— Чаму гэта мы? — крыху пакрыўдзіўся я.— Знойдзецца, каму лавіць.
— I адкуль толькі ты ўсё ведаеш?
— Міністр казаў.
— А-а-а,— расчаравана працягнула бабка, але ўсё-такі зацікавілася.— Ну і што ім тады будзе?
Што ім будзе, я і сам добра не ведаю. Напэўна ж, па галаве не пагладзяць за іхнія штучкі. Калі верыць Міністру, то іх пасадзяць у клеткі і будуць вазіць па ўсіх гарадах і сёлах, як звярынец. Клеткі, вядома, зробяць жалезныя, бо інакшыя народ разломіць. Кожны захоча хоць ушчыпнуць. А жанчыны на сходзе ў брыгадзе крычалі, што яны і за жалезам тых вырадкаў дастануць...
— Не будзе гэтага нічога,— махнула рукой бабка. Нарэшце яна разагнула спіну і выцерла з ілба пот.— А калі і будзе, то да нас не давязуць. Ніякага Гітлера з усімі яго гітлеранятамі не хопіць, каб расквітацца за людзей загубленых. Капай лепш і не тлумі мне галавы.
Я капаю, а вочы мае на вуліцы. Гляджу і не веру — Смык бяжыць. Падобна на тое, што пасля бойкі ў школе і ўсіх маіх ультыматумаў ён і не збіраецца мяне баяцца. Яго шчасце — бабка са мной побач, а то я паказаў бы яму дарогу. Пры бабцы не пакажаш. I Смык, відаць, гэта разумее. Самым нахабным чынам ён падбягае да нашай агароджы і крычыць:
— Капітуляцыя!
Я ў той бок і не гляджу.
— Капітуляцыя! — яшчэ гучней паўтарыў Пецька.
Што ён там вярзе? Капітуляцыя нейкая.
— Га? — не зразумела і бабка.
— Германія здалася! Па радыё перадаюць! — сказаў нарэшце Смык па-людску.
Дык вунь чаму радыё разыгралася! I Давыд рукой нам махаў, а бабка кажа — святыя лынды! Пачакайце трошкі, каб я цяпер грады капаў. Ды і бабка ўдзяўбнула рыдлёўку ў зямлю і пабегла ў хату.
Я забыўся, што Пецька — мой люты вораг, мы бяжым цяпер па вуліцы ўдвух і, каго толькі не сустрэнем, крычым разам:
— Чуў, дзядзька? Капітуляцыя!
Кінуўшы сысунка, за намі ўплёўся Глыжка. Мы прамчаліся па нашаму Ніжняму долу, узрадавалі жанчын ля калодзежа, пастукалі ў шыбу Малаху, ледзь не збілі з ног Мамулю:
— Капітуляцыя! Капітуляцыя! Капітуляцыя!
Затым далі кругаля па Заглінішчу, заскочылі на брыгадны двор, дзе ўжо нікога не было, апрача дзеда Зязюлькі. Пакрычалі ў глухое вуха і Зязюльку. Нам здалося, што і стары хацеў разам з намі бегчы, крокаў колькі тупнуў услед, а потым вярнуўся.
Мы ляпалі ў вароты, заглядвалі ў вокны, а Смык залез на Брыдчыну зямлянку і разоў колькі крыкнуў у комін:
— Брыдка, вылазь — капітуляцыя!
Брыдчыха не вылезла, а выскачыла з дзеркачом у руках, а калі мы ей растлумачылі, чаму так пашалелі, яна дзяркач кінула і перахрысцілася.
Наша цётка Марына заплакала.
Дзед Мікалай падкруціў вусы і пабег на сяло, каб самому паслухаць гучнагаварыцель.
Нінка-брыгадзірка хацела мяне абняць, ды я выкруціўся.
Антаніна Аляксандраўна ўсё ўжо ведала сама і сказала:
— Віншую вас, дзеці, з перамогай!
Чмышыха спакойна заўважыла, што ўсё ў руцэ боскай.
Санька прайшоўся на руках.
Скок нам загадаў:
— Бяжыце, мае таткі, па ўсіх вуліцах — мітынг будзе!
А бабка дома спытала:
— Ну, усё сяло абгойсалі? — I Глыжку паківала пальцам: — Калі б не гэта пітуляцыя, паказала б я табе вепручка! Кінуў-рынуў і пабег! Маліся богу, што Германія здалася, дык дарую ўжо табе. Як-ніяк — другі Вялікдзень.
Неўзабаве пасля Перамогі наша школа давала калгаснікам канцэрт. Перад гэтым школьная прыбіральшчыца цётка Мар'я доўга выцірала мокрай анучай піяніна, знойдзенае калісьці намі на Брыдчыным агародзе. Яго толькі нядаўна прывезлі са Скокавага дрывотніка.
Выціралі і мылі яго доўга, але не так легка было выцерці. Скачыха нядаўна завяла курэй, і тыя любілі іншы раз пасядзець на піяніна. I хоць Скок закрываў яго саломай, ды хіба ж ад іх закрыешся.
А потым высветлілася, што мылі дарма: яно расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Антаніна Аляксандраўна вельмі шкадавала, што ей не давядзецца выступаць. Дырэктар яе супакоіў, паабяцаў знайсці калі-небудзь у горадзе настройшчыка, і піяніна паставілі ў настаўніцкай пакуль што дзеля мэблі. Парашылі выязджаць на балалайках.
Сцэнай быў школьны ганак. Вакол яго сабралася процьма народу: дзяды, жанчыны, інваліды-франтавікі, калгаснае і сельсавецкае начальства. Людзі расселіся на ўслонах, падперлі плячамі сцены і таполі, паселі, склаўшы ногі ў клетку, на мурагу. Непаседлівыя хлапчукі павіслі на ганачных балясах і пазалазілі на дрэвы. А на ганку Васька Мамуля, болыпы Скокаў хлопец — Лёшка і Буслікаў Косцік наярваюць «Месяц». Выходзіць у іх так хораша і суладна, што люба-дорага слухаць. Васькавы і Лёшкавы пальцы часта-часта пырхаюць па струнах, і балалайкі нібы выгаворваюць:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу