Цэлая шчодрасць і спамога, якую цэзар аказаў людзям, не паўстрымала наракання і абурэння. Задаволены быў толькі натаўп басякоў, зладзеяў і бяздомнае галіты, які мог удосталь есці, піць і рабаваць. А людзі, якія страцілі найбліжэйшыя істоты, маёмасць, не далі сябе аблашчыць ні адкрыццём паркаў, ні збыткам збожжа, ні абяцанкамі гульняў ды дарункаў. Няшчасце было надта вялікае, нечуванае. Іншых, у каго тлілася яшчэ якая іскра прывязанасці да горада-бацькаўшчыны, даводзіла да роспачы вестка, што старая назова Рома загіне, што цэзар новаадбудаваны горад маніцца назваць Нэропаліс.
Хваля незадавальнення расла з кожным днём і, міма падхлебніцтва аўгустыянаў, міма лгарства Тыгэліна, Нэрон, чулы, як ніхто з папярэднікаў-цэзараў, на ласку натоўпу, з трывогаю думаў, што ў глухім змаганні на смерць і жыццё, якое вёў з патрыцыятам і сенатам, можа страціць падпору. Самі аўгустыяне не менш трывожыліся, бо кожны заўтрашні дзень мог ім прынесці загубу. Тыгэлін маніўся адклікаць некалькі легіяў з Малое Азіі; Ватыній, які рагатаў нат тады, калі білі яго па пысе, згубіў цяпер зусім гумар; Вітэлі згубіў апетыт.
Іншыя талкавалі між сабою, як адвярнуць небяспеку, для нікога бо не было таямніцай, што калі б які закалот зрабіў канец цэзару, дык за выключэннем аднаго мо Пятронія аніводзін з аўгустыянаў не застаўся б жывы. Бо яны накручвалі цэзара на ўсе шалёныя ліхадзействы, якія тварыў. Нянавісць супраць іх была, бадай, мацнейшай, чым супраць цэзара.
Дык пачалі круціць мазгамі, як бы скінуць з сябе адказнасць за падпал гораду. Але, каб скінуць яе з сябе, трэ скінуць яе і з цэзара, інакш бо ніхто не паверыць, што бяду не яны спрычынілі. Тыгэлін раіўся ў гэтай справе з Даміцыем Афрам, а нат і з Сэнэкай, хоць яго ненавідзеў.
Папея, разумеючы таксама, што згуба Нэрона спрычыніла б і ёй канец, пытала рады ў сваіх павернікаў і гебрайскіх святароў, бо праўдападобна вызнавала веру Еговы. Нэрон вымысляў свае спосабы, часта страшныя, часцей блазноцкія, і то дрыжаў ад страху, то блазнаваў па-дзіцячаму, а перад усім наракаў.
Раз нейк у ацалеўшым ад пажару доме Тыбэрыя адбывалася доўгая й бясплённая нарада. Пятроні быў тае думкі, каб, кінуўшы турботы, ехаць у Грэцыю, пасля ў Егіпет і Малую Азію. Тым болей, што аб гэным падарожжы было вырашана даўно, дык нашто яго адкладаць тады, як у Рыме і маркотна, і небяспечна.
Цэзар прыняў раду энтузіястычна, але Сэнэка падумаў хвіліну і сказаў: — Паехаць лёгка, але вярнуцца цяжэй.
— На Геракла! — адказаў Пятроні. — Вярнуцца можна на чале азіяцкіх легіяў.
— Так і зраблю, — адазваўся Нэрон.
Але пачаў гэтаму супраціўляцца Тыгэлін. Сам не ўмеў нічога мудрэйшага прыдумаць і, каб яму прыйшоў у голаў Пятроніеў помысел, агалосіў бы яго бессумніўна як збавіцельны, расходзілася аднак яму пра тое, каб зноў Пятроні не аказаўся адзіным чалавекам, які ў цяжкіх момантах патрапіць усё і ўсіх усцерагчы.
— Паслухай, боскі, мяне! — кажа. — Гэта рада пагубная! Пакуль даедзеш да Остыі, пачнецца хатняя вайна. Хто ведае, ці каму з жывых — хай сабе і пабочных — нашчадкаў боскага Аўгуста не заманецца агалосіць сябе цэзарам, а тады што рабіцімем, як легіі стануць па ягоным баку?
— Пастараемся загадзя, — адказвае Нэрон, — каб не было каму на трон цэзара спакушацца. Няшмат іх ужо засталося, дык забяспечыцца ад іх лёгка.
— Зрабіць гэта можна, але ж ці толькі пра іх расходзіцца? Мае людзі не далей, як учора, падслухалі жаданні натоўпу, што цэзарам павінен быць такі муж, як Трэзэй.
Нэрон прыкусіў вусны. Цераз момант, аднак, падняў вочы ўгару і адазваўся: — Ненасытныя ды няўдзячныя. Маюць жа даволі збожжа і жару, на якім могуць бонды пячы, чаго ж ім хочацца больш?
На гэта Тыгэлін кажа: — Помсты!
Настала цішыня. Нараз цэзар устае, падымае руку ўгару і пачынае дэкламаваць: Сэрцы помсты клічуць, а помста — ахвяры… Дый, забыўшы пра ўсё, кажа з распагоджаным абліччам: — Дайце мне таблічку й стыль, мушу гэны верш запісаць. Люкану ніколі такі не прыйшоў на думку. Ці адцемілі вы тое, што паўстаў ён воміг?
— О, незраўняны! — адазвалася некалькі галасоў.
Нэрон запісаў верш і кажа: — Так, помста дамагаецца ахвяры.
І вадзіў вачыма па прысутных.
— Ну, а каб распусціць вестку, што гэта Ватыні падпаліў горад, і выставіць яго на гнеў народу?
— О, боскі! Хто ж я такі? — адазваўся Ватыні.
— Праўда, трэ каго-небудзь большага за цябе… Вітэлія?..
Вітэлі збялеў, але пачаў рагатаць.
— Маё сала, — адказвае, — магло б нанава разняціць пажар.
Читать дальше