— Хочаш быць стоікам пры поўнай місцы! — кажа Нэрон.
— Хто табе прыслужваецца, тым самым яе напаўняе.
— Праўду кажаш, філёзафе.
Але Папея не выпускала з памяці сваіх ворагаў. Гарачка яе да Вініція была, праўду кажучы, кароткім капрызам похаці, якая загарэлася з прычыны зайздрасці, гневу і зраненага самалюбства. Аднак абыякавасць маладога патрыцыя закранула яе глыбока і сэрца напоўніла мсцівасцю. Як так смеў, бач, іншую паставіць вышэй за яе! Лігію зненавідзела ад першай хвіліны, калі ўбачыла красу гэнай паўночнай лілеі. Пятроні мог цэзару гаварыць колькі заўгодна пра «вузкі стан», але не ёй, аўгусце. Дазнаная Папея з першага погляду сцяміла, што ў цэлым Рыме адна толькі Лігія можа з ейнаю красою канкураваць, а нават перамагчы. І ад тае пары прысягнула згубіць яе.
— Доміне, — налягае, — памсціся за наша дзіця!
— Спяшайцеся! — акцэнтуе Хілон. — Не марудзьце! Бо Вініць схавае яе.
Я пакажу дом, куды яны зноў вярнуліся пасля пажару.
— Дам табе дзесяцёх чалавек ды йдзі цяпер, — гавора Тыгэлін.
— Спадару, ты не бачыў Кратона ў руках Урсуса. Калі дасі пяцідзесяцёх, пакажу дом толькі здалёк. Але калі не закратуеце Вініція, дык я прапаў.
Тыгэлін глянуў на Нэрона.
— Ці не было б добра, о боскі, расквітацца адразу з дзядзькам і сястрынцам?..
Нэрон падумаў крыху і вырашыў: — Не! Не цяпер!.. Народ не паверыў бы ўталкоўванню, што Пятроні, Вініць або Пампонія Грэцына падпалілі Рым. Занадта прыгожыя мелі дамы… Сяння трэба іншых ахвяр, а тыя пойдуць пазней.
— Дык дай мне, спадару, ваякоў дзеля аховы, — дамагаецца Хілон.
— Тыгэлін падумае пра гэта.
— Жыцімеш тым часам у мяне, — супакойваў прэфект.
Радасць залунала з аблічча Хілона.
— Выдам усіх! Толькі не марудзьце! Спяшайцеся! — пад’юджваў ахрыплым голасам Хілон.
Пятроні, выйшаўшы ад цэзара, загадаў несціся да свайго дому на Карыны, які з трох бакоў акружаны быў садамі, а перад фронтам меў малы форум Цэцыліяў і дзякуючы таму ацалеў ад пажару.
З тае прычыны іншыя аўгустыяне, якіх дамы пагарэлі поспал з багаццем і каштоўнымі творамі мастацтва, называлі Пятронія шчаслівым. Дый даўно ўжо пра яго казалі, што ёсць ён першародным сынам Фартуны, а штораз жывейшая прыязнь, якою ў апошніх часах абдараў яго цэзар, казаў бы, пацвярджала гэта.
Але той першародны сын Фартуны разважаў цяпер хіба над несувернасцю тае маткі, а дакладней — над падобнасцю яе да Хронаса, пажыраючага собскія дзеці.
— Каб мой дом быў згарэў, а з ім разам мае гэммы, маё этрускае мастацкае суддзё й александрыйскае шкло, медзь карынская, дык мо Нэрон сапраўды забыў бы абразу. На Палукса! І падумаць анно, гэта ж ад мяне толькі залежала, каб у гэнай хвіліне быць прэфектам прэторыянаў. Агалосіў бы тады Тыгэліна за падпальшчыка, бо ж ім і ёсць, убраў бы ў «крывавую туніку», выдаў бы народу, усцярог бы хрысціян, адбудаваў бы Рым. Хто ведае нат, ці доля сумленных людзей не паправілася б. Я павінен быў гэта зрабіць, хоць бы з увагі на Вініція. Пры вялікай навале працы адступіў бы яму ўрадаванне прэфекта — і Нэрон не спрабаваў бы супраціўляцца… Хай бы сабе Вініць хрысціў пасля ўсіх прэторыянаў і самога нат цэзара, што гэта мне б шкодзіла! Пабожны Нэрон!
Нэрон сумленны й міласэрны — пацешнае нат прадстаўляў бы відовішча.
Бестурботнасць Пятронія была так вялікай, што аж пачаў усміхацца. Але праз момант думка ягоная звярнулася ў іншы бок. Здавалася яму, што ён у Анцыюме і што Павал з Тарсу гавора яму: «Называеце нас ворагамі жыцця, але скажы мне, Пятроні, калі б цэзар быў хрысціянінам і паступаў паводле нашай навукі, ці жыццё ваша не было б больш пэўным ды больш бяспечным?»
І, прыгадаўшы гэныя словы, гаварыў сабе далей: — На Кастара! Колькі хрысціян тут замардуюць, столькі Павал знойдзе новых, бо калі свет не можа стаяць на злыднях, дык ягоная праўда… Але хто ведае, ці не мог бы стаяць, калі стаіць. Я сам, хоць шмат чаго навучыўся, не навучыўся, як быць даволі вялікім латругай, і дзеля таго прыйдзецца жылы сабе падрэзаць… Адыж на гэтым і так і гэтак мусіла б скончыцца, а калі б нат не скончылася так, дык скончылася б інакш. Шкада мне Эўнікі ды мае мырэнскае вазы, але Эўніка ёсць вольнай, а ваза пойдзе са мною. Агенабарбус не атрымае яе ні за што! Шкада мне таксама Вініція. А ўрэшце, хоць менш у апошніх часах было нудна, чым даўней — я гатовы. На свеце шмат ёсць рэчаў прыгожых, ды людзі па большай частцы так плюгавыя, што жыцця не варта шкадаваць. Хто ўмеў жыць, той павінен умець паміраць.
Читать дальше