Мы пакрыўджана маўчым. I нам ёсць чаго крыўдаваць. Ахламон — гэта чалавек, у якога ў галаве гуляе вецер. Дык няўжо і мы такія? I невядома яшчэ, хто хутчэй замардуе. Мы яго шкадаваць будзем. На дварэ цяпер холадна, і я накрыю стрыгунка нанач старой посцілкай.
— На печ яго з сабой вазьмі,— параша бабка.— А то штаны свае аддай, няхай носіць. Бач ты яго! Посцілку ўбачыў. Болей нічога твая галава не прыдумае?
Але мы хлопцы ўпартыя. Не посцілку, дык мяшок у бабкі ціхенька ўзялі. А на другую раніцу, выпусціўшы з хлява стрыгунка пагуляць, пачалі яго прывучаць да баявога імя.
— Буян! Буянчык! — крычым мы па чарзе з Санькам.
Стрыгунок стаіць сярод двара, кашлаты, худы, панура апусціў галаву, адвесіў ніжнюю губу, а ў наш бок і вухам не вядзе.
Калі хочаш вырасціць баявога каня, трэба набрацца цярпення.
Праз тыдзень-два пасля таго, як мы з Санькам прывялі ў наш двор стрыгунка, фронт пачаў сціхаць. Толькі начамі яшчэ гудуць самалёты і недзе далёка-далёка цяжка вухкаюць бомбы. Наш кульгавы сусед Захар Маляўка, ці, як завуць яго ўсе падлюбцы, дзядзька Скок, гаворыць, што фронт спыніўся на Дняпры і, напэўна, будзе там зімаваць. А дзядзьку Скоку можна верыць: у яго мужчынскі розум. Калі б такі розум нашай бабцы, яна б і бяды не ведала, хутка б знайшла на мяне з Глыжкам управу.
I не так па Глыжку, як па мне сумуе бацькава папруга. Дзень пры дні я прападаю на поплаве за сваім агародам, дзе размясцілася зенітная батарэя. Спачатку мы з Санькам памагалі дзяўчатам-зенітчыцам капаць акопы, а потым закочваць у іх гарматы. Мы ўсё думалі, што за гэта нам дадуць па разу стрэліць. Вось бы добра было! Усе б хлопцы ад зайздрасці паўміралі. Але дзяўчаты — народ несур'ёзны. Калі ўсчалася трывога, нас патурылі з батарэі як міленькіх.
— Во і добра,— пахваліла зенітчыц бабка.— А то я думала, што вы там наняліся, ці, можа, каторая прысушыла.
Часта на начлег у нашай хаце спыняюцца салдаты. Адны з фронту ідуць, другія — на фронт. На жалезнай грубцы яны заварваюць чай, гатуюць з канцэнтратаў суп або разаграваюць мясную тушонку — у каго што ёсць. Іншы раз і нам з Глыжкам перападае з іхняй вячэры то сухар, то скібка хлеба з маргарынам, то драбок мурзатага, выкачанага ў кішэні або рэчавым мяшку цукру-рафінаду, які заўсёды пахне тытунём. Часцей за ўсё шанцуе Глыжку і меншым нашай суседкі цёткі Пёклы. А на мяне яшчэ як паглядзяць: хлопец я ладны — магу і так абысціся.
Павячэраўшы, салдаты развешваюць вакол грубкі мокрыя анучы і ўпокат кладуцца спаць на падлозе. Пры гэтым часта жартуюць:
— Салдат, што ты пад бок паклаў?
— Шынель.
— А што пад галаву?
— Шынель.
— А чым укрыўся?
— Шынялём, цётка.
— Ды колькі ж у цябе шынялёў, сынок?
Мы з Глыжкам толькі дзівімся, якая ж цёмная тая цётка: не ведае нават, што ў салдата ўсяго адзін шынель. А бабка разумее гэта па-свойму. Яна ўносіць у хату некалькі снапоў саломы і адбірае ў нас з Глыжкам посцілку. На печы і так чэрці не схопяць.
Салдаты бываюць розныя. Адзін не паспее галаву пакласці і ўжо спіць, а другі ўсё варочаецца з боку на бок, курыць, уздыхае. Я болей люблю тых, хто доўга не можа заснуць. Тут толькі сам не спі — абавязкова пачуеш цікавую бывальшчыну. 3 салдацкіх размоў я ведаю пра вайну ўсё на свеце: як яно было ў абароне і як у наступленні; як яно, калі ідзеш у атаку, і як яно, калі цябе чыркне куляй. Ведаю, як акружылі немцаў пад Сталінградам і куды трэба цэліцца, калі на цябе ідзе іхні танк — «тыгр». Я ўсяго столькі ведаю, што бабка аж дзіву даецца, чаму мяне яшчэ на машыне не возяць. Усе ж разумнікі ездзяць, а толькі дурні пешкі ходзяць.
Многа ў нас перабыло салдатаў, але больш за ўсіх прыйшоўся нам па душы сяржант-танкіст.
Было яшчэ відно. Яшчэ і Санька не збіраўся дамоў, хоць мая бабка і хацела, каб ён згінуў з яе вачэй: ей і без Санькі за дзень галаву натлумілі. I тут яны заходзяць. Сяржант і два радавыя.
— Можна пераначаваць, гаспадынька? — пытаюць, прывітаўшыся.
— Начуйце, людзі добрыя,— дазволіла бабка.— Начуйце. Толькі цесна ў нас. I пухавікоў няма.
Мы з Санькам вачэй не можам адарваць ад сяржанта. Сам высокі, бялявы, а на падбародку і шчацэ скура чырвоная-чырвоная і бліскучая. Такі твар і такія рукі ў аднаго нашага падлюбскага дзядзькі. Па-вясковаму завуць таго дзядзьку Гарэлым. Калісьці, яшчэ ў маладосці, ён на пажары людское дабро ратаваў. А каб зразумець, дзе гарэў сяржант, вялікім здагадзькам быць не трэба: у яго на пагонах маленькія танкі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу