Дні тры я вазіў са стайні гной да парнікоў і разам з дзедам Мікалаем набіваў ім рамы. Школа мала-памалу пачала быццам бы і забывацца. Толькі калі праходзіш міма з віламі на плячы, нешта балюча заные ў грудзях і зробіцца чамусьці крыўдна і горка. Хочацца падкрасціся да ганка і хоць адным вокам заглянуць у акно. Што яны там робяць без мяне, зноў плаваюць з Мурманска ў Адэсу ці ламаюць галовы над алгебрай? I няхай ламаюць, няхай смяецца цяпер тая Каця. Мне яе ўсмешкі зараз ні ішлі ні ехалі. Я цяпер самастойны чалавек, я пайшоў на свой хлеб і калі захачу, то і курыць пачну. Толькі бацькі пабойваюся.
Крыўдна таксама, што ўсе яны так хутка забыліся пра мяне. Быццам я і не хадзіў у школу, быццам я там нікому і не трэба. Толькі Санька не забыуся. Учора ён прынёс поўныя прыгаршчы жоўтай серкі.
— Дзе ты ўзяў? — узрадавалася бабка.
— А ў мяне цэлая аптэка,— пахваліўся ён.— Трэба, дык і яшчэ прынясу.
— Прынясі,— не адмовілася старая. У яе такі характар — любіць усё мець з запасам. Цяпер бабка Санькавай серкай пудрыць мне рукі і гаворыць, што ўсё ідзе добра.
У той дзень я каля школы затрымаўся даўжэй, чым звычайна. Трэба было дачакацца Санькі. І калі б толькі ведаў, што далей са мной будзе, то абмінуў бы гэтае месца дзясятай дарогай, а не тырчаў на ганку і не заглядваў у вокны, як злодзей.
— Добры дзень, Ваня,— нечакана пачулася за спінай, і мне зрабілася так няёмка, быццам мяне злавілі пад акном чужой хаты.
Павярнуўся — перада мной стаіць Антаніна Аляксандраўна, маленькая, сівенькая, і знізу ўверх зацікаўлена ўглядаецца ў мой твар. У яе руках абярэмак сшыткаў і класны журнал. Відаць, яна і сама не чакала такой сустрэчы і цяпер не ведае, што далей гаварыць.
— Гэта праўда? — нарэшце спытала яна.
— Што праўда? — Я адчуў, як горача запалалі мае вушы.
— Што кінуў школу.
— Ыгы.
— Так,— уздыхнула настаўніца і на хвілінку задумалася. Потым схамянулася і частай шчабятлівай скорагаворкай рашуча загадала: — На, памажы мне занесці дахаты сшыткі!
Вось дык папаўся! I адмовіцца нельга, і ісці неахвота. Зноў пачнуцца ўгаворы-перагаворы, а мне і бацькавых хапае. Не пайду я ў яе хату, няхай не думае. Данясу толькі да парога і аддам.
Да хаты настаўнікаў недалёка. Настаўнікі жывуць побач на ўзгорку, у былым папоўскім доме, даволі ўжо старым, як і тая ж воласць. Летам яго крыху падрамантавалі, але мы ведаем, што ў ім і грубкі чадзяць, і праз вокны дзьме. У калідоры, куды я зайшоў услед за Антанінай Аляксандраўнай, цёмна і сыра. Вось тут і аддам яе ношку.
— Трымай! — апярэдзіла яна, і ў маіх руках апынуўся другі стос сшыткаў ды яшчэ і класны журнал, а ў цемры забразгаў ключ.
Так мне і не ўдалося ўцячы. Каб пазбавіцца ношкі, я мусіў зайсці ў пакой і пакласці яе на стол. Антаніна Аляксандраўна адразу ж папрасіла нашчапаць трэсак, каб падпаліць у грубцы, і зноў нельга было адмовіцца. Давялося зняць шапку і світку.
— А цяпер будзем піць чай,— абвясціла яна неяк зусім па-свойску, быццам гэта было само сабой зразумела з самага пачатку.— Ты любіш чай з сахарынам?
Чай з сахарынам! Хто ж яго не любіць? Хіба ўжо такі пан, якому нічога ў горла не лезе. А ў мяне і пытаць не трэба — я яго люблю, толькі не хачу і піць не буду.
— Не-не-не-не,— загарадзіла мне дарогу Антаніна Аляксандраўна.— Гэта нікуды не варта. Ты мой госць, а госці не крыўдзяць гаспадароў. Нічога слухаць не хачу.
Во трапіў у нерат — ні ўзад, ні ўперад. I трэба было мне падыходзіць да той школы. Цяпер вось сядзі тут, як аршын праглынуўшы, прыкідвайся дабрачынным чалавекам. Ды я толкам і піць той чай не умею. Пад цукар, прынесены бацькам з вайны, бабка адзін раз вады нагрэла, дык пакуль я піў, бясконца спыняла:
— Не сёрбай так, карэц праглынеш.
А Антаніна Аляксандраўна мітусіцца па сваім цесным, застаўленым этажэркамі і палічкамі з кнігамі, пакойчыку, нібы да яе і сапраўды прыйшоў немаведама хто. Вось на стале з'явіліся тонкія шклянкі, лыжачкі і крыху пагнуты чайнік з варам. Хлеба нарэзала тоненька.
— О! — урачыста падняла яна ўказальны палец угору.— У мяне ёсць варэнне! Вішнёвае! Летась сястра пераслала. Дзе ж гэта я яго паставіла? Будзем піць чай з варэннем!
Мне было чамусьці сорамна, я доўга аднекваўся, упіраўся, а потым усё-такі зрабіў ласку: сеў за стол. Вельмі ўжо вялікая спакуса. Калі каму-небудзь расказаць, дык і не паверыць, што я піў чай з варэннем. Толькі нездарма яна гэты чай заварыла. Зараз, відаць, пачнецца: як мне не сорамна, як мне не ай-я-яй кідаць школу. Тут трэба вуха трымаць востра: угаворыць — і не ўгледзіш.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу