мне прыйшло ў голаў? Напішы песню пра красуню, якую воля ўладара свету вызваляе з рог дзікага тура і аддае каханку.
Грэкі маюць чулае сэрца, я пэўны, што такая песня іх ачаруе.
Думка гэная, паміма раздражнёнасці, прыпала да смаку Нэрону, прыпала падвойна: раз — як тэма да песні, а другое — ён жа мог сябе ў ёй выславіць як вялікадушнага ўладара свету, дык паглядзеў на Пятронія й сказаў: — Так, можа й праўду кажаш! Але ці выпадае мне апяваць уласную дабрыню?
— Не патрабуеш згадваць свайго імені. Кожны ў Рыме здагадаецца й так, пра што будзе мова, а з Рыму разыходзяцца весткі на ўвесь свет.
— І ты пэўны, што гэта падабацімецца ў Ахайі?
— На Палукса! — прыцвердзіў Пятроні.
І адыйшоў задаволены: быў цяпер пэўны, што Нэрон, якога ўсё жыццё было нагінаннем рэчаіснасці да літаратурных помыслаў, не захоча папсаваць сабе тэмы, а тым самым звяжа рукі Тыгэліну. Гэта не змяняла, аднак жа, ягонага намеру выпраўлення Вініція з Рыму, як толькі здароўе Лігіі перастане быць перашкодаю. Вось жа, убачыўшы яго наступнага дня, сказаў яму: — Вывязі яе на Сіцылію. Адно здарэнне сведчыць, што з боку цэзара вам, здэцца, нічога не пагражаціме, але Тыгэлін гатовы скарыстаць нат і з атруты, калі не праз нянавісць да вас, дык да мяне.
Вініць усміхнуўся на гэта й адказаў: — Яна была на рагах тура, адыж Хрыстус яе ашчадзіў.
— Дык ахвяруй яму сто валоў, — стаяў пры сваім Пятроні, — але не дамагайся ашчады другі раз… Ці памятаеш, як Эол спаткаў Адысея, калі вярнуўся прасіць яго другі раз памысных вятроў? Боствы не любяць паўтараць адно й тое самае.
Читать дальше