Яны біліся ўдвох супраць аднаго, і бойка была сапраўды няроўнай… Для іх дваіх, бо яны змагаліся адчайна, як маглі, а Ватман адбіваўся нават лена, не губляючы сваёй звычайнай усмешкі, быццам гуляўся, як кот з двума мышкамі. Не наносіў смяротных удараў, толькі драпаў, рэзаў адзежу, скуру… Так, каб усведамлялі: магу дастаць да душы ў любы міг. Хаця Лёднік ужо дакладна не быў слабым воем — у Слуцкай браме ён адзін стрымліваў дзесятак жаўнераў.
— Як там спяваецца ў песні пра нябожчыка, які з’явіўся да нявесты, а, доктар? «А што, калі ўсё разваліцца? Тады з костак булён зварыцца!». На шчасце, жанчыны аддаюць перавагу жывым героям перад мёртвымі. Ці не праўда, пані Лёднік? Я ніколі нічога не меў супраць удоваў. Удава — гэта яшчэ лепш, чым цнатліўка, яна жанчына дасведчаная, цэніць мужчынскую ласку…
Лёднік раз’ятрана кінуўся на Ватмана, на падлогу абрынуўся закрануты бясцэнны фаліянт. На скураную вокладку зараз жа наступіў бот найміта, а доктар адляцеў назад з парэзаным рукавом, на якім праступіла чырвань.
— Бутрым! Паходня! — ускрыкнула Саламея, але ні Лёднік, ні Пранціш не змаглі перашкодзіць белавалосаму наблізіцца да апошняй паходні і таксама зваліць яе на падлогу.
Цяпер пакой асвятляўся толькі дрогкім агеньчыкам свечкі ў ліхтары, які ахоўвала Саламея. Палачанка адыйшлася ў кут і ліхаманкава запальвала яшчэ адну свечку, разумеючы, што застацца ў цемры азначае пагібель. Пранціш заўважыў, што куфэрак з рамфеяй пані Лёднік прыхапіла з сабой, цяпер ён стаяў побач з ліхтаром на паліцы, каля фаліянтаў. Вырвіч у мітульзе апошніх хвіляў так для сябе і не вырашыў, чаго хоча ён сам — уручыць святыню Паланэі Багінскай ці паспрыяць, каб яна засталася ахоўваць нябачнай моцай горад, а разам і ўсю Беларусь? Як больш годна ўчыніць для шляхціца?
— Пачакай мяне яшчэ трохі, вядзьмарачка, зараз толькі расчышчу дарогу, а то накідана тут нейкіх карчоў з калючкамі, — бадзёра прамаўляў Ватман, які нават не задыхаўся. — Запэўніваю, мы з табой паразумеемся. Доктар твой — зануда, іртутнай парай паедзены, а я — вясёлы… Смелых жанчын люблю.
І падбіў нагой непадымны дубовы стол, які з глухім стукам паваліўся. «Карчы з калючкамі», гэта значыць, Пранціш з Лёднікам, разляцеліся ўбакі, спрабуючы ўнікнуць удару чакану, які мог бы, напэўна, не толькі чэрап, але і сцяну прабіць. Шабля Лёдніка мільгала так, што здавалася срэбным туманам, яе абрысы расплываліся. Але да Ватмана ён змог дастаць толькі раз, падрапаўшы таму шчаку, чаго гігант нібы не заўважыў. Вырвіч пачынаў думаць пра срэбныя кулі і асінавыя калы, з якімі належыць хадзіць на ваўкалакаў. А тут яшчэ Гіпацэнтаўр, сустрэўшыся з чаканам, адляцеў убок, і лязгат старой сталі аб камяні падаўся шкаляру пахавальным звонам. Лёднік зараз жа захінуў былога гаспадара:
— Адступай да Саламеі!
Ні пісталетаў, ні нажа… Пранціш з адчаем глядзеў, як Лёднік крок за крокам ідзе назад пад націскам Ватмана. Дабрацца да Гіпацэнтаўра, які найміт адшпурнуў нагой далёка да выхаду? Саламея прыціскала да сэрца маленькі нож, ашчаджаны ад дагляду, яе вочы гарэлі рашучасцю і болем. Вырвіч не сумняваўся, што яна думае зрабіць, калі ейны муж загіне. Шкаляр схапіў свечку, якую Саламея, запаліўшы, прымацавала на левую паліцу, і ўскочыў на не перавернуты яшчэ стол:
— Гэй, самазваны барон!
Ватман кінуў лянівы позірк і злосна вылаяўся: Пранціш трымаў над агеньчыкам свечкі клубок Івана Рэніча. Канец вяроўкі ўжо аблізвала полымя.
— Ну што, застанемся тут усе разам? Як кажуць, ні вашым, ні нашым!
Ватман апусціў зброю, ягоны шырокі твар перакрывіўся ўсмешкай.
— Дарэмна я дазволіў пажыць вам гэтыя лішнія хвілі. Ты, значыць, гатовы памерці, шкаляр?
— Сапраўдны шляхціц заўсёды гатовы да смерці! — выкрыкнуў Вырвіч, і агеньчык падняўся па вяроўцы вышэй. — Нармальная кампанія, святое месца, добрая бойка… Памірайма, панове!
Лёднік абцёр рукавом пот і кроў з ілба, да якога прыліплі зблытаныя цёмныя валасы.
— Ватман, прапаную дамову… Без вяроўкі ты не пройдзеш лабірынт. Няхай жанчына і хлопец выйдуць адсюль, а тут застанемся я, ты і рамфея. Пакладземся на Божы суд.
— Я таксама застануся! — выкрыкнуў Вырвіч, не даючы вяроўцы разгарацца, але трымаючы клубок у небяспечнай блізкасці ад агню.
Барон зарагатаў.
— Ды мне ўсё адно, у якой чарговасці вас забіваць. Лабірынт — гэта сур’ёзна, магу заблукаць… Але магу і выбрацца, памяць у мяне добрая. Жанчыну я і так вазьму сабе жывою, хоча яна гэтага ці не. Апусці, апусці свой ножычак, мая красунька, а то парэжашся!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу