— За два дні падручаюся выстарацца табе дазвол выезду з Анцыюма на так доўга, дакуль сам хацецімеш. Папея нейк паспакайнела, і, наколькі мне ведама, нічога ад яе не пагражае.
— А і сяння пытала, што я рабіў у Рыме, хоць выезд мой быў сакрэтны.
— Быць можа, шпегавала цябе. Цяпер, аднак, і яна мусіціме аглядацца на мяне.
Вініць прыпыніўся й кажа: — Павал навучаў, што Бог часамі перасцерагае, але ў варажбу верыць не дазваляе, дык баранюся ад тае веры, і нельга абараніцца. Раскажу табе, што здарылася, лягчэй мо будзе на сэрцы. Сядзелі мы з Лігіяй у такую ноч, як сянняшняя, і ўкладалі сабе будучае жыццё. Не ўмею табе выказаць, як мы чуліся шчаслівымі й спакойнымі. Нараз чуем рык львоў. Рэч гэта ў Рыме абыдная, а аднак ад тае пары не маю супакою. Здаецца мне, як бы ў гэным была злавесная пагроза… Ты ж ведаеш: на трывогу я не хуткі, але тады пачуваўся так, як бы трывога запоўніла ўсю цемень ночы. Так гэта прыйшло раптоўна й неспадзявана, што і цяпер гучыць увушшу той рык, а сэрца шчыміць ад трывогі, як бы Лігія патрабавала мае абароны ад чагось страшэннага… хоць бы й ад тых самых львоў. Я пакутую. Дык выстарайся хутка дазвол, бо калі не, дык паеду без дазволу. Не магу тут сядзець, кажу табе, не магу!
Пятроні зрабіў сабе з гэтага смех.
— Ну, да таго яшчэ не дайшло, — кажа, — каб сыны консульскіх мужоў або іхнія жоны былі аддаваны львом на корм. Можа спаткаць вас кожная іншая смерць, але не такая. Хто ведае, ці гэна былі львы, ці германскія туры, што не горш ад іх рыкаюць. Я кплю з варажбы і празначэння. Учора ноч была цёплая, і бачыў я, зоры падалі, як дождж. Не аднаму зрабілася б моташна ад такога явішча, а я сабе падумаў: калі між імі ёсць і мая, дык прынамсі меціму таварыства!..
На момант замоўк, пасля кажа далей: — Ну а калі ваш Хрыстус уваскрос, дык, можа, і вас абаіх усцеражэ ад смерці.
— Можа, — адказаў Вініць, углядаючыся на зорнае неба.
Нэрон граў і пяяў гімн на гонар Спадыні Цыпру ўласнага аўтарства.
Быў таго дня пры голасе і адчуваў, што музыка ягоная сапраўды парывае прысутных, пачуццё гэтае дадавала сілы голасу, які выдабываў з сябе, і так расхвалявала ягоную душу, што выглядаў натхнёным. Аж пасля сам збялеў ад шчырага ўзрушання. І, на дзіва ўсім, не хацеў слухаць пахвалы. Праз момант сядзеў з абапёртымі на цытры рукамі ды пахіленай галавою, пасля раптоўна ўстаў і кажа: — Я змучаны, дайце паветра. Настройце тым часам цытры.
Гэта сказаўшы, абкруціў горла шаўковаю хусцінаю.
— А вы хадзеце са мною, — сказаў, звяртаючыся да Пятронія і Вініція, што сядзелі ў кутку залі. — Ты, Вініць, падай мне рукі, бо не маю сілы, а ты, Пятроні, гавары мне пра музыку.
Выйшлі на выкладзены алебастрам і пасыпаны шафранам палацавы балкон.
— Тут дыхаецца свабадней, — адазваўся Нэрон, — расчуленай і сумнай душы маёй. Хоць бачу, што з гэтым творам, на пробу вам запяяным, магу выступіць публічна і што гэта будзе трыумф, якога ніколі шчэ не меў ніводзін рымлянін.
— Можаш выступіць тут, у Рыме і Ахайі. Падзіўляў я цябе цэлым сэрцам і душою, боскі! — адказаў Пятроні.
— Ведаю, на пахвалы ты занадта лянівы. І шчыры ты, як Тулій Сэнэцыё, але больш знаешся, чым ён. Скажы, што ты думаеш пра музыку?
— Як слухаю паэзіі, як гляджу на квадрыгу, кіраваную табою ў цырку, на стройную статую, прыгожую святыню або малюнак, як агортваю суздрам усё, што бачу, адчуваю, як у маім захапленні змяшчаецца ўсё, што гэтыя рэчы могуць даць. А вось як слухаю музыкі, злашча тваёй, адкрываецца перада мною штораз новая краса і раскоша. Бягу за імі, лаўлю іх, але не паспею іх успрыняць у сябе, як наплываюць новыя, бы марскія, хвалі, плывучыя з бязмежжа. Дык вось кажу табе, што музыка ёсць як мора. Стаімо на адным беразе і бачым далячынь, а другога берага дагледзець нельга.
— Ах, які з цябе глыбокі знаўца! — дзівіцца Нэрон.
Хвіліну шпацыраваў моўчкі, толькі шафран ціха шуршэў пад нагамі.
— Ты выказаў мае думкі, — адазваўся ўрэшце Нэрон, — і дзеля таго кажу заўсёды, што ў цэлым Рыме ты адзін толькі патрапіў мяне зразумець. Так.
Тое самае і я думаю пра музыку. Як граю ці пяю, бачу такія рэчы, аб якіх не ведаў, што існавалі ў маёй дзяржаве або на свеце. Вось я — цэзар, свет мой, усё магу. Аднак жа музыка адкрывае мне новыя краіны, новыя горы й моры ды новыя раскошы, якіх не ведаў дагэтуль. Часам не ўмею ні назваць іх, ні зразумець, адчуваю толькі іх. Адчуваю багоў, бачу Алімп. Нейкі засветны павеў ахінае мяне; ледзь дабачваю, бы ў мгле, нейкую бязмерную веліч, а супакойную ды так ясную, як узыход сонца… Уся сфэра наўкол мяне гучыць музыкай, і павінен табе сказаць, — тут голас Нэрона захваляваў сапраўдным здзіўленнем, — я, цэзар і бог, чуюся тады малым, як пылінка. Дасі веры?
Читать дальше