Вініць сам пачаў камандаваць аддзелам і, адлажыўшы на хвіліну навуку Паўла пра міласць бліжняга, пёр і расцінаў перад сабою натаўп з хуткасцю смерцяноснаю для многіх, хто ў пару не паспяваў даць дарогу. Кідалі ім наўздагон камення і праклёны, але ён не зважаў на гэта, жадаючы хутчэй выдабыцца на вольнае мейсца. Аднак жа льго было прабірацца ўперад толькі з вялікаю натугаю.
Людзі, якія разлажылі ўжо табар, не хацелі ваяком саступаць з дарогі, крычма клянучы цэзара і прэторыянаў. У некаторых мяйсцох грозна супраціўляліся. Да Вініціевых вушэй даходзілі крыкі, якія абвінавачвалі Нэрона за падпал Рыму. Адкрыта пагражалі смерцю яму і Папеі. Вокрыкі: «Sannio!», «Нistriо!» [58] «Блазан!», «Актор!» (лац.).
, «Маткабойца!» — разлягаліся навокал. Некаторыя крычма дамагаліся ўтапіць яго ў Тыбры, іншыя раўлі, што Рым даволі ўжо цярпеў. Было відавочным, што тыя прыгрозы могуць змяніцца ў адкрыты бунт, які мог разгарэцца ў гэты момант, абы толькі знайшоўся праваднік. Прымеж таго, азвярэласць роспачнае масы спаганяна была на прэторыянах, якія і таму шчэ не маглі выдабыцца з ціжбы, што загрувашчана была кучамі рэчаў, у спешцы вынесеных з пажару: скрыні, бочкі з емінай, даражэйшае знадоб’е, дзіцячыя калыскі, пасцель, вазы і ручныя ношы. Сям-там давялося распраўляцца зброяй, але прэторыяне лёгка давалі раду безабароннаму натоўпу. Перацяўшы з цяжкасцю ўпоперак дарогу — Лацінскую, Нуміцыйскую, Ардэйскую, Лювінійскую і Остыйскую, — акружаючы віллы, сады, магільнікі й святыні, Вініць у канцы даехаў да мястэчка Вікус Аляксандра, за якім пераправіўся праз Тыбр. Было там ужо свабадней і менш дыму. Ад уцякаючых, якіх тут было нямала, даведаўся, што некаторыя толькі завулкі Затыбра гараць, але пэўна не ацалее нічога ад агню, бо нейкія людзі знарок падкладаюць агонь ды не дазваляюць тушыць, крычачы, што робяць гэта па загаду. Малады трыбун не сумняваўся, што гэта цэзар іставетна загадаў падпаліць Рым, і помста, якой заклікалі на яго пагарэлыя, была рэчаю слушнаю і справядліваю. Што ж горшае мог зрабіць для Рыму Мітрыдат або іншы які ягоны найзаўзятшы вораг? Мера была перабраная, шалёнасць сталася занадта вялікай, а людское жыццё занадта немагчымым. Вініць верыў таксама, што прыйшла пара на Нэрона, што гэныя румовішчы няшчаснага места павінны ды мусяцімуць прываліць агіднага блазна разам з ягонымі ўсімі злачынствамі. Калі б знайшоўся адважны павадыр на чале збалелае адчайнае народнае масы, магло б гэта стацца ў працягу некалькіх гадзін.
Адчайныя і мсцівыя думкі абселі, як вараннё, голаў Вініція. Ну, а каб гэта яму спрабаваць? Род Вініціяў, які аж да апошняга часу меў шэрагі консулаў, даволі знаны быў у Рыме. Народу патрэбнае толькі прозвішча. Адыж раз ужо ледзь не дайшло да бунту за кару смерці чатырохсот нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда, а што ж было б сяння, падчас найбольшае злыбяды, перавышаючае амаль усе, якія Рым на працягу васьмі вякоў перажываў? Хто возьме пад зброю квірытаў, думаў Вініць, той бессумніўна зваліць Нэрона і сам убярэцца ў пурпуру. Дык чаму б яму гэтага не даканаць? Быў дужэйшым, бадзёршым ды малодшым за іншых аўгустыянаў… Нэрон меў пад загадам, праўда, трыццаць легіёнаў, раскватараваных на рубяжох дзяржавы, але ці ж і гэныя легіі ды іхнія правадыры не ўзбурацца на вестку аб спаленым Рыме і ягоных святынях?.. А тады ён, Вініць, стаўся б цэзарам. Адыж хадзіў у сваім часе сярод аўгустыянаў пошапт, быццам нейкі вяшчун варажыў пурпуру Атону. Чым жа ён горшы? Можа, і Хрыстус памог бы яму сваёю Боскаю магутнасцю? Можа, гэта ад Яго натхненне? «О, каб так сталася!» — гаварыў у душы Вініць. Адпомсціў бы тады Нэрону за небяспеку Лігіі і за сваю згрызоту, уладзіў бы панаванне справядлівасці і праўды, пашырыў бы Хрыстову навуку ад Еўфрату аж да ймглістых берагоў Брытаніі, а і Лігію прыадзеў бы ў пурпуру, зрабіў бы яе валадаркаю зямлі.
Але думкі гэныя, выбухнуўшыя з ягонай галавы, бы сноп іскраў з палаючага дому, так і загаслі хутка, як тыя іскры. Перад усім трэ было як найхутчэй Лігію ратаваць. Прыглядаўся цяпер бядзе зблізку, дык зноў апанавала яго трывога, а бачачы мора вагню й дыму, бачачы страшэнную рэчаіснасць, тая надзея, што Пётр выратуе Лігію, замерла зусім у ягоным сэрцы. Роспач агарнула яго зноў, дык, выкараскаўшыся на віа-Портуэнсіс, вядучую проста на Затыбра, апамятаўся аж у браме, дзе пачуў тое самае, што казалі яму ўцекачы: большая частка таго кварталу не была абнята яшчэ пажарам, хоць агонь у некалькіх мяйсцох перакінуўся ўжо за рэчку.
Читать дальше