Праўда, праз нейкі час шлях стаўся вальнейшым… Цяпер было проста вусцішна. Асабліва калі дайшлі да скрыжавання, ад якога адыходзіліся аднолькава няўтульныя адгалінаванні направа і налева. Саламея дастала недарэчны клубок, адматала да першага вузельчыка, заціснула яго ў руцэ.
— Налева.
Вось яно як… Пранціш здагадаўся, што Іван Рэніч з дапамогай адмысловых вузельчыкаў пазначаў, куды павярнуць. З цікавасці Вырвіч прыстроіўся блізка да Саламеі, каб сачыць, якімі менавіта вузельчыкамі Рэніч абазначаў павароты направа, налева і просты накірунак. Трэба ж, сам кнігар такое вынайшаў альбо ў кнігах вычытаў? Бо ў гэтых лабірынтах без усялякіх пазнакаў немагчыма было ні дайсці некуды, ні выбрацца. Вырвіч з прыкрасцю мусіў прызнацца сабе, што і ён дакладна заблукаў бы.
А Ватман нават не хаваўся — падыйшоў, памацаў вяровачку ў руках панны, не зважыўшы на злосны пагляд Лёдніка, перапытаўся пра вузельчыкі, ухвальна пацокаў языком.
Найміт быў узброены, як на вялікую вайну. Пры баку — турэцкая серпанціна, на другім баку — чакан. За халявамі, напэўна, кінжалы… А вось Лёдніку і Пранцішу дазволілі ўзяць з сабой толькі шаблі, і тое таму, што Пранціш упёрся. Найміт запэўніў, што абароніць спадарожнікаў, калі што, найлепшым чынам, а лішні цяжар у падарожжы замінае.
Час ад часу на галовы пачынала ліцца халодная вада. Пару разоў падзьмула свежае паветра — каб свечка не была абароненая шклом ліхтара, згасла б. Здаралася, пад нагамі адкрываліся прагалы — але прыкрытыя дошкамі, відаць, прыцягнутымі Іванам Рэнічам.
Яны ішлі і ішлі… У цёмных адгалінаваннях, у якія яны не зварочвалі, мроіліся прывіды, нечыя чырвоныя вочы, і здавалася, зараз адтуль нехта выпаўзе, кінецца… Але кідаліся толькі пацукі. Яны прабягалі проста пад нагамі, нібыта аслеплыя і аглухлыя, не маючы аніякага постраху перад прыхаднямі, ды ім і не варта было баяцца — бо тут у іх быў свой горад, са сваім каралём, мільённай арміяй, сваймі законамі і звычаямі. І, магчыма, тыя, што выбягалі на святло, былі выведнікамі, шпегамі, і зараз дзесьці ў пацучыным палацы вайскаводцы з белымі, сляпымі ад вечнай цемры вачыма прымаюць рашэнне, як найхутчэй, з якой падлючай хітрасцю загубіць пачвараў, што прынеслі ў іхняе царства агонь і надземную хцівасць.
Нарэшце шлях перагарадзіла сцяна са шчыльна прыгнаных адно да аднаго каменняў. Тупік? Саламея скруціла клубок да канца і перадала шкаляру.
— Беражыце, пан Вырвіч. Вы ж запомнілі, як вытлумачваць які вузельчык?
— Мы што, заблукалі? — падазрона папытаўся Ватман, як бы між іншым паклаўшы руку на дзяржальна шаблі і слізгаючы навакол позіркам. Стары ваяр у кожным тупіку не можа не чакаць нападу.
Пані Лёднік нават не адказала. Яна засяроджана глядзела пад ногі. Замест брукаванкі тут былі шырачэзныя каменныя пліты, якія нагадвалі надмагільныя. Па шырыні праходу іх змяшчалася чатыры. На апошніх плітах, што ўпіраліся ў сцяну, якая перагарадзіла шлях, можна было ўгледзець амаль сцертыя літары, Вырвіч разабраў толькі словы «бліжняга свайго». І яшчэ адна дзіўная рэч: каля левай сцяны на нягегла збітым вазку тырчэў абрубак дрэва, камель амаль з чалавека. Да вазка была прывязаная вяроўка. Не падобна, што гэта прыцягнулі сюды стагоддзі таму… Значыць, прынёс бацька Саламеі. Цікава, навошта? Сцены тараніць?
— Пан Ватман і пан Вырвіч, я папрашу вас адысці падалей. Вось так, дастаткова. І не рушцеся з месца, пакуль я вас не паклічу. А ты, Бутрым, перадай ліхтар пану Ватману.
Голас пані Лёднік быў такі ўладны, што ніхто не стаў ні пярэчыць, ні перапытваць. Саламея павярнулася да мужа.
— Стань вунь на тую пліту…
Доктар паслухмяна адыйшоўся ў самы кут. Саламея апынулася насупраць, у правым куце… Цяпер між імі былі дзве пліты. Гэта было падобна на тое, як расстаўляюць фігуры ў гульні пад назвай шахматы: Вырвіч яе так і не засвоіў, але бачыў, як багатыя хлапцы са старэйшага курсу важна перасоўваюць фігуркі, выразаныя са слановай косткі і аздобленыя срэбрам, па клетках драўлянай дошкі. Пранціш памятаў, што большасць фігурак абавязкова будзе «з’едзена» іншымі.
На хвілю запанавала ціша.
Далейшае адбылося так імкліва, нібыта пракаветны скандынаўскі бог Тор уваліў кавальскім малатком па гадзіне так, што яна сплюснулася, вытанчылася да аднаго імгнення. Пліта, на якой стаяла Саламея, раптам правалілася, і тая, што побач, пачала правальвацца… Лёднік адразу ж скочыў за жонкай, і пад яго цяжарам другая пліта абрынулася ўніз, ніхто не паспеў нават ускрыкнуць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу