А ў райкоме мы зноў прыціхлі, крыху чагосьці спалохаліся. Сядзім — і ў кожнага сэрца не на месцы. А што, калі не прымуць?
— Ой, дзевачкі, я, здаецца, абавязкі забылася,— праз кожныя пяць мінут трывожна шэпча Ганка, і Санька, можа, дзясяты раз паўтарае ёй абавязкі. Ды і астатнія адчуваюць сябе неспакойна. Каці здаецца, што яна няцвёрда ведае правы, хоць Антаніна Аляксандраўна прыняла ў нас экзамен па ўсяму Статуту.
А Сонька баіцца, што ў яе мала грамадскіх нагрузак: яна толькі «Лявоніху» танцуе.
А што я скажу, калі спытаюць пра гэтыя самыя нагрузкі? Можа, маляванне тое ўспомніць?
У нашым класе гавораць, быццам Каця добра малюе. А па-мойму, там глядзець няма на што: ружачкі, вяргінькі, сцяблінкі, лісточкі і розная іншая лухта. Людзі і коні ў яе не выходзяць. Коней адным махам малюе Санька, а людзей — я. Аднойчы на уроку геаграфіі я такую Кацю намаляваў, што самому зрабілася смешна. Праўда, Санька не адразу пазнаў, хто гэта, але інакш яно і быць не магло. У мяне ж не партрэт, а карыкатура. Асабліва наконт носа я добра пастараўся. I канапель на шчокі не пашкадаваў.
Каці мае мастацтва не спадабалася, а нашай сярдзітай геаграфічцы Дар'і Мікалаеўне малюнак прыйшоўся па душы.
— Малайчына Сырцоў,— сказала яна, перахапіўшы мой твор, які вандраваў па партах, і паставіла мне па геаграфіі вялізную двойку.
Відаць, слава пра той талент дакацілася і да настаўніцкай, таму што пасля ўрокаў мяне з гэтай канаплістай задавакай паклікалі да дырэктара. Я думаў, што будуць прабіраць, але ніхто нікога не прабіраў. Нам далі трубку шпалераў і загадалі намаляваць к Кастрычніку плакат. Так я выбіўся ў мастакі.
Цяпер мы з Кацяй часта, як кажа мая бабка, глумім дырэктаравы шпалеры. Я разгортваю паперу ў хаце на падлозе, ляжу на жываце і алоўкам выводжу вялізныя літары: «Няхай жыве...» Санька, які дапамагае нам па добрай волі, сядзіць побач і звычайна жмурыць то правае, то левае вока, сочыць, каб было роўна. Каця выконвае самую чорную работу: дзярэ на драчцы буракі, выціскае з іх сок і гэтым сокам фарбуе ўслед за мной. Добра мы прыдумалі з гэтымі буракамі. Праўда, выходзіць крыху цьмяна, не вельмі чырвона, дык гэта ж вам не фарба.
Каця малюе старанна, і я часта крадком назіраю за ею. I дзіўная рэч — увечары ў яе і не так ужо многа тых канапель. А што вейкі самыя густыя і доўгія ў класе, дык гэта і днём відаць. Сама Каця тонкая і гнуткая, як лазіна. Цікава, лэдзі тыя, за якіх калісьці біліся на сваіх турнірах рыцары, былі такія ж ці не?
Каб мы жылі калі-небудзь даўно, а я быў рыцарам і на Кацю напаў які-небудзь вораг, то яму б не паздаровілася. Выратаваўшы яе, я не адкрыў бы свайго імя. Па-першае, хлопцы з класа засмяюць, а па-другое, яна сама яшчэ што-небудзь падумае.
Часта мае рыцарскія мары канчаюцца тым, што Санька выхоплівае з маіх рук аловак і крычыць:
— Паглядзі, што ты намаляваў?
Тады Каця адрываецца ад фарбавання і таксама смяецца, весела і звонка. I чаго яна фарсіць? Другі раз сама так напэцкае, што хоць стань ды глядзі, хоць плюнь ды ідзі. Лэдзі няшчасная.
Канечне, усяго гэтага ў райкоме не раскажаш, але пра плакаты можна. Усё-такі нагрузка.
У райком мы прыйшлі рана, гадзін у адзінаццаць, і разлічвалі, што нас хуценька прымуць і мы завідна дабяромся дамоў. А нас усё не прымаюць і не прымаюць. За дзвярамі з шыльдачкай «першы сакратар» стаіць бясконцы гоман. Час ад часу адтуль выпырхвае хуткая і вяртлявая, як сініца, дзяўчына. Яна то звоніць з суседняга пакоя па тэлефоне і дапытваецца, ці выехаў у раён нейкі Пiнчук, то патрабуе ад кагосьці нейкую зводку, то строга абсякае двух незнаемых нам хлопцаў, якія расшумеліся ў калідоры:
— Цішэй, таварышы, абмяркоўваецца важнае пытанне!
На нас гэтая сініца і не глядзіць. Толькі адзін раз, праходзячы міма, кінула некалькі слоў:
— Пагуляйце трошкі. Вы ідзяце пасля клубаў.
Адзін раз з-за тых жа дзвярэй паказаўся высокі малады мужчына. Худы, стомлены і вельмі строгі з выгляду. На ім была камандзірская гімнасцёрка, падпяразаная камандзірскай папругай з зоркай на спражцы, і гэта прыдавала яму яшчэ больш строгасці і важнасці. Прыпадаючы на адну нагу, ён прарыпеў ботамі ў канец калідора і знік за другімі дзвярамі. Хлопцы, якіх дзяўчына прасіла не шумець, адразу прыціхлі. Гэта быў сам сакратар.
Такога вялікага начальства я не бачыў яшчэ ніколі. Ды і мае спадарожнікі, відаць, таксама. Яны зусім прыціхлі. Толькі Ганка прашаптала:
— Ой, дзевачкі, не прымуць...
А за дзвярамі з шыльдай усё гамоняць і гамоняць. Мы ўжо ведаем, што там ідзе бюро. Відаць, бюро — тэта не простая рэч, калі кожны, хто туды заходзіць, спыняецца на хвіліну перад парогам, яшчэ раз аглядае сваю вопратку і прыгладжвае валасы.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу