Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Па вачах відаць.
Госці выпіваюць і закусваюць. Нам з Санькам таксама нейкай кісляціны налілі. Гэта бабка так дзеду Мікалаю загадала:
— Капні ўжо і ім, Мікалай. Жаніхі ўжо. Трэба ж...
I тут такія размовы пайшлі — толькі слухай. I пра Германію, і пра рускі народ, і пра што ты хочаш.
— Ну, думалі, пад корань выкасім, каб і на развод не засталося,— пачаў крыху ахмялелы бацька.— У кожнага накіпела. А прыйшлі — не падымаецца рука. Ну хіба ж ты яго біць будзеш, немчанё няшчаснае, калі яно... Э-э, ды што тут гаварыць? Я сам думаў — ну, толькі дайду да вашай паганай Германіі. А дайшоў — і што? Нічога.
Помню, у адным гарадку было. У іх яны дорфамі 8 8 Дорф (ням.) — вёска.
называюцца. Ну там, скажам, Івандорф, Васільдорф. Толькі па-іхняму. I вось з дома на рагу вуліцы — трах! — і ледзь мне не ў плячо. Толькі куля так — дзвык у сцяну. Я туды. I што вы думаеце? Такі во, як гэтыя. 3 гітлераўскіх ваўчанят. Забіўся ў кут, трасецца. I баіцца ж, бачу, аж... не за сталом кажучы. Ну што ты яго, страляць будзеш? Выхапіў я ў яго аўтамат (шчасце маё, канечне, што ў ім патронаў не было). Выхапіў я аўтамат ды за вуха. Ах ты, кажу, жаўтароты... Тут, праўда, фрау выскачыла. Таксама ў слёзы. А, прападзіце вы пропадам!
— Лазінай трэба было,— параіў дзед Мікалай,— лазінай, каб сесці не мог.
— А ці ёсць жа ў іх лаза? — спытала цётка.
— Пра лазу не знаю. А што дрэвы ў лесе і тыя пад нумарамі — гэта факт.
Скок раптам кінуўся ў палітыку:
— Вось ты мне скажы, мой татка. Ты там бліжэй быў. За ўсю шкоду, што яны тут нарабілі, будуць яны плаціць ці не?
— А як жа? — пацвердзіў бацька.— Рапарацыю 9 9 Рэпарацыі — пакрыццё страт, нанесеных вайной.
з іх возьмуць.
— А я так бы зрабіў,— умяшаўся і дзед.— Я так бы ім сказаў: вы мне сірот насірацілі? Насірацілі. Многа насірацілі. А хто іх карміць-паіць будзе? Хто ім штаны купляць будзе? Хто вучыць? Дык вось так, сказаў бы я, давайце мне на кожнага сірату ну там — дзесяць ці дваццаць тысяч. Словам, каб не галадалі і дараслі да свайго хлеба. I пакуль не вырастуць, нідзе вы ад мяне не дзенецеся, галубчыкі! — грозна стукнуў дзед па стале і так глянуў на Скока, быццам гэта той павінен быў плаціць рэпарацыі, ды не хацеў.
— Ну, няхай і так,— згадзіўся Скок.
— Не, толькі так! — патрос пальцам стары.
I тут загаварылі ўсе разам, не слухаючы адзін аднаго. А хат колькі спалілі? А скаціны колькі загінула? А ці мала яшчэ чаго? Колькі гэта год працаваць трэба, каб зноў усё нажыць?
— I ім хапіла,— заўважыў на гэта бацька.
Скок аж узвіўся.
— Ім хапіла? — перапытаў ён.— Так ім і трэба! Я іх не шкадую. Самі вінаватыя. Я іх сюды не прасіў. Прасіў я іх сюды? — спытаў сусед у застолля і сам сабе адказаў: — Не! А яны прыляцелі і бомбу ў мой агарод кінулі. Я ім бомбы ў агарод кідаў?
— Не ўсе вінаватыя,— перабіў бацька.— Другі б, можа, і не хацеў, ды не хацела каза на базар, а яе за рогі — і павялі... Многа там у народа пытаюць, чаго ён хоча?
Але Скока цяжка пераканаць.
— Люблю я цябе, Кірыла,— прызнаўся ён.— Добры ты чалавек. Толькі пра коз ты мне не гавары. То каза, а то чалавек. У чалавека шыя ёсць. Вось яна, шыя,— і сусед паказаў, дзе менавіта яна ў яго знаходзіцца.— А для чаго чалавеку шыя? Я так думаю, што не для таго, каб хамут насіць. На шыі ён галаву павінен мець і думаць: куды гэта мяне Гiлер пасылае? Не, правільна дзядзька Мікалай кажа — на кожнага сірату па сто тысяч, і не меней!
Доўга меркавалі за сталом, якія трэба ўзяць з немцаў рэпарацыі. I так прыкідвалі, і гэтак, а усё аказвалася, што чагосьці яшчэ не ўлічылі. Нарэшце Скок зноў спытаў бацьку:
— А чаму ты гармоніка з Германіі не прывёз?
— Навошта ён мне? — здзівіўся бацька.
— Не, ты мне скажы,— не адступае сусед,— чаму ты гармошка з Германіі не прывёз?
— Не трэба мне іх гармонік.
— Не трэба, а дарма. Прывёз бы гармонік, зараз бы я э-эх як паскакаў. Не глядзі, што нага кульгавая, мой татка! Такую «Барыню» табе адчаканіў бы — люба-дорага,— і Скок стукнуў пад сталом кульгавай нагой па падлозе. Мы з Санькам думалі, што дзядзька зараз пойдзе ў скокі і без гармоніка, але замест гэтага ён раптам заспяваў:
Шэрая вуця, эх, шэрая вуця
Ды на моры начу-у-е-е!
У каганцы захліпаў агеньчык, на печы прачнуліся цётчыны малыя і павысоўвалі сонныя галовы з-за коміна. За вайну дзядзькаў голас сеў, стаў трошкі хрыплаваты, але матыў выводзіў сусед правільна, расквечваючы песню рознымі пералівамі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу