І, паздымаўшы вянкі, пачалі разам з Эўнікай збірацца дамоў, а як выйшлі, Вініць засеў у бібліятэцы і так пісаў да Лігіі: «Хачу, каб пісьмо гэта, як толькі адкрыеш твае цудоўныя вочы — о боская! — сказала табе: добры дзень! Таму сяння пішу, хоць узаўтра бачыцімемся.
Цэзар да Анцыюма выязджае пазаўтра, і я — эгэў! — мушу з ім ехаць. Я ж ужо тлумачыў табе, што не паслухаць — гэта смерць, а я цяперака не меў бы адвагі памерці. Але, калі ты не хочаш, напішы слоўца, дык застануся, а Пятроні старацімецца адвярнуць як-небудзь небяспеку. Сяння ў радасным дню я раздаў падарункі ўсім нявольнікам, а тых, што праслужылі ў маім доме дваццаць гадоў, завяду ўзаўтра да прэфекта і вызвалю. Ты, любка, павінна гэта пахваліць, бо гэтага вымагае твая салодкая навука, а па-другое, зрабіў гэта для цябе. Скажу заўтра, што ты ім дала вольнасць, хай табе дзякуюць і славяць імя тваё. Сам затое аддаюся ў няволю шчасцю й табе, і бадай бы ніколі не дачакаўся вызвалення!
Пракляты той Анцыюм і Агенабарбава выправа! У тры-чатыры столкі шчаслівейшы я, што не такі эрудыт, як Пятроні, бо, можа, мусіў бы ехаць у Ахайю. Тым часам часіны гэнае разлукі саладзіціму сабе ўспамінамі аб табе. Калі магчыму вырвацца, асядлаю каня і прыскочу ў Рым, каб вочы нацешыць тваім воблікам, а вушы напаіць тваім салодкім галаском. Калі не магчыму — прысылаціму нявольніка з пісьмамі. Здароўлю цябе, боская, абыймаючы твае ногі. Не гневайся, што заву цябе боскай. Калі забароніш — паслухаю, але сяння яшчэ не ўмею інакш. Здароўлю цябе з будучага твайго дому — усёй душой!»
XXXVI
Было ведама ў Рыме, што цэзар па дарозе маніцца адведаць Остыю, а больш за ўсё найвялікшы мараплаў на свеце, які нядаўна быў прывёз збожжа з Александрыі, ды адтуль надбярэжнаю дарогаю лучыць да Анцыюма. Загады ўжо былі выданы перад некалькімі днямі, дзеля таго ад самага рання пры Порта Остыенсіс тоўпіліся грамады мясцовага зброду й чужаземцы з усіх краёў свету, каб паразяўляцца на цэзарскі паход, з якога рымскі плебс ніколі не мог надзівіцца. Да Анцыюма дарога была не цяжкая дый не далёкая, а ў самым курорце, які складаўся з камфортавых палацаў і віллаў, льго было знайсці ўсякія выгоды, а нат і вынайдаваны тагдышні збытак. Цэзар, аднак, меў звычай браць у дарогу з сабою ўсё, што дыктавала ўспадоба, пачаўшы ад музыкальных інструментаў і дамавога знадоб’я ды канчаючы на статуях і мазаіках, якія былі ўкладаныя нат і падчас кароткіх папасаў. З тае прычыны ехалі з ім цэлыя грамады слугаў, не кажучы ўжо аб прэторыянскіх кампаніях ды аўгустыянах, з якіх кожны таксама меў сваю світу нявольнікаў.
Таго ж дня на світанні пастухі з Кампаньі, загарэлыя на твары, з казлячымі скурамі на нагах, перагналі праз браму пяць сотак асліц, каб Папея назаўтра па прыездзе да Анцыюма магла сваім штодзённым звычаем выкупацца ў іхнім малацэ. Суталака з уцешлівым смехам прыглядалася ў хмарах пылу расцяляпаным доўгім вушам табуна ды весела прыслухоўвалася лясканню пастуховых бізуноў і галёканню. Як вуліца апаражнілася ад стада, рынуўся на дарогу рой замятальнікаў і, ачысціўшы яе добра, пачаў пасыпаць пініевым зялёным шпіллём ды кветкамі. Натоўп талкаваў сабе, што ўся дарога да Анцыюма так будзе прытрэсена квяццём, назбіраным з прыватных навакольных агародаў, а нат і дорага закупленым пры Порта Мугіёніс ад кветачніц-гандлярак. З кожнай гадзінай рунда збольшвалася. Некаторыя папрыводзілі цэлыя сем’і, а каб не доўжылася, прыладжваліся на каменнях, прыгатаваных пад новую святыню Цэрэры, і спажывалі сабе прандыюм пад голым небам. Дзе-нідзе збіраліся гурткі на чале з бывальцамі, якія расказвалі аб цэзарскім выездзе ды наагул аб падарожжах і дзівах-дзівосах свету, найбольшымі знаўцамі тут аказваліся маракі й старыя, маючыя выслугу гадоў, ваякі з далёкіх паходаў. Гарадскія дамаседы, што ніколі ў жыцці далей не бывалі, як на вія-Апія, слухалі з подзівам аб індыйскіх і арабскіх дзівосах, аб Брытанскіх архіпелагах, дзе на нейкай атоцы Брыяр мучыў соннага Сатурна, дзе жылі духі, аб краёх гіпербарэйскіх ды марох замерзлых, як шумелі й раўлі воды акіяну падчас занурання ў ягоную пучыну заходзячага сонца. Падобным роспаведам рымская галайстра лёгка верыла, бо таму верылі нават такія людзі, як Пліній і Тацыт. Талкавалі і аб тым мараплаве, што быццам на два гады вёз пшаніцы, не лічучы чатырохсот падарожных і столькі ж абслугі ды многа дзікіх звяроў для летніх ігрышчаў. Выклікала гэта ў народзе агульную прыхільнасць да цэзара, які не толькі карміў, але й весяліў народ. Усе рыхтаваліся да гарачага прывітання.
Читать дальше