Бабка злуе на мяне таму, што я ей галаву прадзяўбаў са сваім попелам, запаганіў попелам двор і — мала мне двара, дык яшчэ і сенцы. Я на попеле з глузду з'ехау.
Пачалося гэта яшчэ зімой, калі да нас у школу прыйшоў старшыня калгаса таварыш Дзяк. Дзяк — чалавек не падлюбскі, а прысланы з раёна. Завуць яго Лявонам Ігнатавічам, а прозвішча — Мароз. Але ў падлюбцау пад уласным прозвішчам можа жыць толькі чалавек зусім ні на што не здатны, зусім непрыкметны, пра якога гавораць, што ён — ні богу свечка ні чорту качарга, для якога хоць галаву зламі, а мянушкі не прыдумаеш. А Мароза толькі паслухалі людзі адзін раз і сказалі — Дзяк. Голас у яго звініць, як медны звон, аж шыбы дрыжаць.
Ходзіць Дзяк у белым, ужо крыху зашмальцаваным салдацкім кажуху, туга падпяразаны камандзірскай папругай. Твар заўсёды чырвоны, нібы бурак, а на шырокім носе густая сетка сініх жы-лак. Пасля ранения ці пасля кантузн, а можа, і проста ад роду ў Дзяка заўсёды галава крыху задрана ўгору, быццам ён лічыць на небе хмаркі, і мы толькі дзіву даёмся, як гэта можна, не гледзячы сабе пад ногі, не зваліцца ў яму або не спатыкнуцца на камень. А старшыня не звальваецца і не спатыкаецца.
Дзяк умее гладка гаварыць. Пры гэтым ён энергічна і рашуча махае рукамі, то сячэ далонню паветра, то паказвае кудысьці пальцам, то трасе кулаком. I пра што б ён ні пачаў — выходзіць, што гэта і ёсць самае галоўнае на свеце.
Так у яго атрымалася і ў школе з попелам. У прамове было ўсё: і люты вораг, якога трэба разбіць, і гераізм нашых бацькоў, і ўвесь савецкі народ, і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва. Праз паўгадзіны Дзяк паступова перайшоў да таго, што ворага трэба біць не толькі зброяй, яго трэба біць таксама высокім ураджаем. А для гэтага мы павінны збіраць што? Попел, ядроны корань!
Мы з Санькам думалі, што попел — гэта так сабе, непатрэбшчына. Усё жыццё мая бабка высыпае яго ў раўчак. Цяпер нам Дзяк растлумачыў, колькі ў ім карысці. Пасля яго прамовы мы так загарэліся, што гатовы спапяліць усё, абы толькі наш клас заняў першае месца па зборы попелу.
Кожную раніцу не паспее яшчэ бабка выграбці з печы, а я ўжо стаю над душой, сачу, каб чыста выграбала і, барані бог, не вынесла на сметнік.
— Дурныя вы са сваім Дзякам,— злуецца старая.— Гэта ж каб з дроў, а з торфу куды ён варты? Хіба толькі вочы начальству запарушыць.
А я і слухаць яе не хачу, проста з рук вырываю і хутчэй у сенцы. Тут наш класны попельны склад. Попелам засыпаны дзежкі, скрыні і ўсе куткі. Мала бабцы, што я здурэў, дык сюды свой попел цягаюць і з іншых двароў: Санька, Смык, Мамуля, нават Каця Глёкава. Праўда, калі мяне дома няма, бабка іх і блізка на парог не пускае.
Мала бабулі, што я ёй жыць не даю, дык і Глыжка попелу хоча. Так і глядзі, што з-пад рук выхапіць. Ён свой попел носіць у Скокаў двор. Там склад першага класа. А я гляджу, чаму гэта ў нашых сенцах попелу паменшала? Аказваецца, ён цішком ад мяне бярэ і першакласнікам цягае. Добра, што заўважыў, дык прыструніў.
Раз у тыдзень па вуліцы едзе калгасная падвода, і тады нашы сенцы на які дзень апаражняюцца, бабка з палёгкай уздыхае, але толькі да наступнай раніцы. А раніцай зноў усё пачынаецца спачатку. Сваей настырнасцю і працавітасцю мы дабіліся таго, што бабка называе нас попельнай камандай, а таварыш Дзяк — ударнікамі тылу. Ён сказаў, што мы разам з усім народам куём перамогу. Гэта, вядома, прыйшлося нам па душы.
А ў бабкі ўсё не так. Цяпер ёй пісары перашкаджаюць. У нашай хаце пісараў, дзякуй богу, хапае. Калі б столькі работнікаў было, як гэтых попельшчыкаў ды пісараў, дык яна б сядзела, склаўшы рукі, і на столь плявала. Асабліва ёй меншы ў пячонкі ўеўся. Такі ўжо грамацей, што не інакш міністрам будзе. Само сабою, не тым, што на канюшні гной з-пад коней выкідае, а сапраўдным міністрам. Паперы ў нас няма, дык ён піша на ўсім, што пад руку трапіць: на стале, на цыраце, на старой газеце, на сцяне, на пабеленай к святу печы. Калі б на лбе яшчэ пісаў, дык бы і добра было.
Вечарамі пры цьмяным агеньчыку каганца, калі пашанцуе выпрасіць у каго-небудзь кніжку, мы вучым урокі. А цікава, дапытваецца бабка, што ў нашых кніжках напісана? Там не сказана, дзе ўзяць газы, якой кот наплакаў? За якія грошы яе купіць?
Не, пра гэта ў Санькавым задачніку нічога не гаворыцца. Тут самі пытаюць у хворага здароўя. Колькі, напрыклад, можна пашыць штаноў са ста метраў матэрыі, калі вядома, што...
Бабка думае, што задачу напісалі ў кніжку людзі, у якіх або не ўсе дома, або з горла прэ. Са ста метраў матэрыі! Тут і такі, як я, целяпень, нашые штаноў. Вось няхай яны возьмуць яе чорную спадніцу і рэшаць, як пашыць з яе штаны двум грамацеям. Калі пашыць мне, дык Глыжку і на латкі не застанецца, калі пашыць Глыжку, то мне яшчэ на трусы выйдзе. Гэта і так відаць, хоць бабка і не канчала школы.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу