I ці не вычыталі мы ў сваіх «бібліях», куды прапаў яе «хрэнч»? Хаця яна і без нас ведае, што без ваўкалакавых рук тут, пэўна, не абышлося. Пасля таго як Максім Калдоба паганяў ваўкалака, той быў крыху прыціх, быццам некуды сышоў; пацяплела — зноў аб'явіўся, толькі цяпер не на цагельні, а недзе ў Ваўчыным рове. Месца там глухое, хмызнякі непралазныя. Вось і звіў, відаць, там сабе кубло.
Людзі працуюць, як праклятыя, недаядаюць, недасыпаюць, б'юцца як рыба аб лёд, каб з зямлянак вылезці, каб перажыць галодную вясну і поле засеяць, а ваўкалак ходзіць і ходзіць вакол сяла. У Сідара Глушкі ноччу пеўня ўкраў, хлопцаў і дзяўчат, якія з далёкіх пасёлкаў бегаюць у нашу школу, неяк вечарам да смерці перапалохаў. А цяпер і да бабчынага «хрэнча» дабраўся.
Праўда, там і «хрэнч» ужо такі быў. Адно званне. Добрых «хрэнчаў» у немцаў спакон вякоў не было. Хтосьці мне казаў, што яны сукно з бульбоўніку нейкай хіміяй робяць. Вось толькі не памятаю, хто казаў: ці то Міністр, ці то Скок, ці то большы Скачок — Лёшка. Ды яно і так відаць: не сукно, а гніллё. Распаўзаецца па жывому. А бруд за яго бярэцца, як ваўчкі за сабаку. Вось і памыла яго старая на вясну, і як звечара павесіла сушыць, дык і цяпер сохне. I хто ж на такія штукі здатны, апрача ваўкалака?
Не, няма ў нашым сяле сапраўдных мужыкоў. Усе нейкія ціхія, рахманыя. Мухі баяцца. Вось калі б наша бабка была мужыком, яна б ім усім паказала, як гэтых ваўкалакаў трэба лавіць! Яна б яго адвучыла здымаць з плота «хрэнчы», яна б яму з першага разу шыю набок звярнула, галаву б адарвала і сабакам выкінула. Што бабуля не мужык — гэта яго шчасце.
Але ў хуткім часе бабка перастала так часта ўспамінаць сваю прапажу і крыху суцешылася. Па сяле пайшла чутка: нашым Падлюбічам Амерыка прышле дапамогу. Цяпер бабуля амаль упэўнена, што замест украдзенага ей дадуць новы «хрэнч», амерыканскі. А не «хрэнч», дык што-небудзь іншае, бо пра нашу прапажу ведае ўсё начальства, і не можа таго быць, каб пры дзяльбе яно не ўлічыла такой акалічнасці. Нездарма ж Максім Калдоба, які вярнуўся нядаўна са шпіталя, так уважліва ўсё распытваў, запісваў, а потым сказаў:
— Ну, не журыся вельмі, Матрона Яўсееўна.
Мабыць, гэтым ён на нешта такое намякаў.
I вось кожны дзень, калі я вяртаюся са школы,— не паспею яшчэ пераступіць парог, як старая задае мне адно і тое ж пытанне:
— Ты не чуў, Амерыка там яшчэ не прыслала нічога?
Ды і сама яна не спіць у шапку: не-не і пабяжыць на сяло, паходзіць вакол сельсавета, паслухае. Сустрэне на вуліцы Скачыху, таксама не праміне пагаварыць пра тое, што бульбачкі на насенне не засталося, што хлопцы зусім абадраліся і абшарпаліся, што ўсярэдзіне нешта коле, а потым быццам незнарок і ўставіць:
— Ну як там — нічога не чуваць з Амерыкі?
Бабка пачала нават геаграфіяй цікавіцца. Неяк нам з Санькам трапілася карта ўсходняга і заходняга паўшар'яў Зямлі. У школе мы такога яшчэ не праходзілі, а проста так разглядвалі і чыталі, дзе які акіян, дзе якое мора, дзе зямля, дзе вада. Тут і бабка падышла да стала.
— Якая яна хоць, тая Амерыка?
Мы паказалі.
— А чаго яна такая? — здзівілася старая.
— Якая такая?
— Ды ў поясе пераціснутая. Спачатку шырокая, потым вузкая, а потым зноў ушыркі пайшла.
Гэта і нам невядома, чаму яна пераціснутая. Так ужо атрымалася.
I ў штодзённых размовах Амерыка не сыходзіць у бабкі з языка. Спытаеш у яе:
— Баб, куды ты?
А яна:
— У Амерыку на зялёным веніку!
Вось і ўвесь адказ. Разумей як хочаш.
Як бабка ні пільнавала, а на дзяльбу амерыканскай помачы не трапіла. Каб было меней шуму і гвалту, у сельсавеце ўсё загадзя падзялілі. Але і пра нас не забыліся. Скок наказаў, каб бабка прыйшла.
— Добры чалавек,— пахваліла яго старая і пабегла трушком, потым з вуліцы вярнулася, кінула кашолку, а ўзяла мех. Можа, у кашолку не ўлезе, а з вялікага не выпадзе. Мы з Глыжкам пакінулі вучыць урокі і з нецярплівасцю пачалі чакаць бабку з сельсавета. Цікава, што яна прынясе. Можа, кожнаму па штанах ды па кашулі ў прыдачу. А можа, што-небудзь такое смачнае і вялікае, што будзем есці-есці і не з'ядзім.
Вярнулася бабка надвячоркам, змрочная і невясёлая. Я адразу зразумеў, што нашы надзеі на помач праваліліся, а Глыжка палез са сваімі роспытамі — і трапіў пад гарачую руку.
— Сядзь! — цыкнула яна на брата.— Бач ты яго, разявіў рот на дармаўшчыну.
Помач была такая, што Скок не ведаў, як яе падзяліць. Паліто злінялае аддалі Нюрцы Казекінай. Той, што вунь за самым Сітнягом жыве. Яна са мной аднагодка, засталася без бацькі, без маці, а на руках яшчэ трое меншых братоў і сясцёр. Каму ж, як не ей, аддаць?
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу