У Санькі галава як сельсавет, заўсёды што-небудзь прыдумае. Канечне, правяраць. Маючы ў запасе такую хітрасць, мы даволі смела пераступілі парог і акінулі хату строгімі вачамі правяральшчыкаў. Нас адразу заўважылі, быццам даўно чакалі.
— Хлопцы! Халасцёж прыйшла! — крыкнуў лапцінскі Лёнька і гучна зарагатаў. Яго падтрымала нейкая сакатуха, здаецца, Узварава Манька.
А што гэта за такая
Баявая халасцёж:
Слова скажаш, не так глянеш —
То за шаблю, то за нож! —
праспявала яна прарэзлівым голасам, і ўсім стала яшчэ весялей. А мы стаім, як ёлупні.
У тытунёвым дыме закураная лямпа, быццам месяц у воблаках: то пацямнее, то праясніцца. Уздоўж сцен на лаўках і нават на ложку і прыпечку сядзяць дзяўчаты і хлопцы. Усе не нашага гурту, многа старэйшыя. Хлопцы пыхкаюць цыгаркамі, перадаюць адзін аднаму «бычкі», а дзяўчаты лузгаюць семкі.
Буслікаў Косцік, які ўсяго гады на два старэйшы за нас з Санькам, сядзіць на самым выгодным месцы. Схіліўшы галаву да самага гармоніка, ён ляніва перабірае пальцамі белыя гузікі ладоў і рыпае нешта несуладнае. Гэта ўжо звычай такі ў гарманістаў: перш чым сыграць тое, што просяць, спачатку вось гэтак парыпаць сабе пад вуха, быццам яны штосьці там чуюць асаблівае, чаго другім ніколі не пачуць. Як гэта гаворыцца, трымаюць фасон.
Косцік, звесіўшы свой бялявы хвалісты чуб на мяхі, фасоніў доўга. Яго ўжо некалькі разоў прасілі дзяўчаты сыграць, а ён быццам і не чуе. I толькі калі перасталі прасіць, нечакана зайграў сам. Так яму захацелася: ён гарманіст.
Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Выйшаўшы ў круг, тая самая бойкая Узварава Манька, відаць, жадаючы паддобрыцца да Косціка, заспявала, прытупваючы пад музыку:
Я любіла гарманіста,
Гарманіста цешыла.
I тут усе дзяўчаты, адна мацней за другую, падхапілі на розныя галасы:
Сама гармонік на плячо
Гарманісту вешала. І-іх!
Побач з Косцікам незнаемы мне, відаць, чужасельскі хлопец па-заліхвацку б'е ў бубен. Ад яго вачэй не адвесці, такія ён робіць выкрунтасы: то стукне далонню, то костачкамі складзеных у кулак пальцаў, то бубнам аб локаць, то аб калена. Пры гэтым яго галава то фанабэрыста задзіраецца ўгору, то схіляецца набок, быццам і да бубна трэба прыслухоўвацца, як да гармоніка. I ўвесь яго выгляд сам гаворыць: яшчэ і не так магу. Словам, два боты — пара: што гарманіст, што барабаншчык.
А паміж хлопцамі і дзяўчатамі пачалося штосьці накшталт перастрэлкі. Хто каго ў сваіх прыпеўках лепей падколе. На Маньчыну любоў да гарманіста адказаў з круга зухаваты хлапечы голас:
Гарманіста палюбіць
Мілая збіраецца,
Мажа губы, пудрыць шчокі,
Толькі не ўмываецца.
Пад Косцікаву музыку хлопцы вядуць дзяўчат наперад, затым паволі адступаюць, і раптам усе разам я-ак тупнуць буркамі ў гумавых бахілах па падлозе, аж гнуцца падваліны і гойдаецца лямпа, а потым падхопяць дзяўчат і пачынаюць віхрам кружыцца ў адзін бок: гэкнуць, аж печ падскочыць — і ў друті бок. На печы дрэмле старая Язэпіха, і кожны раз, калі хлопцы б'юць нагамі па рыпучых маснічынах, паказваючы сваю сілу і спрыт, спалохана падхоплівае галаву і бурчыць сабе пад нос:
— Разваляць хату, антыхрысты.
Дзяўчаты расчырванеліся. Манька, шустрая, рухавая, так круціцца перад сваім «мілёнкам», што спадніца надзімаецца парашутам.
Мой мілёнак, як цялёнак,
Толькі розніца адна:
За цялёнка возьмеш грошы,
А мілёнку грош цана!
Супраць дзяўчат дык хлопцаў і малавата: з вайны не прыйшлі. Але хоць іх і мала, а паддавацца не хочуць. Той самы зухаваты басок не застаўся ў даўгу:
Тыру-тыру,
Хлопцам сыру,
Хлопцам сыру з малаком;
Табу-табу,
Дзеўкам жабу,
Дзеўкам жабу з чарвяком!
Косцік яшчэ раз рыпнуў і змоўк. Перад ім адразу адчынілася некалькі самаробных алюмініевых партсігараў з тытунём і папяросамі. Паглядзеў Косцік, дзе таўшчэйшая, і ўзяў. «Цвікоў» ён не курыць.
Пасядзелі мы яшчэ крыху з Санькам, ды і дамоў пара. Хопіць для першага разу. Толькі я за клямку ўзяўся, а нам наўздагон — новая прыпеўка:
А ў нас хлопцы гулялі,
У парозе стаялі.
Вы прыходзьце шчэ гуляць,
У парозе пастаяць.
Уся хата зарагатала, а мы насупіліся і пайшлі. Мы пакрыўдзіліся. Няхай цяпер самі гуляюць, калі такія. Нават прасіць будуць, не пойдзем. Не бачылі мы іх танцаў. Шчасце вялікае — нагамі розныя выкрунтасы вырабляць ды горла драць прыпеўкамі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу