Пайшлі і, адпачыўшы ды перакусіўшы ў ягоным доме, пад вечар вярталіся на Затыбра. Манючыся перайсці раку мостам Эмілія, йшлі праз Клівус Публікус [55] Публічны схіл (лац.).
, сярэдзінай Авэнтынскага ўзгор’я, між святынямі Дыяны і Мэркура. Апостал Пётр глядзеў з вышыні на бліжэйшыя й далейшыя, знікаючыя ўдалечыні, будоўлі, заглыбіўшыся ў думках, разважаў над веліччу й волатнасцю гэнага гораду, куды прыйшоў агалошваць слова Божае. Да гэтых пор бачыў ён рымскае панаванне й легіёны ў розных краёх, дзе бываў, але гэта былі як бы паадзіночныя часціны тае моцы, увасабленне якое ў постаці цэзара ўбачыў сяння першы раз. Гэны горад бязмерна дзярлівы й жадлівы ды адначасна разнузданы, гнілы да шпіку касцей, а і непарушны ў сваёй надлюдскай магутнасці; гэны цэзар, братабойца, маткабойца й жонабойца, за якім валокся не меншы ад ягонай світы шлейф крывавых мараў; гэны распуснік і блазан ды адначасна ўладар трыццаці легіяў, а праз іх усяе зямлі; тыя баяры, абвешаныя золатам і шкарлатам, няпэўныя заўтрашняга дня ды адначасна мацнейшыя за іншых каралёў — усё гэта разам выдавалася яму нейкім пякельным валадарствам зла і неправаты. І ўздзівіўся ў прастачым сваім сэрцы: як Бог можа даваць нечысці такую магутную сілу на зямлі, каб варочаў ёю, мясіў, таптаў, выціскаў слёзы й кроў, спустошваў віхурам яе, бурыў, як бура, паліў, як полымя. І затрывожылася апостальскае сэрца ад такіх думак, і пачаў скардзіцца Збаўцу ў душы: «Госпадзе, што мне рабіць з гэтым горадам, у які прыслаў Ты мяне? Ягонае мора й суша, ягоныя звяры на зямлі ды вадзяныя істоты, ягоныя ўсе каралеўствы й гарады і трыццаць легіяў, што стаяць на старожы, а я — рыбак з возера! Што мне рабіць? Як гэнае благоцце перамагчы?»
Так разважаючы, падняў сваю сівую дрыжачую галаву да неба і заклікаў трывожліва-жаласліва Боскага Вучыцеля. Нараз ягоную малітву перапыняе голас Лігіі: — Горад цэлы ў агні… І праўда, сонца дзіўна заходзіла таго дня. Вялізнае ягонае кола засунулася ўжо да палавіны за Янікульскае ўзгор’е, а ўся шыр неба залілася чырвоным бляскам. З таго мейсца, дзе стаялі, іхні зор абыймаў шырокі далягляд.
Крыху направа бачылі выдаўжаныя муры Цыркус Максімус, над ім Палатынат, а проста насупраць, за Форум Боарыюм [56] Бычыны Форум (лац.).
ды Вэлябрам — верх Капітолю з святыняй Ёвіша. Але муры, калюмнада й шчыты святынь былі як бы занураныя ў той залаты й пурпуровы бляск. Бачныя здалёк часткі ракі плылі як бы крывёю, і чым больш сонца хавалася за ўзгорак, тым чырванейшым ды падабнейшым да загарава рабіўся ягоны водблеск, узмагаўся й пашыраўся, аж урэшце абняў сем узгоркаў і разліўся па ўсёй ваколіцы.
— Цэлы горад, бы ў вагні, — паўтарыла Лігія.
А Пётр, прысланіўшы даланёю вочы, кажа: — Гнеў Божы над ім.
Вініць да Лігіі: «Нявольнік Флягон, праз якога пасылаю табе гэны ліст, ёсць хрысціянінам, ён будзе адным з тых, што атрымаюць вольнасць з тваіх рук, саrissima. Гэта стары слуга нашага дому, дык магу пісаць праз яго з цэлым даверам смела, ліст не патрапіць у іншыя рукі, апрача тваіх. Пішу з Лаўрэнтума, дзе з прычыны гарачыні папасваемся. Атон меў тут прыгожую віллу, якую ў сваім часе падараваў Папеі, а яна, паміма развітання з ім, не пасаромелася затрымаць каштоўны падарунак… Як падумаю пра гэтых жанчын, якія мяне акружаюць, ды аб табе, здаецца мне, што з каменняў Дэўкаліёна мусілі паўстаць розныя, не падобныя да сябе, гатункі людзей, а ты належыш да таго, які зрадзіўся з крышталю. Падзіўляю цябе й люблю ўсёй душою, і хочацца гаварыць толькі аб табе, а тут трэ змушаць сябе пісаць табе аб дарозе, аб сабе ды аб навінах пры двары. Цэзар гасціў у Папеі, якая ўпотайкі прырыхтавала слаўную пачостку. Няшмат, праўда, аўгустыянаў было запрошаных, але і Пятронія і мяне запрасіла. Пасля прандыюма плавалі мы залатымі лодкамі па моры, якое было так спакойнае, спала, ды так блакітнае, як твае вочанькі, о боская! Веславалі мы самі, бо гэта падабалася аўгусце, што яе, бач, вязуць кансулярныя мужы або іхнія сыны. Цэзар, стоячы пры рулю ў пурпуровай тозе, пяяў гімн на славу мора, уложаны папярэдняе ночы з музыкай Дыядора. На суседніх лодках падпявалі індыйскія нявольнікі, умеючыя йграць на марскіх слізяніцах, а навакол паказвалася шмат дэльфінаў, маўляў вывабленыя музыкай з марское глыбіні. А я ведаеш што рабіў? Думаў і тужыў аб табе, хацелася забраць гэнае мора, і гэную пагоду, і гэную музыку ды ўсё аддаць табе. Ці хочаш, каб мы калісь пасяліліся над морам, аўгуста мая, здалёку ад Рыму? Маю на Сіцыліі маёмасць, дзе ёсць мігдалёвы лес, што цвіце вясною ружовым цветам, а даходзіць так блізка да мора, што галінкі цалуюць ваду. Там кахаціму цябе і славіціму тую навуку, што Павал мяне навучыць, бо ведаю ўжо тое, што яна не працівіцца каханню й шчасцю. Ці хочаш?.. А пакуль пачую ад цябе адказ, пішу далей аб здарэннях на лодцы. Адплылі мы далёка ад берагу і ўгледзелі вятругу ўдалечыні перад сабою, паўстала спрэчка: ці то звычайная рыбацкая чайка, ці вялікі мараплаў з Остыі? Я распазнаў яго першы, тады аўгуста кажа, што ад маіх вачэй нічога не схаваецца, і, спусціўшы нагла на твар заслону, спытала, ці нат гэтак бы я й яе распазнаў? Пятроні зараз падхапіў, што за хмарай нат і сонца дагледзець нельга, а яна, быццам смеючыся, гаварыла, што так хуткае вока адно толькі каханне магло б хіба асляпіць, і, згадваючы розных аўгустыянак, пачала пытаць, раздумоўваючы, у якой я кахаюся. Я адказваў спакойна, але ў канцы вымавіла й тваё імя. Гаворачы аб табе, адкрыла зноў твар і пачала глядзець на мяне лютымі пытаючымі вачыма. Але ў той жа хвіліне Пятроні, дзякуй яму, калыхнуў лодку і гэтым адвярнуў агульную ўвагу ад мяне, бо калі б я пачуў быў аб табе непрыхільнае слова або кпіны, дык не ўмеў бы схаваць гневу і мусіў бы змагацца з ахвотай разбіцця галавы гэнай пярэваратні… Хіба ж памятаеш, што я табе напярэдадні выезду расказваў у Лінуса аб здарэнні на сажалцы Агрыпы? Пятроні перасцерагае мяне, каб не дражніў самалюбства аўгусты… Але Пятроні ўжо не разумее мяне і не ведае, што па-за табою няма для мяне ні раскошы, ні кахання, ды што да Папеі чую толькі абрыду й пагарду. Ты занадта ўжо змяніла душу маю і так далёка, што да даўнейшага жыцця вярнуцца б я ўжо не мог. Але не бойся тут якоенебудзь небяспекі. Папея не кахае мяне, бо яна нікога кахаць не здолее, ейныя похаці плывуць толькі з помсты на цэзара, які знаходзіцца яшчэ пад ейным уплывам і які мо нат яе шчэ й любіць, але ўжо не шчадзіць яе ды не хавае перад ёю свае бессаромнасці й грахаводніцтва. Скажу табе яшчэ іншую рэч, якая цябе павінна супакоіць: Пётр сказаў мне перад выездам, каб не баяўся цэзара, бо волас мне не спадзе з галавы, і я веру яму. Нейкі голас гаворыць мне, што кожнае ягонае слова мусіціме збыцца, а калі ён пабагаславіў нашае каханне, ані цэзар, ані ўсе сілы Гадэсу, ані само нат Празначэнне не здалеюць ад мяне цябе, Лігійка, адабраць! Як падумаю пра гэта, чуюся шчаслівым, як Неба, якое адно толькі вечна шчаслівае й спакойнае. Але, мабыць, цябе, хрысціянку, закранае тое, што гавару пра Неба і Празначэнне? Калі так, дык выбачай, бо грашу нехаця. Хрост яшчэ не абмыў мяне, але сэрца маё ўжо гатовае, моў чара, якую Павал з Тарсу зара напоўніць салодкаю вашаю навукаю, тым салодшай, бо тваёю. Ты, багінька, палічы мне за заслугу хоць тое, што я выліў з тае чары ўсё, што яе дагэтуль напаўняла, ды што не жахаюся, але выцягаю яе, як спрагнены чалавек, стаючы ля чыстае крыніцы. Будзь ласкава! У Анцыюме днямі й начамі слухаціму Паўла, які сярод маіх людзей у першым ужо дню падарожжа здабыў такі ўплыў, што тоўпяцца ля яго бесперапынна, бачачы ў ім не толькі таўматурга, але й надпрыродную амаль постаць. Учора віднела радасць на ягоным твары, а як я спытаў яго, што парабляе, адказаў: «Сею». Пятроні ведае, што ён знаходзіцца між маімі людзьмі, і хоча яго бачыць, таксама і Сэнэка, які чуў пра яго ад Галлёна. Але вось і зоркі бледнуць, а ранні «люцыфар» свеціць штораз мацней. Незабаўна заранка заружавіць мора — і ўсё навокал спіць, я толькі думаю аб табе і кахаю цябе. Прывітанне табе, мая зарніца, sponsa mea!» [57] Наканаваная мне (лац.).
Читать дальше