Па хвіліне прыйшлі. Была гэта хутчэй пячура, не хата, выдзеўбленая ў заломе скалы, залепленая звонку глінянаю сцяною. Дзверы былі зачынены, але праз атворышча замест акна відаць было асвечанае вогнішчам нутро.
Нейкая цёмная вялігурная постаць устала на спатканне ім і спытала: — Хто вы?
— Слугі Хрыстовыя, — адказаў Пётр. — Pax табе.
Урсус схіліўся да ног Апостала, пасля, пазнаўшы Вініція, хапіў ля косткі ягоную руку і пацалаваў.
— І ты, спадару? — адазваўся. — Багаслаўлёна імя Збаўцы за радасць, якою пацешыш Каліну.
Гэта сказаўшы, адчыніў дзверы, і ўвайшлі. На пучку саломы ляжаў хворы, жоўты, бы слановая косць, Лінус. Ля вогнішча сядзела Лігія, трымаючы ў руках вязку нанізаных на шнурок, прызначаных, мабыць, на вячэру, рыбак.
Заклапочаная здыманнем з шнурка рыбаў і думаючы, што ўваходзіць Урсус, не кранулася з мейсца. Але Вініць падыйшоў і, вымавіўшы ейнае імя, працягнуў да яе рукі. Воміг паднялася на ногі, маланка здзіўлення й радасці зайграла на ейным твары, і без слова, бы дзіцянё, знайшоўшае пасля трывогі бацьку ці маці, кінулася да яго.
А ён абняў яе і прытуліў да грудзей з такою ж самаю радасцю, як бы цудоўна ўратаваную. Пасля ўзяў у далоні ейны твар, цалаваў чало, вочы ды зноў абняў яе, паўтараючы ейнае імя, нахіляўся да каленяў, да рук ейных, вітаў яе, песціў вачыма. Радасці ягонай папросту не было межаў, так як ягонаму каханню й шчасцю.
Урэшце пачаў ёй расказваць, як прыляцеў з Анцыюма, як шукаў яе ў горадзе ў хмарах дыму ў доме Ліна, колькі намаркоціўся й натрывожыўся, колькі нацярпеўся, пакуль не паказаў Апостал яму ейнага прытулішча.
— Ну, але цяпер, — казаў, — як знайшоў я цябе, не пакіну ў гэтым агні й расшалелым натаўпе. Людзі тут б’юцца, мардуюцца, абураюцца, нявольнікі займаюцца рабаўніцтвам. Бог адзін ведае, што спаткаць можа Рым.
Але выратую цябе і вас усіх. О мілая мая!.. Ці хочаце ехаць са мною да Анцыюма? Там сядзем на мараплаў ды паплывем на Сіцылію. Мая зямля — гэта вашая зямля, мае дамы — гэта вашыя дамы. Слухай! У Сіцыліі знойдзем Аўлаў, аддам цябе Пампоніі і вазьму пасля з ейных рук. Адыж ты, о carissima, не баішся ўжо мяне больш? Яшчэ не абмыў мяне хрост, але запытай вось Пятра, ці я нядаўна, ідучы да цябе, не казаў, што хачу быць праўдзівым вызнаўцам Хрыстовым, ды ці не прасіў яго, каб ахрысціў мяне хоць бы і ў гэтай хаце фосара? Вер мне, і верце мне ўсе.
Лігія слухала гэных слоў з сонечным воблікам. Усе тутака з прычыны пераследу з боку жыдоў, з прычыны пажару і закалотаў, выкліканых злыбядою, сапраўды ў заўсёднай трывозе й няпэўнасці. Выезд у спакойную Сіцылію палажыў бы канец трывозе і адначасна адкрыў бы новую пару шчасця ў іхнім жыцці. Каб Вініць пры гэтым маніўся забраць самую толькі Лігію, напэўна, супрацівілася б спакусе, не хочучы пакідаць Апостала Пятра і Ліна, але Вініць жа казаў ім: «Едзьце са мною! Мая зямля — гэта вашая зямля, дамы мае — гэта вашыя дамы!»
Дык, пахіліўшыся да ягоных рук з намерам цалунку ў знак паслухмянасці, кажа: — Твой хатні агмень ёсць і маім.
Засаромелая гэных сваіх слоў, якія паводле рымскага звычаю вымаўлялі толькі сужэнкі пры вянчанні, зарумянілася небарака і стаяла ў бляску агню з апушчанай галованькай, няпэўная, ці не дакарацімуць ёй за гэта. Але ўваччу Вініція малявалася толькі пашана. Звярнуўся пасля да Пятра і пачаў зноў гаварыць: — Рым гарыць па загаду цэзара. Яшчэ ў Анцыюме ён наракаў, што не бачыў ніколі вялікага пажару. Але, калі адважыўся на такое ліхадзейства, падумайце, што яшчэ можа стацца. Хто ведае, ці, сабраўшы войска, не загадае вымардаваць жыхароў? Хто ведае, якія пакажуцца праскрыпцыі загаду? Хто ведае, ці па няшчасці пажару не прыйдзе бяда хатняе вайны, разбойства й голаду? Дык хавайцеся і хавайма Лігію. Там перачакаеце буру спакойна і зноў вернецеся сеяць вашае зерне.
Звонку ад боку Аger Vaticanus, казаў бы для прыпячатання Вініціевых слоў, адазваліся нейкія далёкія крыкі, заядлыя, жахлівыя. У тым жа моманце ўвайшоў у хату гаспадар і, зачыніўшы прытка дзверы, адазваўся: — Ля цырку Нэрона людзі мардуюцца. Нявольнікі й гладыятары кінуліся на грамадзян.
— Чуеце? — кажа Вініць.
— Дапаўняецца мера, — тлумачыць Апостал, — і будуць беды, бы безбярэжнае мора.
Пасля звярнуўся да Вініція і, паказваючы Лігію, сказаў: — Вазьмі гэтае дзяўчо, што Бог табе прызначыў, і ўсцеражы яе, а хворы Лін і Урсус хай таксама едуць з вамі.
Але Вініць, які палюбіў Апостала ўсёю сілаю свае гарачае душы, кажа: — Прысягаю перад табою, вучыцелю, што не пакіну цябе тут на згубу.
Читать дальше