Лёднік хацеў ужо нешта рэзкае сказаць, але Саламея сама раздражнёна перарвала жартаўніка.
— Не варта смяяцца над продкамі, якія не маглі пераўзысці нас у цынізме, а нам здаецца — што ў розуме. Той, хто хацеў увайсці ў месца, дзе захоўваюцца святыя хрысціянскія рэчы, мусіў кінуць камень у выяву нячыстага, вось там. Манахі верылі, што чалавек, якія мае зносіны са злом, не зможа гэтага зрабіць.
Сапраўды, у куце фрэскі, там, дзе было намаляванае пекла з лесам вогненных языкоў, бачылася паскудная выява з рагамі і пысай, падобнай да пысы дзіка, трохі аблезлая — відаць, менавіта ад шпурляння, а можа і плявання, у яе. Вырвіч паслухмяна пайшоў па глыжы — цяпер зразумела было, нашто ў куце гэтая кучка… А Ватман падміргнуў Лёдніку:
— Механіка, кажаш, доктар? Значыць, калі падумаць, усё гэтае пляванне-шпурлянне, выпрабаванне праўдзівасці веры мае на мэце адно: націснуць на тое месца мура, дзе намаляваны Люцыпар, ды ўлучыць чарговую машыну. Пасля падарожжа ў жалезным цмоку мяне нічога не дзівіць.
Ватман лена наблізіўся да сцяны, узважваючы ў руцэ чакан, і дзюбнуў тупым канцом проста ў пысу нячыстай сілы. Усяго адзін раз. Але ў паганым абліччы адразу ўтварылася выбоіна, а падлога пад нагамі зрушылася. Шукальнікі скарбаў адскочылі ад сцяны… Пліты паволі апускаліся, адкрываючы ход уніз. Ватман пасвяціў у чорны прагал ліхтаром:
— Прыступкі! Ну што, спускаемся, ці яшчэ якія фокусы трэба ўчыніць?
Угневаная Саламея моўчкі адсунула Ватмана ўбок і палезла ў ход.
За сцяной, аднак, зноў не аказалася бібліятэкі. Вузкі доўгі пакой без вокнаў, без дзвераў, аднак паветра чамусьці свежае, ясна, што ёсць галаснікі, звязаныя з паверхняй. Тут уся падлога была выкладзеная каменнымі плітамі. Пасярэдзіне ішла вузкая, не шырэй локця, палоска з вузкіх плітаў чырванаватага колеру.
— Ды хто ж усё гэта збудаваў? — вырвалася ў Пранціша. — Няўжо нашыя палачане?
— Думаю, гэта з’явілася задоўга да Ліфляндскай вайны, — задумліва прамовіў Лёднік. — Магчыма, яшчэ і да таго, як пабудавалі Сафію, і акрым палачанаў, тут пастараліся і прыезджыя майстры. Падобнае ёсць у катакомбах Канстанцінопаля… Вядома, лабірынты Егіпту і Кноса куды ранейшыя ды буйнейшыя, параўнанне з імі надта казачна выглядае. Але прынцып паўсюль той самы.
— Ты хочаш сказаць, сюды егіпцяне прыходзілі? — здзівіўся Пранціш.
— Егіпцяне наўрад… А візантыйцы тут дакладна бывалі. Дарэчы, ты ж сам верыш, што вядзеш род ад старажытнарымскага арыстакрата Палямона, — няўважна прамовіў Лёднік і павярнуўся да Саламеі.
— Напачатку выпрабоўвалася моц нашай любові да бліжняга свайго… Пасля — наша хрысціянская вера. Цяпер, паводле логіцы і Святога Пісання, час выпрабаваць нашую надзею? Апошняе, што застаецца чалавеку?
Саламея, раптам саслабеўшы, закрыла твар рукамі і прашаптала:
— Бацька, прабач…
Угледзелася ў твар Лёдніка, прагна, нібыта нешта там шукала — напрыклад, пацверджання, што ён варты такой ахвяры — і рашуча адвярнулася.
— Так, цяпер выпрабаванне надзеі. Бо вам давядзецца спадзявацца толькі на літасць Божую і на мяне. Ступайце за мной след у след. Чуеце? Запаліце паходні… Яны павінны быць вось там, справа ад уваходу. Нам спатрэбіцца святло. Глядзіце пільна пад ногі.
У куце сапраўды былі падрыхтаваныя з дзесятак паходняў, добра прасмоленых. Цемру сутарэнняў гэта не разагнала, але ўсё-ткі ад жывога агню зрабілася весялей. Саламея перахрысцілася, прашаптала кароткую малітву і паставіла нагу — асцярожна, як на лёд — на чырвоную паласу. Ступіла крок, другі, трэці, не выходзячы за межы чырванаватых плітак… Ціха. Але як толькі за ёй на чырвонай паласе апынуўся Лёднік, пліты паабапал нават не апусціліся — а праваліліся з глухім грукатам, так, што ўсё задрыжэла, і Лёднік прытрымаў за локаць Саламею, якая трошкі пахіснулася. І вось ужо па абодва бакі зеўрала прорва. Засталася толькі вузкая каменная дарожка у локаць шырынёй, якая ўпіралася ў процілеглую сцяну. Ватман шматзначна перхануў:
— Добры сродак пазбавіцца ад непажаданых наведнікаў, ці не так, вядзьмарачка? Дзякую, што не скарысталася, я гэтага не забуду.
Лёднік азірнуўся на Пранціша, які мусіў ісці за ім, працягнуў руку:
— Трымайся!
— Яшчэ чаго! — ганарыста закінуў галаву шкаляр. — Ды я па гэтай сцежачцы з заплюшчанымі вачыма прабягуся!
— А вось бегчы не варта, — разважліва падказаў апошні ў іхнім шэрагу Ватман. — Толькі дурань рызыкуе дзеля пустой хвальбы. Давайце, давайце… Тупайце… А то яшчэ што праваліцца, зваліцца ці кашалькі паадбірае.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу