— Ці таму, што не хачу слухаць тваіх зняваг?
— Таму, што прыкідваешся безгранічным прыяцелем цэзара, а перад хвілінай пагражаў яму прэторыянамі, зразумелі мы гэта ўсе і ён таксама.
Тыгэлін, які не спадзяваўся, што Пятроні асмеліцца кінуць яму на стол гэткія косці, збялеў, абязглуздзеў і занямеў. Але была гэта апошняя перамога арбітра элеганцыі над праціўнікам, бо ў тым жа моманце Папея адазвалася: — Доміне, як можаш дазволіць, каб нат думка такая прайшла праз чыюсьці галаву, а тым больш, каб хто асмеліўся выказаць яе ўголас у тваёй прысутнасці!
— Спыні рызыканта! — азваўся Вітэлі.
Нэрон зноў падняў губу і, скіраваўшы на Пятронія свае шклястыя вочы блізагляда, сказаў: — Дык так ты адплачваешся мне за любасць, якою я цябе ганараваў?
— Калі няпраўду гавару, дакажы мне гэта, — адказвае Пятроні, — але ведай, што гавару гэта з наказу любові да цябе.
— Пакарай рызыканта! — паўтарае Вітэлі.
— Зрабі гэта! — адзываецца шчэ некалькі галасоў.
У атрыюме зрабілася сумятня і шум, бо людзі пачалі адыходзіць ад Пятронія. Адыйшоў нат Тулій Сэнэцыё, ягоны сталы прыдворны таварыш, і малады Нэрва, які аказваў яму дагэтуль найжывейшую прыязнь. Незабаўна Пятроні сам застаўся з левага боку атрыюма і, разгортваючы са смехам хванды тогі, чакаў, што скажа ці рабіціме цэзар. А цэзар адзываецца: — Дамагаецеся кары, адыж гэта мой прыяцель і таварыш, дык хоць зраніў мне сэрца, хай ведае, што гэнае сэрца для прыяцеляў мае толькі… прабачэнне.
«Прайграў і прапаў!» — падумаў Пятроні.
Цэзар устаў, нарада была скончана.
Пятроні пайшоў, а Нэрон з Тыгэлінам перайшлі да атрыюма Папеі, дзе чакалі на іх людзі, з якімі прэфект нядаўна гутарыў. Было там двух рабінаў з Затыбра, апранутых у доўгія ўрачыстыя шаты, з мітрамі на галавах, малады пісар, іхні памочнік, і Хілон. Убачыўшы цэзара, святары пабялелі і, падняўшы на вышыню пляча рукі, пахілілі галовы аж да рук.
— Авэ, манарх манархаў, кароль каралёў! — адазваўся старэйшы. — Вітай, валадару зямлі, апякуне выбранага народу і цэзар, льве між людзьмі, панаванне якога — гэта сонечная светласць, гэта цэдр лібанскі, свежая крыніца, пальма цяністая, бальзам ерыхонскі!..
— А богам мяне не называеце? — спытаў цэзар.
Святары збялелі яшчэ мацней; старшы зноў адазваўся: — Твае словы, уладару, салодкія, моў вінаграду гронка, моў спелая фіга, бо Егова напоўніў дабрынёю тваё сэрца. Але папярэднік айца твайго, Кай Цэзар, быў звераваты, а аднак пасланцы нашы не называлі яго богам, гатовыя былі хутчэй прыняць смерць, чым абразу Закону.
— І Калігула загадаў іх кідаць львом?
— Не, уладару. Кай Цэзар засцярогся гневу Еговы.
І паднялі галовы, бо імя магутнага Еговы дадало ім адвагі. Веручы ў моц ягоную, смялей глядзелі ў вочы Нэрону.
— Абвінавачваеце хрысціян, што спалілі Рым? — спытаў цэзар.
— Мы, доміне, абвінавачваем іх толькі за тое, што яны ворагі Закону, ворагі чалавечага роду, ворагі Рыму й твае, яны даўно пагражалі гораду і свету агнём. Астатняе даскажа табе гэты вось чалавек, вусны якога не знячышчаны лгарствам, бо ў жылах маткі ягонай плыве кроў выбранага народу.
Нэрон звярнуўся да Хілона: — Хто ж ты такі?
— Абажацель цябе, Озырысе, а пры тым убогі стоік… — Ненавіджу стоікаў, — кажа Нэрон, — ненавіджу Трэзэя, ненавіджу Мусонія і Корнута. Гідзіць мяне іхняя мова, іхняя пагарда мастацтва, іх самахотная абнегацыя жыцця ды няхлюйства.
— Доміне, твой настаўнік Сэнэка мае тысячу сталоў цыпрысавых. Загадай мне, а буду мець удвая больш. Я стоік з патрэбы. Прыбяры, о светазарны, мой стоіцызм у ружовы вянок і пастаў перад ім збанок віна, а пяяціме Анакрэонта так, што заглушыць усіх эпікурэйцаў.
Нэрон, якому прыпаў да смаку эпітэт «светазарны», ухмыльнуўся й кажа: — Падабаешся мне!
— Гэны чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, — зацеміў Тыгэлін.
А Хілон адказвае: — Дапоўніш, спадару, маю вагу тваёю шчодрасцю, бо інакш вецер панясе заплату.
— Іставетна, не пераважыў бы нат і Вітэлія, — дадаў цэзар.
— Эгэў, срэбнавясёлкавы, мой досціп ня ёсць валавяны.
— Бачу, твой Закон не забараняе табе зваць мяне богам?
— О, несмяротны! Мой закон — гэта ты. Хрысціяне блюзнілі супраць яго, і таму я іх зненавідзеў.
— Што ж табе ведама пра хрысціян?
— Ці дазволіш мне плакаць, боскі?
— Не, — кажа Нэрон, — гэта нудзіць мяне.
— Утрайне праўду кажаш, бо тыя вочы, што цябе бачылі, павінны раз назаўсёды высахнуць ад слёз. Барані мяне, спадару, ад маіх непрыяцеляў!
Читать дальше