— Слава Яму! — адазваўся цэлы хор галасоў.
— Лінус?.. — пачаў Вініць.
І не мог дакончыць пытання ды дачакаць адказу, ад перачулення ды знямогі абамлеў. Апрытомнеў аж на полі Кадэтанскім, у садзе, абступлены некалькімі жанчынамі і мужчынамі, і першыя словы, якія ледзь вымавіў, былі: — Дзе Лін?
Праз момант не было адказу, пасля нейкі знаёмы Вініцію голас кажа: — За Намэнтанскаю брамаю, выйшаў да Острыянума… два дні таму… Pax табе, перскі валадару!
Вініць падняўся, сеў і бачыць перад сабою Хілона. А грэк далей: — Дом твой, спадару, пэўна, згарэў, бо Карыны ў вагні, але ты заўсёды багаты будзеш, як Мідас. Ох, што за няшчасце! Хрысціяне, сынку Сэрапіса, даўна прарочылі гэта месту… А Лін разам з дачкою Ёвіша — у Острыянуме… Во гора, дык гора!
Вініція зноў пачала браць млоснасць.
— Бачыў ты іх? — пытае.
— Бачыў, спадару… Дзякую Хрысту і ўсім багом, што я мог табе добраю весткаю адплаціцца за тваю дабрыню. Але я табе, Озырысе, шчэ адплачуся, прысягаю на гэны згарэлы Рым!
На двары ўжо вечарэла, а ў парку было відно, бы ўдзень, бо пажар узмогся яшчэ. Здавалася, гараць ужо не апрычоныя кварталы, але ўвесь горад ушыркі і ўдаўжкі. Небасхіл быў чырвоны кругом, і ноч на свеце рабілася чырвоная.
Загарава так шырока разнялося па небасхіле, як толькі льго было сягнуць вокам. З-за гор выкаціўся месяц, вялікі, поўны; ён хутка загарэўся бляскам распаленай медзі ды, як бы дзівячыся, пазіраў на спагудную пагубу светаўладнае Ромы. У зардзеўшайся пространі неба міргалі таксама ружовыя зоркі, але зямля насуперак звычайнасці была яснейшая, чым неба. Рым, бы велічэзны светач, азараў усю Кампанью. Пры крывавым бляску відаць былі далейшыя горы, гарады, віллы, святыні, помнікі й аквадукты, бягучыя з усіх навакольных гор да места, а на аквадуктах — рой людзей, хаваючыхся там ад небяспекі або прыглядаючыхся на пажар.
Тым часам страшэнная стыхія абыймала штораз новыя кварталы. Нельга было сумнявацца, што нечыя ліхадзейскія рукі падпальвалі горад, бо штораз новыя пажары выбухалі ў куткох, ад пажарышча далёкіх. З прыгоркаў, на якіх разлёгся Рым, агонь сплываў, бы марская хваля, на даліны, шчыльна забудаваныя пяці- і шасціпавярховымі дамамі, поўныя будаў, крамаў, драўляных перавозных амфітэатраў, збудаваных прынагодна для розных відовішчаў, і ўрэшце складоў дрэва, алівы, збожжа, арэхаў, пініевых шышак, зернем якіх жывілася ўбогае жыхарства, і вопраткі, якую часамі з ласкі цэзараў раздавана галіце, што гняздзілася па цесных завулках. Там пажар, натрапляючы на пальны матар’ял, змяняўся ў чараду выбухаў і з нечуванаю хуткасцю ахапляў цэлыя вуліцы. Людзі, качуючыя за горадам, адгадвалі па барве полымя, што гарыць. Шалёны гон паветра часамі выносіў з агністага тапелішча тысячы й мільёны распаленых лупін арэхавых і мігдальных, якія нагла ўздымаліся ўгару, як незлічоныя статкі ясных матылёў, і лопаліся з трэскам у паветры або, гнаныя ветрам, спадалі на новыя кварталы гораду, на вадацягі, на поле, кругом. Усякі намер ратунку выдаваўся недарэчным, а сумятня пабольшвалася, бо калі з аднаго боку жыхарства ўцякала ўсімі дарогамі і брамамі за горад, з другога — пажар вабіў тысячы цікаўных пастухоў, сялян, дробнамяшчан, якіх цягнула таксама й спадзева нажывы.
Вокрык «Рым гіне!» не ўціхаў, а канец гораду выдаваўся ў тагдышнюю пару адначасна і канцом уладства ды разрывам усякіх путаў, якія дагэтуль вязалі чалавецтва ў вадну цэласць. Народныя масы, у якіх пераважвала лікам нявольніцтва, чужазброд, не дбалі пра панаванне Рыму, гібель ягоная варажыла ім вольнасць, дык пачалі грозна наёжвацца. Шырылася нахабства і грабеж. Адно хіба відовішча гібелі гораду, адцягваючы людскую ўвагу, паўстрымоўвала выбух разні, якая пачнецца тады, як з гораду зробіцца адно папялішча. Сотні тысяч нявольнікаў, забываючыся, што Рым апрача святынь і камяніц мае шчэ колькідзесят легіяў ува ўсіх частках свету, казаў бы, чакалі верхавода й сігналу.
Згадвалі імя Спартака, але Спартака не было, дык самі пачалі збірацца і зброіцца, чым хто мог. Найпракуднейшыя весткі кружылі па ўсіх брамах. Некаторыя цвердзілі, быццам гэта вулкан з наслання Ёвіша нішчыць горад агнём, што вырынае з-пад зямлі; іншыя бачылі ў гэтым помсту Весты за вясталку Рубрыю. Людзі такога пераканання не хацелі нічога ратаваць, а замест таго абягалі святыні і малілі ў багоў літасці. Але найпапулярнейшаю была погаласка, што цэзар загадаў спаліць Рым, каб пазбыцца смуроду з Субуры ды каб выбудаваць новы горад пад назовам Нэронія. На згадку пра гэта закатная злосць агартала людзей, і каб, па думцы Вініція, знайшоўся павадыр, які б умеў выкарыстаць гэны вулкан нянавісці, канец Нэрона прыспешаны быў бы на цэлыя гады.
Читать дальше