Можа, я наогул хлопец смешны?
Пакуль у маёй галаве мітусіліся думкі, чаму тыя каноплі спачатку бярэ смех, а потым кідае ў чырвань, мой карабель нейкім чынам вылез на бераг і спакойна падаўся па гарачых пясках Сахары ўпоперак Афрыкі.
Другі раз зноў праз тую нягодную Глёчыху залез я са сваім крэйсерам аж у Альпы. Вёў-вёў указкай па вадзе, мінуў самае небяспечнае месца, дзе няма ні мора, ні зямлі, а толькі з-пад паперы выглядае рудая марля, а потым азірнуўся — і на табе: забраўся ў горы.
— Твой карабель разбіўся аб скалы! — абвясціла Дар'я Мікалаеўна і грозна паабяцала: — Заўтра зноў спытаю.
I раптам здарылася нечаканае. Я ў школу болей не пайду ні заўтра, ні паслязаўтра. Мяне болей не цікавяць і не хвалююць марскія падарожжы нашай геаграфічкі. I плакатаў на дырэктаравых шпалерах не буду маляваць. Давядзецца Саньку і Каці самім, без мяне. Відаць, мае шчасце такое няўдалае: з вечара клаўся спаць — быццам нічога і не было, а раніцай падняўся — рукi абсыпаны дробным свярбучым макам. Паглядзела на іх бабка і спалохана забожкала:
— А божа ж ты мой! Яна! Паглядзі, Кірыла, што наш хлопец прыдбаў.
— Не можа быць,— не паверыў спачатку бацька, але ўстрывожыўся.— Адкуль ей узяцца?
— Адкуль ей узяцца? — перапытала старая.— Ні мыла, ні рыла. Доўга ей? Паняньчыла ў тую, у царскую, вайну, помню, якая яна.— А потым раззлавалася на мяне: — Адкасніся ты, нячысцік: хто яна ды што яна. Кароста — вось хто...
Толькі гэтага мне і не хапала. Усё меў, а гэтага яшчэ не было. Цяпер я ў школу не пайду ні за якія грошы, няхай хоць азалацяць. Праўда, такія ж рукі і ў Смыка, і ў Мамулі, і ў многіх другіх хлопцаў. Асабліва ў драбязы з малодшых класаў. Але яны як сабе хочуць. Ім, можа, і нічога, калі даведаецца пра гэта Каця, а мне яна і так пячонкі пераела сваімі здзеклівымі ўсмешкамі. Я не хачу, каб яна ведала, што ў мяне на руках. Пражыву як-небудзь і без вучобы. Не ўсім вучонымі быць, як казаў Чыжык. Пайду ў калгас разам з бацькам, а то падамся да Нінкі ў брыгаду. Другія ж хлопцы жывуць без вучобы. Чыжык, напрыклад. I я не памру.
Бацька аж пачарнеў. На яго лбе зверху ўніз пралегла глыбокая складка, густыя калматыя бровы сышліся на пераноссі, сярдзіта заварушыліся вусы. Вярнуўшыся з вайны, ён стаў крыху суровы, маўклівы, не раскідваўся на цёплае слова, паляпае па плячы ці правядзе па твайму віхру цяжкай рукой супраць валасоў і маўчыць. Гэта ў яго вышэйшая мера пяшчотнасці. Гэта трэба яшчэ заслужыць. А зараз ён і зусім хмара хмарай.
— Не,— глуха сказаў бацька.— Ты на другіх не ківай. Другім, можа, хлеба няма каму зарабіць ці мазгі на месца ўправіць, а я магу яшчэ і тое, і другое. Глядзі, хлопец!
Толькі і я не з баязлівага дзясятка. Усе кажуць, што ў бацьку пайшоў і па абліччу, і па ўпартасці. Няхай што хоча робіць, хоць за папругу бярэцца, а на вочы Каці са сваімі рукамі я не пакажуся.
Вечарам, ідучы са школы, да нас завітаў Санька.
— Чаму ты сёння не быў? — пацікавіўся ён. I не паспеў я рота адкрыць, як за мяне адказаў бацька:
— Жаніцца задумаў. Пасылай, кажа, сватоў, і ўсё тут. А ты яшчэ хіба школы не кінуў?
— Не-е,— разгублена працягнуў Санька.
А бабка ўжо як тут была:
— Дык гэта ж хлопец, а то чорт балотны. Бацькі і таго ўжо не слухае.— I летуценна ўздыхнула: — Эх, каб серкі знайсці. Усю б свярбучку як рукой зняло. Толькі дзе ты яе зараз знойдзеш. Хіба ў пекле.
Цэлы вечар ішлі мае з бацькам перагаворы. Гаварыў болей бацька, а я стаяў нерухомы і нямы, як слуп. Ён прасіў, пагражаў і даказваў, што навуку не насіць за плячамі, што хвароба — гэта хвароба, і саромецца тут няма чаго, тут не я вінаваты, а вайна. Час ад часу ён пытаў:
— Ну як?
Я маўчу. I раніцай маўчу. I на другі вечар. Ён усё правільна гаворыць і пра навуку, і пра хваробу, і пра вайну, а разумее не ўсё. Нельга мне ісці ў школу. Там Каця і другія дзяўчаты смяяцца будуць. Мог бы і здагадацца, што не так гэта проста.
Здагадаўся бацька ці не, але адступіўся. Вечарам, думаючы, што я ўжо сплю, яны доўга размаўлялі з бабкай пра маю асобу.
— Празяваў я хлопца,— быццам скардзіўся бацька старой.— Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо.
Усё. Маёй вучобе капцы. Бацька злуецца, а Нінка, калі я прыйшоў на брыгадны двор, узрадавалася. Усё ў тых жа вялізных салдацкіх ботах, усё ў той жа ватоўцы, перахопленай у поясе папругай, з чорным ад сіверу тварам, з патрэсканымі губамі, яна памужчынску як з роўным паздароўкалася са мной і сказала:
— Вось і добра. Запрагай свайго Буянчыка.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу