Выдавалася яму гэта тым праўдападабнейшым, што на дарозе пачаў спатыкаць штораз часцей людзей, уцякаючых з места ў Альбанскія горы, каб, уцалеўшы ад агню, выдабыцца і з дымнае задухі. Не даехаўшы да Устрынума, мусіў суняць бег каня, бо дарога надта была заталочана. Вобак пешых з клункамі на плячах спатыкаў коні, мулы, вазы, нагружаныя дабыткам, а ўрэшце і лектыкі, у якіх нявольнікі неслі багацейшых жыхароў. Устрынум так ужо быў набіты ўцекачамі з Рыму, што нельга было праз натаўп праціснуцца. На рынку пад калюмнамі святынь раілася ад уцякаючых. Тут і там з’яўляліся ўжо й палаткі, пад якімі шукалі прытулку цэлыя сем’і. Іншыя закладалі сабе табарышча пад голым небам, яны крычалі, заклікалі багоў, пракліналі долю. У агульнай сумятні нельга было чаго дапытацца. Людзі, ад якіх Вініць маніўся што-небудзь даведацца, або зусім не адказвалі, або пазіралі на яго асалавелымі, поўнымі жаху вачыма і крычалі: «Гіне горад і свет!»
Ад Рыму наплывалі з кожнай хвілінай новыя грамады мужчын, жанчын, дзяцей, пабольшваючы суталаку й гоман. Некаторыя, пагубляўшыся ў людской каламесіцы, шукаліся. Іншыя біліся за табарышчы. Грамады паўдзікіх пастухоў з Кампаньі папрыцягваліся ў мястэчка, шукаючы навін і крадзенай здабычы. Там і сям натаўп нявольнікаў і гладыятараў усялякіх народнасцяў пачаў рабаваць гарадскія дамы й віллы, заводзіць разбойства з жаўнерамі, баронячымі насельніцтва.
Сенатар Юній, якога Вініць спаткаў пры гасподзе ў грамадзе ўцекачоў, першы даў яму крыху талковейшыя весткі пра пажар. Занялося гарэць, праўда, пры Вялікім Цырку, з боку Палатыну і ўзгор’я Цэліус, і з неймавернаю хуткасцю абняло ўсё асяроддзе гораду. Не памятаюць людзі ад часаў Брэнна такое спагуды.
— Цырк згарэў увесь, таксама акружаючыя яго дамы й крамы, — інфармаваў Юній. — Авентын і Цэліус у вагні. Полымя, ахапіўшы Палатын, перакінулася на Карыны… Тут Юній, які на Карынах меў стройную інсулю, перапоўненую мастацтвам, якім любаваўся, схапіў у шчопці дробнага пылу і, пасыпаўшы ім голаў, пачаў енчыць роспачным голасам. Вініць скалатнуў яго за плячо.
— І мой дом на Карынах, — кажа. — Дык калі гіне ўсё, хай гіне й ён.
Але, прыгадаўшы сабе, што Лігія магла скарыстаць з ягонай прапановы і перанесціся да Аўлаў, спытаў: — А Вікус Патрыцыюс?
— У вагні! — адказаў Юній.
— А Затыбра?
Юній з подзівам паглядзеў на яго.
— Хрэн з ім! — кажа, сціскаючы збялелую галаву.
— Мне даражэйшае Затыбра, чым твой цэлы Рым! — адазваўся гвалтоўна Вініць.
— Дык туды дабярэшся хіба праз віа-Портуэнсіс, бо вобак Авентыну жага цябе ўдушыць… Затыбра?.. Не ведаю. Агонь не мог туды шчэ хіба перакінуцца, але ці ў гэтым моманце яго там няма, ведаюць адны багі… Тут Юній на хвіліну сумеўся, пасля кажа прыцішным голасам: — Ты ж мяне не звядзеш хіба, дык скажу табе, гэта не абы-які пажар.
Цырку ратаваць не дазволена… Я сам чуў… Як дамы пачалі кругом агнём займацца, тысячы галасоў гарланіла: «Смерць ратаўнікам!» Нейкія спагудныя людзі бягуць праз горад і шпурляюць у дамы жмакі вагню… З другога боку народ бурыцца і крычыць, што горад гарыць па загаду. Нічога больш не скажу. Гора цэламу месту, гора нам усім, гора і мне! Што там чаўпецца, таго людскою моваю выказаць нельга. Народ гарыць у вагні або мардуецца ўзаемна ў суталоцы… Гэта канец Рыму!..
Ды зноў бедаваў: «Гора! Канец гораду і нам!»
Вініць сеў зноў на каня і шмыгануў далей Апійскаю дарогаю. Але тут ужо была не язда, тут трэ было прапіхвацца праз раку людзей і вазоў, што плыла з места. Горад бачыў Вініць, як на далоні, быў абняты морам агню… Ад полымя і дыму біла страшэнная жага, а людскі вераск не мог заглушыць шуму і гуку полымя.
Чым болей Вініць збліжаўся да места, тым болей паказвалася, што лягчэй было прыехаць у Рым, чым дастацца ў ягоную сярэдзіну. Праз Апійскую дарогу трэ было праціскацца з пакутаю, такі быў натаўп людзей. Поле, дамы, магільнікі, агароды і святыні наабапал дарогі ператварыліся ў табарышчы. У святыні Марса, тут жа, ля Порта Апія, натаўп адбіў дзверы, шукаючы прытулішча для начлегу. На магільніках загаспадаравана большыя грабавікі, і то часамі з крывавым боем і сваркамі. Выгляд Устрынума быў толькі слабым наўзорам таго, што рабілася пад самым горадам. На права, на ўладу, на сужэнства, ветлівасць, павагу і розніцу стану — ніхто і вухам не вёў. Нявольнікі дубасілі кіямі грамадзян. Гладыятары, набраўшыся разрабаванага ў Эмпорыюме віна, збіраліся ў грамады, перабягалі з дзікім крыкам прыдарожныя пляцы, разганялі людзей, дратавалі, абдзіралі. Мноства выстаўленых на продаж барбараў паўцякала з гандлёвых будаў. Пажэжа і загуба гораду была для іх канцом няволі і гадзінаю помсты, вось жа, калі сталыя жыхары, трацячы маёмасць, выцягалі да багоў рукі ў роспачы, молячы ратунку, яны з выццём радасці буянілі, сцягаючы з людзей вопратку і хапаючы маладзіц. Лучыліся з імі нявольнікі, служба, валацугі, не маючыя нічагутка на целе апрача ваўнянае апоны на бёдрах, злыдні з завулачных начных нораў, не спатыканыя сярод белага дня, існавання якіх цяжка было і дадумацца ў Рыме. Гэты натаўп азіятаў, афрыканаў, грэкаў, тракаў, германаў і брытанаў галёкаў усімі мовамі, дзікі й разбуяны, шалеў, адплачваючы так сабе за даўгагадовае бяздолле. Сярод гэнай расхваляванай людской сумятні ў бляску дня й пажогі мігацелі каскі прэторыянаў, пад апеку якіх тулілася спакайнейшае мяшчанства і якія ў многіх мясцох мусілі ўступным боем разганяць азвярэлы зброд. Вініць бачыў не раз у жыцці штурмаваныя гарады, але вочы ягоныя ніколі яшчэ не бачылі такога відовішча, дзе б роспач, слёзы, боль, енк, дзікая радасць, шалёнасць, закатнасць і разнузданасць змяшаліся разам у такі страшэнны хаос. А над гэнай абязглузджанай шалёнай людской масай гудзеў пажар, гарэў на ўзгорках найбольшы й найпрыгажэйшы ў свеце горад, ахінаючы суталаку сваім вагністым подыхам, дымнаю затхай ды закрываючы блакітнае неба. Малады трыбун з найбольшай натугай ды небяспекай жыцця дабраўся ўрэшце да Апійскай брамы, але тутака ўбачыў, што праз квартал Порта Капэна не толькі не магчыме прапхацца ў горад з-за натаўпу, але й з-за страшэннае жагі, ад якое тут жа за брамаю аж дрыжала паветра, прытым мост пры Порта Трыгенія, насупраць святыні Бонэ Дэа, шчэ не існаваў, і хто хацеў прабрацца за Тыбар, трэ было дабірацца аж да мосту Субліцыя, гэта значыць, праехаць каля Авентыну, праз частку гораду, залітую адным морам полымя. Гэта было зусім немагчыма. Вініць сцяміў, што мусіціме вярнуцца да Устрынума, там звярнуць з Апійскай дарогі, пераправіцца цераз рэчку ніжэй гораду і выехаць на віа-Портуэнсіс, якая вяла проста на Затыбра. І гэта не было лёгка зза сумятні, штораз большае на Апійскай дарозе. Трэба прабіваць сабе дарогу хіба мячом, а Вініць не меў зброі, бо выехаў з Анцыюма так, як вестка застала яго ў вілле цэзара. Але вось пры ручаі Мэркура злавіў вокам знаёмага цэнтурыёна прэторыянаў, які з колькідзесяццю людзьмі пільнаваў святыні, і загадаў яму ехаць за сабою, а той, пазнаўшы трыбуна і аўгустыяніна, не смеў спрачацца.
Читать дальше