Хоць я належаў да аўгустыянаў, ды ўсё ж быў чалавекам больш вольным, чым ім там здаецца, — тут плячыма зрабіў характарыстычны знак з’умлення. — Ім там здаецца мо, што мне ў гэнай хвіліне дрыжаць калені і страх падымае валасы на галаве, а я, вярнуўшыся дадому, выкупаюся вось у фіялкавай вадзе, пасля залатавалосая мая сама мяне намасціць, і па снеданні загадаем сабе пяяць да Апалона гімн Антэміёса. Я ж сам калісь казаў: пра смерць не варта думаць, бо яна і без нашае помачы пра нас думае. Было б, аднак, рэчай годнай подзіву, калі б сапраўды існавалі нейкія прасторы Елісейскія, а ў іх — цені. Эўніка прыйшла б пасля да мяне, і хадзілі б разам па лугох-далінах, уквечаных асфодэлем. Знайшоў бы сабе там таварыства лепшае, чым тут… Што за блазны! Што за балваны, што за зброд плюгавы без густу й палітуры! Дзесяцёх арбітраў элеганцыі не перарабіла б гэных Трымальхіёнаў на прыстойных людзей. На Пэрсэфону! Збрыдзелі яны ўжо мне!
І скеміў, здзіўлены, што нешта падзяляла яго з тымі людзьмі. Ведаў іх добра і ведаў перад тым, што пра іх думаць, а аднак выдаваліся яму цяпер нейкімі далейшымі, больш вартымі пагарды, сапраўды, меў іх ужо ўдосталь.
Пачаў задумоўвацца над сітуацыяй. Дзякуючы сваёй праніклівасці зразумеў, што загуба не пагражае яму цяпер. Нэрон скарыстаўся ж з адпаведнае нагоды, каб выказаць колькі гладкіх слоў аб прыязні, аб прабачэнні і, казаў бы, звязаўся імі. Цяпер шукаціме прэтэкстаў, а пакуль іх знойдзе, можа прайсці шмат часу. «Перадусім зладзіць ігрышча з хрысціян, — казаў сабе Пятроні, — пасля толькі падумае пра мяне, а калі так, дык не варта гэным галавы марочыць, ані змяняць спосабу жыцця. Бліжэйшая небяспека пагражае Вініцію!»
І ад гэнай хвіліны пачаў думаць толькі пра Вініція, якога вырашыў ратаваць.
Нявольнікі неслі прытка лектыку праз румовішчы і лес комінаў, якімі былі шчэ перапоўнены Карыны, але ён загадаў ім бегчы бягом, каб чым хутчэй быць дома. Вініць, «інсуля» якога згарэла, кватараваўся ў яго і, на шчасце, быў дома.
— Бачыў сяння Лігію? — спытаў амаль не на парозе Пятроні.
— Толькі ад яе.
— Слухай, што табе скажу, і не траць часу на пытанні. Сяння ў цэзара вырашана злажыць віну за падпал Рыму на хрысціян. Пагражае ім пераслед і пакуты.
Посціг можа распачацца надта хутка. Бяры Лігію і ўцякай зараз, хоць бы за Альпы або ў Афрыку. І спяшайся, з Палатыну бо бліжэй на Затыбра, чым адсюль!
Вініць іставетна быў не абы-якім ваяком і не траціў часу на лішнія пытанні. Слухаў, насупіўшы бровы, уважны, грозны, але без жаху. Відаць, першым парывам, які будзіўся ў гэнай натуры на вестку небяспекі, была ахвота барацьбы і абароны.
— Іду, — кажа.
— Яшчэ слоўца: вазьмі капшук з золатам, вазьмі зброю і жменю сваіх людзей хрысціян! Магчыма, будзе патрэба адбіваць яе сіламоц!
Вініць быў ужо ў дзвярах атрыюма.
— Дашлі мне вестку праз нявольніка, — кінуў яму ўдагон Пятроні.
І, застаўшыся сам-насам, пачаў шпацыраваць уздоўж калюмнаў па атрыюме, разважаючы пра тое, што станецца. Ведаў, што Лігія й Лінус вярнуліся пасля пажару на даўнейшае памяшканне, якое разам з большаю часткай Затыбра ацалела, і гэта была абставіна непамысная, бо інакш нялёгка іх было б знайсці сярод масаў. Спадзяваўся аднак, што і так на Палатыне не ведае ніхто, дзе жывуць, дык Вініць павінен выперадзіць туды прэторыянаў. Прыйшло яму таксама на думку, што Тыгэлін, манючыся вылавіць за адным замахам як найбольшую колькасць хрысціян, мусіціме расцягнуць павуціну па цэлым Рыме, гэта значыць, падзяліць прэторыянаў на малыя аддзелы. Калі пашлюць па яе — думае — не болей чым дзесяцёх чалавек, дык сам вялігур лігійскі паломіць ім косці, а што ж будзе, калі на дапамогу прыспяшыць Вініць! Па гэных думках прыйшла льга. Праўда, паставіцца збройна супраць прэторыян — гэта тое самае, што і супраць цэзара.
Пятроні таксама ведаў, што калі Вініць уцячэ ад помсты Нэрона, дык помста тая зваліцца можа на яго, але ён не зважаў на тое. А нат думка паблытання планаў цэзару й Тыгэліну развесяляла яго. Вырашыў не шкадаваць на гэта ні грошай, ні людзей, а на сваіх людзей цяпер мог больш спадзявацца, бо Павал з Тарсу навярнуў яму ў Анцыюме большую частку ягоных нявольнікаў.
Увайшоўшая Эўніка перарвала яму думкі. Усе турботы ўцяклі бясследна, як убачыў яе. Забыўся пра цэзара, пра няласку, якая вісела над ім, пра знікчамнелых аўгустыянаў, пра посціг на хрысціянаў, пра Вініція і Лігію, а любаваўся толькі ёю вокам эстэты, раскаханым у чароўнай упойваючай любоўю стройнасці.
Читать дальше