У тэты момант на цагельні адбылося нешта такое, чаго мы і не чакалі. I не з нары, а зусім з іншага боку, быццам з-пад зямлі, бліснула агнём і суха затрашчала аўтаматная чарга. Санька — чорт чортам — зляцеў са свайго назіральнага пункта.
Калі ваўкалак падняўся на ногі, мы яго ўбачылі і так, лежачы на зямлі. Апрануты ён быў у нейкія рызманы, галава ўскудлачаная, увесь твар зарослы. Ён кінуўся бегчы ў зараснікі лазы. Аднекуль з руінаў услед яму раз за разам забахкаў рэвальвер. Але Калдоба страляў, відаць, не вельмі трапна: незнаемы знік у кустах.
Як толькі ўсё сціхла, мы з Санькам на карачках прыпаўзлі на цагельню. Максім ляжаў у крыві сярод камення і скрыгатаў зубамі:
— От дурны, от дурны... Не так трэба было... 3 голаду вылез бы... падла. Не зусім я паверыў вам, хлопцы... Думаў... загінаеце...
Максіма адвезлі ў шпіталь, а размовы пра ваўкалака ўсчаліся з новай сілай. Казалі, што міліцыя знайшла на цагельні яго бярлог. Мы з Санькам цяпер у цэнтры ўвагі.
— Ну які ён хоць, хлопцы? — распытваюць нас усе, пачынаючы ад брыгадзіркі і канчаючы старым Зязюлькам.
— Такі калматы-калматы, з аднаго валосся,— расказваем мы.
Міністр думае, што гэта які-небудзь паліцай вакол сяла бадзяецца. Можа, нават хто з нашых, з падлюбскіх. Праўда, у гэта мала верыцца. Як толькі пачаў набліжацца фронт, толькі-толькі загрымела на ўсходзе, іх нібы карова языком злізала разам з сем'ямі. Няўмыкаў двор разам з іншымі згарэў, а ў Ахонькавай хаце жывуць суседзі. Так што вяртацца ім няма куды.
— Сядзяць яны ўжо ў Германіі, у немцаў,— кажа брыгадзірка.
— Немцам цяпер не да халуёў,— перабівае яе Міністр.
Розныя ходзяць размовы. А тым часам у людзей то курэй ноччу нехта пабярэ, то бульбу на агародзе пакапае, хоць яна там яшчэ па арэху, то знікнуць з плота памытыя штаны. Мая бабка з самага вечара замыкаецца на ўсе засаўкі. Забрыдзе сярод ночы ў хату, што мы яму зробім? На хвост солі насыплем?
Потнае для нас з Санькам настала лета. I радаснае. Кожны дзень з фронту новыя весткі. Міністр не паспявае ў брыгадзе пра іх расказваць. I дадумаліся ж нашы заганяць немцаў у катлы! Акружаць з усіх бакоў і паддаюць жару. Мая бабка ўсё забывае, як катлы называюцца, і часта ў мяне пытае:
— Ці праўда, што гіцалаў тых зноў у той... як яго... у чыгун загналі?
— Ды не ў чыгун, а ў кацёл! — каторы раз тлумачу я.
— Ну няхай і так,— ахвотна згаджаецца старая.— Як бы ні хварэла, абы добра памерла.
Пайшлі нашы на захад. Дачакаўся Зязюлька, што і яго Магілёў узялі. Паехала з поплаву зенітная батарэя.
А на лузе тым часам аж гудзе касавіца. Мне дзед Мікалай навёў бацькаву касу-літоўку, а Санькаву стары Зязюлька накляпаў. Пецька Смык навастрыў нейкі зломак. Не каса ў яго, а гора, і ён яшчэ з нашымі яе зраўняць хоча. Кажа, што хоць зусім сточаная, затое лёгкая.
На луг мы ідзём у адным гурце з мужчынамі. Дакладней — мужчыны ідуць з намі: іх раз-два — і няма болей, а нас — цэлы полк. Мужчыны ідуць і кураць, а ў такіх, як мы, тытуню няма. Папрасіць бы, ды смеласці не хапае. Вунь Пецька Смык папрасіў, дык Міністр яго абсмяяў перад усімі:
— Нос не дарос. Ты спачатку яго ўтры.
I астатнія дзядзькі загулі чмялямі:
— Правільна, Назар.
— Дай яму па вушах.
Праўда, абышлося. Па вушах Смык не зарабіў.
Блішчаць у нас на плячах косы, за плячамі вісяць бляшанкі з пяском і дубовыя мянташкі. I таму нам не хочацца здароўкацца абы з кім. Мужчыны з бабамі, што ідуць грэбці сена, паздароўкаліся, а мы на Кацю і не паглядзелі. Па-мойму, і яна нас быццам не заўважыла. Падумаеш, цаца. Граблі ўзяла, дык і фарсіць. Няхай касу пацягае.
Сталі мы з Санькам побач, падзынькалі мянташкамі па косах, паплявалі ў далоні — эх ты, сіла маладзецкая! Размахнуўся Санька і — у купіну. Так і знёс начыста, як брытвай зрэзаў.
Мне купіна трапілася большая. Не купіна — цэлае гарадзішча. Такую з аднаго разу не знясеш. Туды-сюды, а каса не вылазіць назад, хоць ты ёй, як калісь бацька казаў, сала дай. Стары Зязюлька стаіць і смяецца, з-пад пракураных вусоў блішчаць устаўленыя да вайны жалезныя зубы.
— Што, не пускае? За пятку яе цягні, халеру!
Няма на свеце большай ганьбы для касца, як кідаць кассё і нагінацца, каб выцягнуць з купіны касу за пятку. Смеху на ўвесь луг:
— Сюды, хлопцы! Во добры пагорачак, ну-тка цюкніце!
Праўда, калі выйшлі на раўнейшае, мы дзяўбаць зямлю перасталі. Дык другая бяда — насядае стары Зязюлька. Так і глядзі, што па пятах зараз пацэліць. Мы ўжо змакрэлі, у роце зрабілася горка, ногі пачалі млець, дых заняло, а дзеду хоць бы што. Шах-мах — і кладзецца ў яго трава ў роўны, высокі пракос. Паглядзіш, дык здаецца, каса сама бегае. Відаць, вострая, як змяя. Няхай бы вось нашымі так паспрабаваў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу