Вырвіч і Ватман кінуліся да прагалу, усведамляючы, што безнадзейна спазніліся… Але жахлівай прорвы не пабачылі — наадварот: пліты павольна падымаліся наверх, пераляканы доктар (а Пранціш упершыню бачыў доктара пераляканым) трымаў у абдоймах Саламею, а на вуснах той лунала мройная, трохі сумная ўсмешка… І разам з тым, як пліты пакрысе вярталіся на сваё месца, у глухой сценцы, што перагарадзіла шлях, пачала ўтварацца роўная шчыліна, якая са скрыгатам — камень аб камень — пашыралася, нібыта нехта рассякаў, рассоўваў мур волатавым мячом.
— Хутчэй! Дзверы зараз зачыняцца! — крыкнула Саламея і пацягнула Лёдніка за руку ў чорную шчыліну. Вырвіч і Ватман рушылі за імі… Як толькі вандроўнікі забеглі ў таемныя дзверы, страшэнны грукат за спінамі засведчыў — праход зачыніўся.
Ватман высока падняў ліхтар, які не выпусціў з рук, нягледзячы ні на што. Яны апынуліся у пакоі, дзе, аднак, не было ні бібліятэкі, ні рамфеі — толькі фрэскі на сценах. Ясна, што дужа старыя, але нават у цьмяным святле ліхтара бачылася — фарбы не страцілі яркасці. Пранціш пазнаў выявы Барыса і Глеба, Хрыста Пантакратара і нават святога Вацлава. Надпісы на сценах віліся стараславянскай вяззю. Яшчэ адна дзіўната — складзеныя ў куце глыжы, нібыта маленькі курган, пад якім была пахаваная нейкая мізэрная істота.
— І як жа назад? — падазрона папытаўся Ватман. Саламея няўважна махнула рукой:
— Назад прасцей… Націснуць адначасна абедзьвума рукамі вунь на тыя камяні, што выпіраюць са сцяны.
— Гэта на знак, што нічога з сабой не выносіш, — насмешна і раззлавана патлумачыў Лёднік, які яшчэ не ачуняў ад перажытага, бо вочы ў яго ажно гарэлі чорным гнеўным агнём. — Дойліды, аднак, страшнаватыя жарты тут пакінулі. Ты што, папярэдзіць мяне не магла? Абавязкова было, каб я перажыў тваю смерць?
Саламея вінавата апусціла вочы.
— Абавязкова. Так рабілі ўсе, хто прыводзіў сюды неафітаў. Прабач, але бацька сказаў, каб я, калі прыду сюды першы раз, учыніла ўсё па правілах. У сутарэнні могуць прайсці толькі чыстыя сэрцам, а людзі, якія гатовыя ратаваць адзін аднаго цаной уласнага жыцця, зусім кепскімі быць не могуць.
— Значыць, калі б я не скочыў за табой… — у голасе доктара ўсё яшчэ чуўся гнеў.
— Дзверы б не расчыніліся. Мы б не загінулі, але і не прайшлі б далей, — спакойна патлумачыла Саламея.
— Чакайце, — захваляваўся Пранціш. — А як жа Іван Рэніч адзін сюды хадзіў?
— Рэніч быў вынаходнікам, — змрочна прамовіў Лёднік. — А я думаў — нашто яму сюды прыцягваць тое бервяно? Неяк ён даведаўся пра сістэму з плітамі. Націснуць напачатку адначасова на дзве скрайнія пліты. А калі крайняя правая пачне апускацца — перамясціць вагу з крайняй левай пліты на другую справа. І прыводзіцца ў дзеянне механізм, які адчыняе праход. Вось і ўся ахвярнасць. Не містыка, а механіка.
— Для таго і патрэбныя таямніцы і таемствы, каб не зводзілася ўсё да простай механікі, — раздражнёна адказала Саламея.
— Можа, пані адразу патлумачыць, якой халеры нам яшчэ чакаць? — ветліва папытаўся Герман Ватман. — А то ад нечаканасці хтось сплюгуе свае нагавіцы, зганьбіць святое месца.
Пані Лёднік ганарыста адкінула галаву.
— Вы не ў шынку, каб замаўляць стравы на свой густ. Я звязаная прысягай не толькі з панам Багінскім. Проста рабіце тое, што я вам кажу.
— Ніколі не слухаўся кабетаў,— прабурчэў Ватман, але змоўк. А Саламея прайшла ў далёкі канец пакоя, да сцяны, таксама распісанай фрэскамі. Там быў адлюстраваны Страшны Суд. Асабліва палохалі бясконцыя натоўпы грэшнікаў, дробных, з мезенец, якія сыходзілі ў вогненнае мора, на пакуты… На маленькіх невыразных тварах бачыліся раскрытыя ў адчайным крыку раты. Унізе фрэскі віўся надпіс: «Житейское море, воздвизаемое зря напастей бурею, к тихому пристанищу Твоему притек, вопию ти: возведи от тли живот мой, Многомилостиве».
Ватман падыйшоў блізка да сцяны, памацаў яе, абгледзеў, падымаючы ліхтар ва ўсе бакі, але ніякай шчыліны, што паказвала б на схаваныя дзверы, не знайшоў. Затое падлога таксама была складзеная са знаёмых каменных плітаў, і найміт асцярожна адступіў назад.
— Там выпрабоўвалася любоў да бліжняга. Тут выпрабуецца вашая вера ў Госпада, — ціха прамовіла Саламея. — Калі мы прымаем святое хрышчэнне, то адракаемся ад нячыстае сілы, тройчы плюем у бок ейнай агіднае выявы…
— О, мы павінны плявацца? — абрадваўся Ватман. — Гэта я магу! Як саламіну паламаць, даплюну куды скажаш. І шкаляр тут мусіць быць спрактыкаваны, праўда? Мы ў школе, памятаю, праз сцябліны трыснягу так сухім гарохам пляваліся! Вось з доктарам праблемы… Надта чапурысты, пачне плявацца — яшчэ ўласнай слінай атруціцца.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу