Згодна з п'есай, гордая і храбрая партызанка Галя павінна пляснуць нахабнага фашыста па твары. На рэпетыцыях мы дамовіліся, што Каця пляскаць не будзе. Але тут, на сцэне, на яе нешта такое найшло, і я зусім нечакана атрымаў добрую аплявуху. Гледачы былі ў захапленні. Дзятва аж скакала ад радасці, што «нашы» не здаюцца. А мяне ўзяла сапраўдная злосць. Ах ты, канапліна рудая! Будзеш ісці дамоў, я табе пакажу!
Нарэшце Ганс-камендант паклаў на стол свой «пісталет» і адвярнуўся, каб партызанка магла непрыкметна яго ўзяць. Але яна чамусьці замарудзіла, і хлапчукі, якія віселі на ганачных балясах, у адзін голас зашапталі:
— Каць, а Каць, хапай, пакуль не бачыць!
I вось надышоў самы непрыемны момант з усяго спектакля. Ракетніца нацэлена на мяне, і Каця крычыць:
— Рукі ўгору, бандыт!
— Правільна,— падказалі з натоўпу.
А я заўпарціўся. Буду я перад ёю рукі падымаць. Ды яшчэ калі на мяне глядзіць усё сяло.
— Рукі ўгору! — чуецца голас з другога боку. Гэта на ганак выскачыў Санька са школьнай вучэбнай вінтоўкай у руках. На грудзі яму звісае ладная жменя льну, якая азначае сабой пышную бараду партызанскага бацькі Язэпа. А далей і зусім пайшло не па п'есе. Мяне акружылі Санькавы партызаны, наваліліся гуртам, далі пару добрых кухталёў, па-сапраўднаму звязалі рукі вяроўкай і, штурхаючы ў плечы, пад апладысменты павялі ў калідор.
Хлопцы так захапіліся спектаклем, што ніяк не маглі яго скончыць. Нават у класе яны не хацелі мяне развязаць і ўсё крычалі адзін больш грозна за другога:
— А-а, папаўся, гад!
А за акном, на вуліцы, не змаўкаюць апладысменты і шматгалосы вясёлы гоман. Нас зноў выклікаюць на ганак. Але не паспелі канваіры зняць з маіх рук вяроўку, як я тут жа сцёр вусы, скінуў з сябе той паганы фрэнч, а цяжкія салдацкія боты шпурнуў у кут. Лепш я не буду славутым артыстам, чым кожны раз, няхай хоць і дзеля мастацтва, зарабляць столькі кухталёў і здавацца ў палон дзяўчу. Бач, які гуз усхапіўся на патыліцы!
Але гузам не абышлося. Горш за ўсе гузы і сінякі была слава. Яна прыйшла да мяне ў той жа дзень і ганялася следам па школьных калідорах і па вуліцах, нібы сабака:
— Хлопцы, вунь камендант ідзе!
Першакласнікі — народ перад намі рахманы, а і тыя, калі праходзіш міма, шэпчуць услед:
— Ганс, Гансь, Ганш...
Глыжка дома ўжо злавіў за тэта кухталя.
Добра, што ў школе неўзабаве скончыліся заняткі і пачаліся летнія канікулы. Мы з хлопцамі зноў пайшлі на работу ў калгас, і паступова маё каменданцтва забылася.
Няма мне за кiм «артэкацца»
Нашых леташніх пфэрдаў у нас з Санькам адабралі. Праўда, спачатку нам не хацелася іх аддаваць, неяк прывыклі мы да гэтых вялізных, марудных, але паслухмяных цяжаравозаў. Толькі наша нехаценне не памагло — загад старшыні. I пфэрдаў аддалі старэйшым хлопцам, якія паехалі пілаваць і вазіць лес. У калгасе яшчэ няма ніводнай стайні, ніводнага свірна. Нават праўленне пакуль што кватаруе ў старога Міхея.
Нам далі свойскіх коней: Саньку — пузатую, як дзежка, кабылу Слепку, а мне — Буянчыка. Буянчык к лету добра падрос, падужэў і зрабіўся жвавым і цягавітым конікам. Росту ён быў невялікага, і корму яму трэба было меней, чым астатнім коням. Мабыць, па гэтай прычыне, а можа, таму, што хадзіў у любімчыках Чыжыка, выглядаў ён даволі спраўна.
Спачатку Буянчык глядзеў на мяне коса, усё хмыліўся, хацеў цапнуць зубамі, а потым, відаць, успомніў, што я яму свой, і перастаў натурыцца. Ходзіць ён ходка і воз цягне. без асаблівай панукі.
Санька мне зайздросціць. Яго дзежка няўклюдная, непаваротлівая, увесь час спатыкаецца, трывожна стрыжэ вушамі і ўсё намагаецца выйсці з баразны ці звярнуць з дарогі і бегчы ўслед за сваім жарабём. Гэтае жарабя Саньку ў пячонкі ўелася: то пабяжыць туды, дзе ходзяць на поплаве цяляты, і пачне з імі нюхацца; то адстане ад воза на тры вярсты і цягнецца, як соннае; то зусім спыніцца і пачне скубці траву. А Слепка без яго кроку ступіць не хоча.
На дварэ сонца, спякота. Глыжка не вылазіць з возера, а нам з Санькам і пакупацца няма калі. Хіба толькі як прыедзеш з поля дамоў абедаць. Абеды ў нас з Санькам вядомыя: вялізная гліняная міска шчаўя і тры-чатыры бульбіны замест хлеба. Праглынуў за пяць мінут і трушком на возера. Нашы коні ходзяць стрыножаныя на поплаве, а мы ныраем — хто далей.
Добра ўсё-такі жыць на свеце, калі няма вайны. Ціха, спакойна. Хіба толькі бабка пабурчыць за новую дзірку на штанах. Дык гэта ж не навіна. Колькі я нашу штаны, столькі яна і бурчыць. I чаго яна хоча, калі я дзень пры дні на кані? Кавалерысты ж, відаць, нездарма абшываюць свае штаны скурай.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу