Тады ярасць народу перабрала ўсякую спатыканую ў амфітэатрах меру.
Грамада пачала выць і грымець тупатам. Дамаганні ласкі сталіся папросту грознымі. Народ заступаўся ўжо не толькі за атлета, але станавіўся ў абароне красуні, ваяка ды іхняга кахання. Тысячы глядзельнікаў звярталіся да цэзара з іскрамі гневу ўваччу й заціснутымі кулакамі. А той усё ж такі ацягаўся й хістаўся. Да Вініція не меў, праўду сказаць, нянавісці, і пра смерць Лігіі яму таксама не расходзілася, але жадаў бы бачыць цела дзяўчыны, распоранае рагамі быка або параздзіранае клыкамі паганых звяроў. Ягоная дзікая сярдзітасць, адзічэлая ўява й похаці знаходзілі сабе нейкую раскошу ў падобных відовішчах. А вось народ намагаўся не дапусціць да яе. На ўспамін пра гэта хмара гневу легла на ягоным азызлым твары. Эгаізм не дазваляў яму таксама паддацца волі народу, а адначасна не смеў ёй дзеля прыроднае баязлівасці супрацівіцца.
Дык пачаў цікаваць, ці прынамсі між аўгустыянамі не зацеміць звернутых уніз пальцаў на знак смерці. Але Пятроні трымаў далонь, звернутую ўгару, гледзячы пры гэтым амаль не задорліва яму ў твар. Забабонны, але пачуццёвы Вестын, які баяўся духаў, але не баяўся людзей, даваў знак ласкі. Тое ж самае рабіў сенатар Сцэвін, Нэрва, тое самае Тулій Сэнэцыё, тое самае слаўны ваявода Скапула, Антыст, тое ж самае Пізон і Ветус, і Крыспін, і Мінуцій Тэрмус, і Понцій Тэлесін, і найважнейшы, ганараваны ў народзе, Трэзэй. Бачачы гэта, цэзар адняў шмарагд ад вока з мінаю пагардліваю й абражанаю, а Тыгэлін, якому абавязкова хацелася зрабіць назадор Пятронію, нагнуўся й кажа: — Не саступай, боскі, маем прэторыян.
Тады Нэрон адвярнуўся ў той бок, дзе каманду над прэторыянамі трымаў строгі і адданы яму Субрый Флавій, а ўбачыў рэч непраўдападобную: міна старога трыбуна была грозная, але залітая слязьмі, і руку трымаў паднятаю на знак ласкі. Прымеж таго народныя масы авалодвала закатнасць. Хмара пылу падымалася з-пад барабанячых ног і прысланяла амфітэатр. Спаміж крычачых адзываліся і галасы: «Агенабарбус! Маткабойца! Падпальвач!»
Нэрон збаяўся. Народ быў у цырку волатам усёўладным. Папярэднія цэзары, а злашча Калігула, асмяляліся часамі ламаць волю ягоную, але гэта заўсёды канчалася закалотам, часамі нат крывавым. Адыж сітуацыя Нэрона была іншая. Перш-наперш, як камедыянт і спявак патрабаваў ласкі народу, па-другое — жадаў яго перацягнуць на свой бок супраць сенату і патрыцыяў, а ўрэшце — пасля пажару Рыму намагаўся ўсімі спосабамі перакабаціць яго сабе і звярнуць гнеў ягоны на хрысціян. Сцяміў, што далей супраціўляцца было небяспечна. Розрух, пачаты ў цырку, мог агарнуць цэлы горад і скончыцца непажаданымі наступствамі. Дык зірнуў яшчэ раз на Субрыя Флавія, на цэнтурыёна Сцэвіна, сваяка сенатара, ды радавых і, спатыкаючы ўсюды зморшчаныя бровы, ускіпелыя твары й раз’іскраныя вочы, даў знак ласкі.
Гром воплескаў разлёгся ад гары да нізу. Народ пераканаўся, што смерці не пагражае ўжо асуджэнцам, бо ад гэтае хвіліны пераходзілі яны пад ягоную апеку, і нат цэзар не асмеліўся б іх больш пераследваць сваёю помстаю.
Чатырох бітынцаў несла асцярожна Лігію ў дом Пятронія, а Вініць і Урсус ішлі побач, спяшаючыся, каб найхутчэй аддаць яе ў рукі грэцкага лекара. Ішлі моўчкі, бо пасля нядаўніх перажыванняў не маглі гутарыць. Вініць да гэтай хвіліны быў яшчэ як бы паўпрытомны. Думаў сабе: Лігія адратаваная, не пагражае ёй ужо вязніца, ні смерць у цырку; думаў, што няшчасце іхняе скончана назаўсёды, бярэ вось яе дадому, каб ніколі ўжо не разлучацца. І здавалася яму, што гэта не сапраўднасць, а пачатак нейкага зусім новага жыцця. Час ад часу нагінаўся да адкрытае лектыкі, каб прыглядацца гэнаму каханаму абліччу, якое пры месячным святле выглядала спячым, і паўтараў у думцы: «Гэта яна! Хрыстус ашчадзіў яе!» Прыгадаў сабе таксама, што да сполярыюма, куды абодва з Урсусам аднеслі Лігію, прыйшоў нейкі незнаёмы лекар і запэўніваў яго, што дзяўчына жыве ды будзе жыць. Дык радасць раздзімала яму грудзі, аж часамі слабеў і апіраўся аб плячо Урсуса, не могучы йсці.
Ішлі борзда праз вуліцы свежа забудаваныя, бялеючыя ў месячным святле.
Горад быў пусты. Дзе-нідзе толькі грамадкі людзей, увенчаныя зеленню, пяялі й танцавалі пад флейту перад портыкамі, карыстаючы з чароўнае ночы й святочнае пары, якая трывала ад пачатку ігрышчаў. І толькі перад самым домам Урсус перастаў маліцца і прыцішна адазваўся, як бы баючыся разбудзіць Лігію: — Спадару, гэта Збаўца ўратаваў яе ад смерці. Як я ўгледзеў яе на рагох тура, пачуў у душы голас: «Барані яе!» І быў гэта, бясспрэчна, голас Баранка. Вязніца перажэрла мае сілы, але Ён мне вярнуў на тую хвіліну іх, і Ён натхніў гэны дзікі народ, што ўступіўся за яе. Будзь воля Ягоная!
Читать дальше