— Ой, дзевачкі, не прымуць...
Незнаёмыя шумлівыя хлопцы кудысьці зніклі, а калі вярнуліся, пачалі піць ваду з карца на ланцужку і лаяць нейкую сталоўку, у якой катлеты з аднаго хлеба. А мы баімся адвярнуцца нават на хвілінку: раптам там разбяруцца з клубамі і паклічуць нас. Ды, па праўдзе кажучы, не пры такіх мы грашах, каб хадзіць па сталоўках.
Снежаньскі дзень кароткі. Толькі што было зусім відно, і вось шэрае стала неба, пацямнела ў калідоры, пасінелі ў вокнах шыбы. А нас усё не выклікаюць. У нас ужо галава баліць, як мы поначы будзем ісці дамоў. Усё-такі не блізкі свет. Ганка ўжо загадзя палохаецца. Адна толькі Каця спакойная. Недзе тут недалёка жыве яе старэйшая сястра Варвара, якая працуе ў раённай газеце. Калі што, Каці можна будзе пераначаваць.
Нарэшце вяртлявая райкомаўская дзяўчына нас узрадавала і спалохала.
— Рыхтуйцеся,— сказала яна, прабягаючы па калідоры, і ў галаве ўсё на свеце пераблыталася: і правы, і абавязкі, і камсамольскія ўзнагароды, і нашы грамадскія нагрузкі. Ганка нават не можа ўспомніць, калі яна нарадзілася. Месяц выпаў з галавы.
Але палохацца было яшчэ рана. Шустрая райкомаўка сказала нам трошкі пачакаць і запрасіла ў кабінет сакратара тых двух хлопцаў, якім не спадабаліся катлеты. Яны прыгладзілі рукамі віхры і пайшлі ўслед за ею.
А шыбы зусім пачарнелі. Ганка, паглядваючы на іх, не перастае хныкаць. I ў каго яна ўдалася такая плакса? Думае, што ў камсамола няма болып важных спраў, як толькі няньчыцца з такімі румзамі. Тут павінны былі ўсё кінуць-рынуць і насіцца з ёю як з пісанай торбай. Ганка адвярнулася да сцяны, на якой вісіць плакат «Адновім разбураную гаспадарку», і пакрыўджана маўчыць.
Хлопцы прабылі там не трошкі. Яны выйшлі адтуль, можа, праз гадзіну ці болей. Адзін з іх быў зусім разгублены.
— Добра ім тут гаварыць і даваць вымовы,— ледзь не плакаў ён.
I вось наша чарга. Сонька-Кучараўка крадком паглядзелася ў кавалачак люстэрка. Мы таксама прыгладзілі свае чубы.
Першы рушыў Санька, сур'ёзны, крыху пабляднелы. Нам здалося, што яго трымаюць там доўга-доўга. Як ён там? Што ён там? Ці скора? Каця не вытрывала і прыпала да дзвярэй, хацела падгледзець у шчыліну і ледзь не адляцела ў парог, так яны нечакана адчыніліся.
— Прынялі! — выдыхнуў Санька, быццам толькі што пераплыў Сож. Шчокі яго пакрыліся чырвонымі плямамі.
— Пра міжнароднае становішча пытаюць,— папярэдзіў ён, калі мы добра разгледзелі яго камсамольскі білет. I Ганка зноў спалохалася:
— Санечка, а якое ў нас міжнароднае становішча?
— Складанае,— важна адказаў ён. Яму цяпер можна важнічаць.
Там было поўна народу, але я нікога не бачыў. Толькі сакратар чамусьці ўрэзаўся ў памяць. Нявыспанымі вачамі ён кідае ў мой бок цікаўныя позіркі і тонкімі кашчавымі пальцамі тушыць акурак. Гэтых акуркаў перад ім цэлая попельніца.
Я нешта такое гавару, здаецца, расказваю біяграфію, адказваю на нейкія пытанні, а сакратар ківае мне, нібы падбадзёрвае: так-так, правільна, малайчына. Усё ідзе добра. Я па яго вачах бачу, што ўсё ідзе добра. I раптам нехта за маёй спінай пацікавіўся:
— Чым ты займаўся ў час акупацыі?
Ад нечаканасці я разгубіўся. Мне стала ажно горача. Я адчуў, як шчокі наліваюцца чырванню. Не прымуць. Канечне, не прымуць. Калі б я застрэліў хоць аднаго фашыста, хоць якога-небудзь, калі б я знайшоў тады партызанаў, то зараз было б што сказаць. А так што скажаш? Як гранаты шукалі? Як нямецкіх коней не хацелі паіць? Толькі смяяцца будуць.
— Сельскай... гаспадаркай,— сказалася яно неяк само сабой.
Тэта будзе правільна — сельскай гаспадаркай. Капаў з бабкай агарод, пасвіў карову.
— Тэта не адказ,— не задаволіўся той, за спінай.
Тут умяшаўся сакратар.
— Хопіць, Толік,— стомлена махнуў ён рукой.— Ну чым ён мог займацца ў час акупацыі? Ты сам падумай... Хто — за?
Вось і ў маіх руках камсамольскі білет. У калідоры я параўнаў яго з Санькавым. Аднолькавыя.
— У мяне нумар меншы,— усё-такі пахваліўся Санька.
На дварэ зусім сцямнела і быццам бы збіраецца на завіруху, сцежкі перамятае сыпкі сняжок. Але на душы легка і радасна. Як гара з плячэй звалілася. Нас усіх прынялі, нават гэтую румзу ў бліскучых галёшах. I няхай цяпер бушуе завіруха. Якія б мы былі камсамольцы, калі б баяліся завірухі?!
Санька з Кучараўкай і Ганкай захацелі ўсё-такі зайсці ў сталоўку, а мне там не было чаго рабіць. У дзіравай кішэні гуляў вецер, а прызнавацца ў гэтым не хацелася. Мяне амаль сілком зацягнула да сваей сястры Каця.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу