Тым больш спяшаўся да Острыянума. Знойдзе Лігію, знойдзе Ліна, Пятра і забярэ іх куды-небудзь далей, у свае аседласці, хоць бы і ў Сіцылію. Рым гарыць, за некалькі дзён будзе знішчаны, дык нашто тут заставацца на злыбяду, на буянства разбойнікаў? Там заслоняць іх шэрагі карных нявольнікаў, утуліць цішыня вёскі, і будуць спакойна жыць пад крыламі Хрыста і багаслаўленнем Пятра. Каб анно іх знайсці.
А гэта не было лёгка. Вініць памятаў нядаўнія свае перыпетыі між віяАпія й Затыбрам, як мусіў кружыняць, каб даехаць да Партовае дарогі, дык вырашыў цяпер абыйсці горад з процілеглага боку. Ідучы Трыумфальнаю дарогаю, льго было дабрацца ўздоўж ракі аж да мосту Эмілія, адтуль, мінаючы Пінцыюс, уздоўж Марсавага поля, праз агароды Пампея, Лікула і Салюстыя на вія-Намэнтана. Была гэна найкарацейшая дарога, але і Макрын, і Хілон не раілі ёю пускацца. Агонь, праўда, не ахапіў дагэтуль тае часткі гораду, але ўсе рынкі й вуліцы маглі быць загрувашчаны людзьмі ды рэчамі.
Хілон раіў падацца праз Ager Vaticanus [62] Ватыканскае поле (лац.).
аж да Порта-Фламіна, там перайсці раку і, цярэспал вонкавых гарадскіх муроў, за агародамі Ацылія да ПортаСалярыя. Вініць, надумаўшыся, згадзіўся з гэнай радай.
Макрын мусіў застацца на старожы дому, але выстараўся два мулы, якія маглі быць прыдатнымі і для далейшага падарожжа Лігіі. Хацеў таксама дадаць і нявольніка, але Вініць не ўзяў, спадзеючыся зноў напаткаць аддзел прэторыянаў, як напярэдадні.
І цераз хвіліну ўдвух з Хілонам рушылі праз Янікульскую вёску да Трыумфальнай дарогі. На прагалінах былі і тут табарышчы пагарэльцаў, але праціскаліся праз іх з меншымі цяжкасцямі, большая бо частка жыхароў уцякала да мора Партоваю дарогаю. За Сэптыміянскай брамай ехалі між ракою і стройнымі агародамі Даміцыі, магутныя цыпрысы якіх чырванеліся ад пажару, бы ад вячэрняе зары. Дарога рабілася свабаднейшай, часамі толькі прыходзілася прапіхвацца праз натаўпы наплываючага сялянства. Вініць як мага паганяў мула, а Хілон, едучы тут жа за ім, праз цэлую дарогу баруздзіў сабе пад нос: — Ну, пажар ужо застаўся ззаду і цяпер грэе ў плечы. Ніколі на гэнай дарозе не было шчэ так відно ўначы. О, Зэўсе! Калі не спусціш залевы на гэты пажар, дык, значыцца, не любіш Рыму. Моц людская агню гэтага не адужае. Такі горад! Служыла яму Грэцыя дый цэлы свет! А цяпер вось першы-лепшы грэк магчыме пражыць свой боб у ягоных папялішчах! І хто б гэтага спадзяваўся!.. Не будзе ўжо Рыму, ні рымскіх паноў… А хто хацеціме валындацца на пажарышчы, рабіціме гэта смела, пасвістваючы. О, богі!
Свістаць над такім светаўладным горадам! Хто з грэкаў або нат і барбараў мог таго спадзявацца?.. А аднак можна свістаць, бо куча попелу — ці застанецца па вогнішчы пастухоў, ці па згарэлым горадзе — ёсць толькі кучаю попелу, якую раней ці пазней развее вецер.
Так разважаючы, сюд-тут адварочваўся да пажару і ўзіраўся на хвалі агню з мінаю адначасна злою і радаснаю. Пасля талкаваў сабе далей: — Гіне! Гіне! І не будзе яго ўжо болей на зямлі. Куды цяпер свет высылаціме сваё збожжа, сваю аліву, свае грошы? Хто яму выціскаціме золата і слёзы? Мармур не гарыць, але крушэе ў вагні. Капітоль пойдзе ўдрызг, Палатын — удрызг!
О, Зэўсе! Рым быў як пастыр, а іншыя народы — як авечкі. Калі пастыр быў галодны, зарэзваў адну з авечак, з’ядаў мяса, а табе, ойча багоў, ахвяроўваў скуру.
Хмараўладны! Хто цяпер будзе рэзаць авечак, і ў чые рукі ўложыш пастырскую пугу? Бо Рым гарыць, ойча, так грунтоўна, як бы ты сам яго запаліў пяруном.
— Хутчэй! — прыспешваў Вініць. — Што там баруздзіш?
— Плачу над Рымам, спадару, — адказвае Хілон. — Такі горад Ёвіша!
Праз нейкі час ехалі моўчкі, услухоўваючыся ў гук пажогі ды ў шум птушыных крылаў. Галубы, якіх плоймы гняздзіліся пры віллах і мястэчках Кампаньі, дый усякага роду палявое птаства з-над мора і з гор навакольных навослеп ляцела статкамі на бляск у вагонь.
Вініць першы адазваўся: — Дзе ты быў тады, як пачаўся пажар?
— Ішоў да майго сябра Эўрыцыя, спадару, які трымаў краму пры Вялікім Цырку, і разважаў якраз пра навуку Хрыста, ажно чую раптам крык: «Агонь!» Людзі збегліся да цырку — адны ратаваць, другія цікаваць, але як полымя ахапіла цэлы цырк ды пачало адначасна паказвацца і ў іншых пунктах, трэ было думаць і пра ўласны ратунак.
— Ці бачыў ты людзей, кідаючых у дамы агонь?
— Чаго я не бачыў, унуку Энэя! Бачыў людзей, прачышчаючых сабе дарогу шаблямі; бачыў бітвы і растоптаныя людскія бэбахі [63] Вантробы (дыялектн.).
на бруку. Ах, спадару, каб ты гэта бачыў, сказаў бы: барбары здабылі горад і паднялі разню.
Читать дальше