Яны праз момант стаялі моўчкі, як бы вушам не верылі, потым усе рукі ўзняліся ўгару, і ўсе паднялі голас: — Аа! Спадару! Ааа!..
Вініць адправіў іх жэстам рукі, дык, не паспеўшы аддзякаваць, спешна разыйшліся, напаўняючы дом шчасцем ад даху да падзямелля.
— Заўтра, — адазваўся Вініць, — яшчэ раз заклічу іх у вагарод і загадаю перад сабою маляваць меты, якія хто хоча. Тых, што намалююць рыбу, вызваліць Лігія.
Пятроні, які ніколі нічаму доўга не дзівіўся, супакоіўся ўжо і спытаў: — Рыбу? Ага! Памятаю, што казаў Хілон: гэта мета хрысціян.
Пасля выцягнуў руку Вініцію й гавора: — Шчасце заўсёды там, дзе яго чалавек бачыць. Хай Флора сыпле кветкі вам пад ногі на многія леты! Жадаю табе ўсяго таго, чаго сам сабе жадаеш.
— Дык дзякую табе, бо я думаў, што адрайвацімеш і траціцьмеш па-пустому час.
— Я адрайваць? Нашто? Наадварот, кажу табе, што робіш добра.
— Га, зменлівы! — адказаў весела Вініць. — Хіба забыўся, што калісь раіў мне, як выходзілі з дому Грэцыны?
А Пятроні сухадушна: — Не! Толькі змяніў погляд.
І цераз хвіліну дадаў: — Мой мілы, у Рыме ўсё змяняецца. Мужыкі змяняюць жонак, жоны змяняюць мужыкоў, а чаму ж мне не змяніць погляду? Недалёка ўжо было таго, каб Нэрон узяў вянец з Актэ, якую адмыслова для яго вывелі з каралеўскага роду. І што ж! Меў бы паважную жонку, а мы — паважную аўгусту. На Пратэя і ягоную марскую шыр! Я заўсёды змяняціму думку, калі прыйдзе патрэба і калі мне будзе выгадна. Што да Лігіі, дык ейнае каралеўскае паходжанне больш пэўнае, чым пергамскія продкі Актэ. Але ты сцеражыся ў Анцыюме мсцівае Папеі.
— Ані думаю! І волас не спадзе мне з галавы!
— Калі думаеш яшчэ раз мяне здзівіць, дык дарэмная натуга, але скуль маеш такую пэўнасць?
— Заручыў мне гэта Апостал Пётр.
— А! Казаў табе гэта Апостал Пётр! На гэта няма аргументу; дазволь мне, аднак, дарадзіць табе пэўную асцярожнасць хоць бы й дзеля таго, каб Апостал Пётр не аказаўся хвальшывым прарокам, бо калі б Апостал Пётр прыпадкам памыліўся, страціў бы ў цябе давер, які яшчэ напэўна Апосталу Пятру прыдасца.
— Гавары, што хочаш — я яму веру! І калі манішся мяне да яго знеахвоціць, іранічна паўтараючы ягонае імя, дык памыляешся.
— Дык яшчэ адно пытанне: ці ты ўжо стаўся хрысціянінам?
— Дагэтуль — не, але Павал з Тарсу едзе са мною і выкладаціме мне навуку Хрыстову, а пасля прыйму хрост, бо тое, што ты казаў, быццам яны непрыяцелі жыцця, ёсць няпраўдай.
— Дык тым лепш для цябе й для Лігіі, — адказаў Пятроні, па чым, даючы знак здзіўлення, гаварыў як бы сам сабе: — Дзівосная рэч, як тыя людзі ўмеюць здабываць вызнавальнікаў, і як тая сэкта шырыцца!
Вініць падхоплівае з запалам, годным сапраўднага хрысціяніна: — Так! Тысячы, дзесяткі тысяч ёсць у Рыме, у гарадох Італіі, Грэцыі й Азіі. Ёсць хрысціяне ў легіях, сярод прэторыянаў, ёсць і ў самым палацы цэзара. Вызнаюць гэтую навуку нявольнікі й грамадзяне, бедныя й багатыя, плебс і патрыцыят. Няўжо не ведаеш, што й некаторыя Карнэліюсы таксама хрысціяне, што хрысціянкай ёсць Пампонія Грэцына, што была ёю, падобна, Актавія, а ёсць Актэ? Так, гэта навука авалодвае свет, і яна адна можа яго адрадзіць. Не паціскай плячыма, бо хто ведае, ці за месяц або за год сам яе не прыймеш.
— Я? — наставіўся Пятроні. — Не, на сына Леты! Я не прыйму яе, хоць бы ў ёй была мудрасць людская й боская… Гэта вымагала б працы, а я не люблю натугі… Гэта вымагала б самаадрачэння, а я не люблю ў жыцці чагонебудзь зракацца. З тваёй натурай, падобнай да агню й вару, заўсёды магло штось падобнае прыдарыцца, але я? Я маю свае гэмы, свае камэі, свае вазы і сваю Эўніку. У Алімп не веру, але яго сабе ўладжваю на зямлі, і буду цвісці, пакуль не праніжуць мяне стрэлы боскага лучніка або пакуль цэзар не загадае падрэзаць сабе жылы. Да таго люблю яшчэ пах фіялкаў і выгодны трыклініюм, люблю нат нашых багоў як рытарычныя фігуры і Ахайю, куды выбіраюся з нашым трыбухатым, танканогім, незраўняным, боскім цэзарам, аўгустам, Перыяданіцэсам, Геркулесам, Нэронам!
Гэта выгаварыўшы, падгумарыўся на сам толькі ўспамін, што мог бы прыняць навуку галілейскіх рыбакоў, і пачаў паўголасам падспёўваць:
Ухарашу я ў міртовую зелень мой меч
Ў Гармадыёса й Арыстагітана след…
Але перарваў, бо дакладчык звясціў прыход Эўнікі. Незабаўна падалі й вячэру, падчас якое пасля некалькіх песень, адпяяных цытрыстам, Вініць расказваў Пятронію пра адведзіны Хілона, пра крывавую расправу з ім, пра зроджаны падчас тае расправы намер ісці проста да Апостала. На гэта Пятроні, зноў сонны, ударыўшы сябе ў лоб, сказаў: — Думка была добрая, калі вынік добры. А што да Хілона, дык я даў бы яму залатнікоў з пяць, а калі жадаў бы адсцёбаць, дык трэ было і ўвогуле засцёбаць, бо хто ведае, ці не будуць яму яшчэ кланяцца сенатары, як сяння кланяюцца нашаму рыцару-шаўцу Ватынію. Дабранач!
Читать дальше