— Агонь туды дацяпер не дайшоў, але з непаўстрыманай сілай абыймае штораз новыя кварталы. Людзі гінуць ад жару і дыму, і ніякі ратунак немагчымы.
У тым моманце падалі Вініцію новага каня. Малады трыбун ускочыў на яго і панёсся далей. Ехаў цяпер да Альбанума, пакідаючы направа Альбалонгу і ейнае чароўнае возера. Гасцінец да Арыцыі йшоў пад гару, якая зусім засланяла далягляд і Альбанум на другім баку. Вініць ведаў, аднак, што з гары ўбачыць не толькі Бовілу і Устрынум, дзе чакалі на яго свежыя коні, але й Рым, бо за Альбанумам ляжала па абодвух бакох Апійскай дарогі роўная нізкая Кампанья, па якой беглі толькі да места аркады аквадуктаў, і нічога ўжо не засланяла віду.
— З гары ўбачу полымя, — казаў сабе.
І пачынаў сцёбаць каня. Яшчэ не даскочыў на вяршыню гары, як пачуў на твары подых ветру з дымам і ўбачыў вяршыню азалочанай.
— Загарава! — падумаў Вініць.
Ноч сівела ўжо даўно, золак пераходзіў у світанне, і на ўсіх блізкіх узгорках таксама свяціў ружовы і жоўты бляск, могучы быць і ад пажэжы і ад зарніцы. Вініць выехаў на вяршыню гары, і тады жудаснае відовішча залунала перад ягонымі вачыма.
Уся даліна пакрыта была вялізнаю хмараю дыму, ахутваючаю сялібы, аквадукты, віллы, дрэвы, а ў канцы гэнай шэрай жудаснай пакрывы гарэла на ўзгорках места.
Пажар не йшоў угару слупам, як гэта бывае тады, калі гарыць паадзіночны, хоць бы й вялікі, будынак, гэна была даўгая, падобная да зарніцы, рака агню.
Над гэнай істужкай агню каціўся вал дыму, месцамі зусім чорнага, месцамі крывавага й ружовага, стоўплены ў сабе, выдзьмуты, густа клубіўся, бы вуж, што ўецца-выцягваецца. Велізарны той вал часамі быццам прыкрываў агністую раку так, што рабілася яна вузкаю, бы стужка, часамі прасвечваўся агнём з-пад нізу, змяняючы ягоныя споднія клубы ў хвалі полымя. Загарава цягнулася ад краю да краю далягляду, замыкаючы яго так, як часамі замыкае ланцуг лесу. Сабінскіх гор зусім не было відаць.
Вініцію на першы пагляд здалося, што гарыць не толькі горад, але свет цэлы, і што ніякая істота не можа выбрацца з таго акіяну агню й дыму.
Вецер з боку пажару падыхаў штораз мацней, несучы смурод смаліны ажогу, якая прыхавала нат найбліжэйшыя рэчы. Разаднела зусім, сонца азарыла ўзгоркі, акружаючыя Альбанскае возера. Але ясназалатыя раннія касулі выглядалі праз ажогу моў хворыя, рудыя. Вініць, спушчаючыся да Альбанума, уязджаў у дым штораз гусцейшы, менш праніклівы. Само мястэчка было зусім ім акутана. Устрывожаныя мяшчане павыбягалі на вуліцы, і страх было падумаць, што мусіла дзеяцца ў Рыме, калі і тут ужо цяжка было зяхаць. Роспач заўладала зноў Вініціем, і жах падыймаў валасы на галаве. Спрабаваў мацавацца, як мог.
«Немагчыма, — гадаў сабе, — каб увесь горад пачаў адразу гарэць. Вецер вее з поўначы і зганяе дым толькі ў гэты бок. Затыбра, перарэзанае ракою, можа й цалкам ацалела, а ў апошнім выпадку даволі будзе Урсусу прарвацца праз Янікульскую браму, каб ухавацца ад небяспекі. Гэтаксама немагчыма, каб згінула ўсё насельніцтва, і каб горад, які валодае светам, згладжаны быў разам з жыхарамі з аблічча зямлі. Нават і ў здабываных гарадох, калі разня і агонь пустошаць усё, пэўная колькасць людзей заўсёды застаецца жывою, дык чаму ж канчаткова мела згінуць Лігія? Адыж Бог яе сцеражэ, які Сам перамог смерць!» Так супакойваючы сябе, пачаў зноў маліцца і па даўняй звычцы рабіць перад Хрыстом вялікія абраканні й дэкларункі дароў і ахвяр. Мінуўшы Альбанум, жыхары якога амаль усе сядзелі на дрэвах і дахах, каб глядзець на пажар, крыху супакоіўся. Падумаў таксама, што Лігіяй апякуюцца не толькі Урсус і Лінус, але і Апостал Пётр. На самы ўспамін пра гэта льга ўступіла ў ягонае сэрца. Пётр быў заўсёды для яго істотай таёмнай, амаль надлюдскай. Ад таго часу, калі слухаў яго ў Острыянуме, засталося ў яго дзіўнае ўражанне, аб якім на пачатку побыту ў Анцыюме пісаў Лігіі, што кожнае слова гэтага старца ёсць праўдай або мусіць стацца праўдай. Бліжэйшае знаёмства з Апосталам з часаў свае хваробы ўзмацавала тое ўражанне, якое пасля змянілася ў моцную веру. Дык калі Пётр багаславіў ягонае каханне і абяцаў яму Лігію, дык Лігія не магла згінуць у вагні. Горад можа сабе згарэць, але ніводная іскра не спадзе на ейную вопратку. Ад бяссоннае ночы, шалёнае язды і перажыванняў пачала Вініція агортваць дзіўная эгзальтацыя, у якой усё выдавалася яму магчымым: Пётр перажагнае агонь, разгорне полымя адным словам, і пройдуць цэлымі праз вагністую алею. Пётр хіба ведаў рэчы будучыя і напэўна прадбачыў злыбяду пажару, дык як жа б не мог перасцерагчы ды не вывесці з места хрысціян, а між імі і Лігіі, якую любіў бы собскае дзіця. І штораз мацнейшая надзея пачала ўзмацоўваць сэрца Вініція. Падумаў: калі яны ўцякаюць з гораду, можа нат іх спаткаць у Бовілі ці ў дарозе. Можа, вось за хвіліну дарагое аблічча з’явіцца з па-за гэнага дыму, зацягваючага штораз шырэй цэлую Кампанью.
Читать дальше