Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе i пры фiнансавай падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь
© Сяркоў I.К., нашчадкi, 2015
© Афармленне. УП «Мастацкая лiтаратура», 2015
Мы — хлопцы жывучыя
Мінула ўсяго некалькі дзён, як нашы занялі сяло. Фронт яшчэ недалёка. Яшчэ трывожна на душы: ходзяць чуткі пра нейкія дэсанты, Вечарамі, як толькі змеркнецца, неба на захадзе пачынае чырванець, нібы бярэцца на мароз. Там немцы паляць вёскі. Па начах яны яшчэ прылятаюць бамбіць горад, і тады з акна нашай хаты відаць, як у тым баку блукаюць у небе ярка-блакітныя промні пражэктараў, як густую асеннюю цемрадзь пранізваюць трасіруючыя кулі і снарады. Агні то бягуць чародкамі адзін за адным, то рассыпаюдца па небе, як з сяўні. Такімі начамі ў нашай хаце ніхто не спіць. Жанчыны з пагарэльцаў шэпчуць малітвы, дзеці насцярожана прыслухоўваюцца да далёкага грукату. Мая бабка то пастаіць ля акна, то выбежыць на ганак, каб паслухаць, ці не ляцяць тыя гіцалі і сюды, і ўсё просіць бога, каб той адвёў ад нас бомбу, угаворвае папсаваць «іхнія ерапланы».
Кожны дзень вяртаюцца з бежанцаў нашы аднавяскоўцы. Адны валакуць на сабе свае клункі, нясуць на руках дзяцей, другія, упрогшыся ўсёй сям'ёй, цягнуць па разбітай грузавікамі і танкамі дарозе саматужныя каляскі. У Палікарпа, што жыве на Хутары, уцалела карова, дык ён абвешаў яе пажыткамі і яшчэ малога зверху пасадзіў. Малы, абвязаны пад пахі матчынай хуст-кай, трымаецца аберуч за мяшок і ганарліва паглядае па баках: ага, верхам еду! А мы з хлопцамі стаім ды пасмейваемся. Знайшоўся данскі казак! Глядзі, каб рагаты скакун не ўпудзіўся.
То на адно, то на другое пажарышча прыходзяць гаспадары, корпаюцца ў вуголлі, спадзеючыся нешта знайсці. Можа, чыгунок які не згарэў, можа, гліняны збан уцалеў. I мая бабка не адстае ад людзей: схадзіла на чужое папялішча і назбірала амаль не поўны фартух перагарэлых цвікоў.
— Жывы пра жывое думае,— сказала яна, высыпаючы цвікі ў скрынку з розным патрэбным у гаспадарцы жалеззем.
А я ні пра што не думаю. Мне добра на ўсім гатовым. Толькі і ведаю гойсаць па вуліцы, як той, што з ланцуга сарваўся. Няхай бы ўжо мой брат Глыжка біў лынды, дык таму дараваць можна. Бясштанька яшчэ. Ён толькі сёлета пайшоў бы ў школу, калі б не вайна. А я хлопец ужо вялікі, мне трынаццаць гадоў стукнула, бабка кажа, што вось-вось жаніць пара, але розуму і на бабульчынага паўкіпця не нажыў.
Бабцы здаецца, што і мой прыяцель Санька Макавей, сын хахлушкі Марфешкі, таксама ветрагон. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы, у нашых галовах толькі танкі, як быццам не нагледзеліся на іх за вайну: спачатку — на нямецкія, цяпер — на свае. Дома двор разбураны, сенцы раскіданы, дык у мяне рукі адсохлі падняць на пажарышчы цвік і прыбіць хоць адзін аполак. Вось калі б нам з Санькам патроны давалі — іх бы мы, напэўна, з хлебам елі.
Тут бабка, як заўсёды, павінна была яшчэ сказаць, што не будзе з мяне чалавека, але не сказала: пад акном свіснуў Санька.
— Іван! Гайда самалёт нямецкі глядзець! Ноччу збілі!
Бабка аж за сэрца схапілася. I не дзіва: Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. А вераб'і месца сабе на вербах не знаходзяць.
— Каб цябе нячыстая сіла свіснула, ідал рагаты,— сказала бабка, а я тым часам выпырхнуў на вуліцу. Калі ўпаў нямецкі самалёт, то хіба ты будзеш думаць пра нейкія там цвікі і аполкі, пра разбураны двор і незасыпаную прызбу? Няхай старая ўжо як хоча злуецца, а бегчы трэба. Не пабяжыш — хлопцы і без цябе паадкручваюць і разбяруць усё самае лепшае, а ты застанешся так, будзеш потым сядзець без нічога.
— Хутчэй! — нецярпліва махнуў рукой мой прыяцель і ўжо на хаду з зайздрасцю сказаў: — Васька Мамуля знайшоў там штось такое, як гадзіннік. Са стрэлкамі.
Нам у твары б'е золкі вецер са снежнымі крупамі. 3-пад ног разлятаюцца пырскі бруднай вады: на дарозе вялікія лужыны — не кожную пераскочыш. Але калі б з неба сыпалася каменне, і гэта б нас не спыніла. Не кожны дзень падаюць за нашым сялом нямецкія самалёты.
Самалёт упаў далека, за Лісінымі равамі ў лазе. Калі пойдзеш па вуліцы, то дасі кругаля ледзь не да хаты бязногага Цімоха, а там яшчэ лугам вярсты тры з гакам. Але цяпер такія хлопцы, як мы, па вуліцы не ходзяць. Дзе гуляе вольны вецер, там і нам ёсць дарога. Нi платоў табе, ні агароджаў, ні парканаў з варотамі. Варта дабегчы да Міронавага пажарышча, потым па двары, ад якога за-сталося адно абгарэлае шула, шмыгнуць у сад, пераскочыць цераз падсечаную снарадам грушу-спасаўку, і ты адразу апынешся на Малахавым агародзе.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу