— Так. Толькі вялікія артысты могуць пачувацца ў абліччы мастацтва малымі… — Сяння ноч шчырасці, дык адкрыю перад табою душу, як перад прыяцелем, і скажу табе болей… Няўжо думаеш, я сляпы ці не маю глузду? Думаеш, я не ведаю, што ў Рыме выпісваюць на сценах чарнату на мяне, што завуць мяне маткабойцам і жонабойцам… што ўважаюць мяне за дзікуна і людаеда за тое, што Тыгэлін дастаў ад мяне некалькі прысудаў смерці на маіх ворагаў… Так, мілы, завуць мяне людаедам, і я ведаю пра гэта… Удаўблі мне лютасць да таго, што сам часта сябе пытаю: няўжо ж я такі люты?.. Але яны таго не ўцеюць, што ўчынкі чалавека часамі могуць быць лютымі, а чалавек можа і не быць такім. Эх, ніхто не паверыць, а можа, і ты, мой дарагі, не паверыш, як часамі, калі музыка хвалюе душу, я чуюся так добры, бы дзіцянё ў калысцы. Прысягаю табе на гэныя зоры, што іскрацца над намі, кажу шчырую праўду: людзі не ведаюць, колькі дабра тоіцца ў гэтым сэрцы і якія сам я бачу ў ім скарбы, калі музыка адчыніць да іх дзверы.
Пятроні, які не меў найменшага сумніву аб тым, што Нэрон у данай хвіліне гаварыў шчыра і што музыка іставетна можа выдабываць наверх розныя шляхотнейшыя схільнасці з ягонай душы, загачаныя гарамі эгаізму, распусты й злачынства, кажа: — Цябе трэ знаць так блізка, як я. Рым ніколі не ўмеў цябе ацаніць.
Цэзар абапёрся мацней на плячы Вініція, казаў бы ўвагнуўся пад цяжарам несправядлівасці, і адказаў: — Тыгэлін далажыў мне, што ў сенаце шэпчуць сабе на вуха, быццам Дыядор і Тэрпнас лепей за мяне йграюць на цытрах. Не хочуць прызнаць мне нат і гэтага! Але ты, які заўсёды гаворыш праўду, скажы мне шчыра: ці яны лепш за мяне йграюць, ці так сама, як я?
— Ты маеш салодшы дотык, а і больш сілы. У табе пазнаецца артыста, а ў іх — рамесніцтва! Так! Паслухаўшы іхняе музыкі, лепш можна скеміць, кім ёсць ты.
— Калі так, дык хай сабе жывуць. Не здагадаюцца ніколі, якою ты іх у гэнай хвіліне абдарыў паслугай. Хоць яно ўсё роўна: калі б іх пазбыўся, дык на месца іх трэ было б узяць іншых.
— Дый людзі ў дадатку гаварылі б, што з упадобы да музыкі — музыку нішчыш. Не глумі ніколі музыкі для музыкі, боскі.
— Які ж ты іншы ад Тыгэліна! — дзівіўся цэзар. — Але бачыш, я на ўсё мастак, і калі музыка адкрывае прада мною прасторы, якіх існавання не дадумоўваўся, адкрывае краіны, якімі не валадаю, раскошу й шчасце, якіх не перажываў, дык я не магу жыць жыццём абыдным. Яна мне гаворыць, што існуе надзвычайнасць, і вось шукаю яе ўсёю магутнасцю ўлады, якую багі аддалі ў мае рукі. Часам здаецца мне, што каб дацягнуць да тых алімпійскіх светаў, трэ выканаць нешта такое, чаго дагэтуль ніхто шчэ не даканаў, трэ перавышыць людское пагалоўе дабром або злом, ведаю, што людзі магчымуць назваць мяне атрапянелым. Але я не шалею, я шукаю! А калі шалею, дык з нуды і нецярплівасці, што знайсці не магу. Я шукаю! Разумееш мяне? І дзеля таго жадаю быць вялікшым за чалавека, бо такім чынам магчыму быць найвялікшым як мастак, — тут сцішыў голас так, каб не мог пачуць Вініць, і, прылажыўшы вусны да вуха Пятронію, зачаў шаптаць: — Ці ведаеш, што я галоўна дзеля гэтага асудзіў маці й жонку на смерць? Пад парогам нязнанага свету жадаў злажыць найвялікшую ахвяру, якую толькі чалавек злажыць мог. Гадаў сабе, ануж па тым нешта станецца, ануж адчыняцца тыя дзверы, за якімі ўбачу нязнанае. Хай бы сабе гэта было цуднейшае або страшнейшае за людское паняцце, абы было незвычайнае й вялікае… Але тае ахвяры, відаць, было замала. Для адкрыцця эмпірэйскіх брамаў трэ, мабыць, большае — і хай так станецца, як доля жадае.
— Што манішся зрабіць?
— Пабачыш, пабачыш хутчэй, чым табе здаецца. А тым часам ведай, што ёсць двух Нэронаў: адзін такі, якога ведаюць людзі, а другі — артысты, якога адзін толькі ведаеш, і які, калі забівае, як смерць, ці шалее, як Бахус, дык менавіта таму, што яго давіць шэрасць і ліхоцце абыднага жыцця, і жадаў бы яго скараніць хоць бы й агнём ці жалезам… Ох! Які станецца нудны гэты свет, як мяне не стане!.. Ніхто не здагадваецца, нават ты, дарагі, які з мяне мастак! Але якраз таму й сумую, кажу табе шчыра: душа ўва мне бывае часамі так сумнай і маркотнай, як тыя цыпрысы, што там чарнеюцца ўдалечыні. Цяжка чалавеку адначасна насіць найвышэйшую ўладу і найбольшы талент!..
— Спачуваю табе, цэзар, цэлым сэрцам, а са мною зямля і мора, не лічачы Вініція, які ў душы цябе абажае.
— І ён заўсёды быў мне мілым, — сказаў Нэрон, — хоць служыць Марсу, не музам.
— Ён перад усім служыць Афрадыце, — паправіў Пятроні.
І вырашыў за адным замахам заладзіць справу сястрынца ды аддаліць усе небяспекі, якія маглі яму пагражаць.
Читать дальше