Маскоўскія дакторкі, якія зімавалі ў Санькавай хаце, нядаўна паехалі дамоў. Рабіць ім болей тут няма чаго. Сыпняк адступіўся. Санька іх сам на станцыю вазіў на Буянчыку. Во быў смех, як дарогай згубілася загваздка і звалілася кола! Санька сам падымаў-падымаў калёсы і не падняў. Тады ён і скамандаваў:
— Ану, бярыцеся!
Дакторкі ўзяліся за вось. Восі ў чорнай каламазі, а ў дакторак пазногці пафарбаваны лакам. Санька гаворыць, што калі б я паглядзеў потым на іх пальчыкі, дык памёр бы з рогату. А яшчэ на развітанне, ад радасці, што не спазніліся на цягнік, яны хацелі Саньку пацалаваць. Толькі не на таго нарваліся. Ён, нібы ўюн, вывернуўся з іх абдымкаў.
Вось, бадай што, і ўсё ўнутранае становішча, калі не лічыць размоў пра нейкага ваўкалака.
Ваўкалак — гэта такі мярцвяк, якому не ляжыцца ў дамавіне, і вось ён ноччу адкопваецца, вылазіць з магілы, ловіць жывых людзей і смокча з іх кроў. На нашых могілках такіх неспакойных мерцвякоў няма. Завёўся ён каля старой цагельні. Вы не ведаеце, дзе гэта? Тады паслухайце.
Ад нас ісці ў горад можна дзвюма дарогамі. Можна па шашы, міма дома дарожнага майстра, цераз вёску Пруды, а там ужо і горад. Добрая і шматлюдная дарога. Тут цябе іншы раз абгоніць салдацкая машына або Мамуля на веласіпедзе. Мамуля зноў уладкаваўся на чыгунку. I спадарожнік заўсёды знойдзецца.
Другая дарога ў горад — лугам. Бяжыць сцежка па поплаве паза возерам Сітняг, паўз былыя гліняныя кар'еры, зарослыя аерам, цераз чыгуначны насып, зноў лугам міма разбуранай бойні, па балоце і прама да элеватара. Ад элеватара да базара рукой падаць. Пратапталі сцежку жанчыны з кашолкамі. Гэтая сцежка добрая тым, што па ей і бліжэй і мякчэй хадзіць, не трэба біць ногі аб каменні.
Адразу за возерам, леваруч ад сцежкі, калі ідзеш у горад, і па правую руку, калі вяртаешся, знаходзіцца старая цагельня. Комін даўно разбураны, печ урасла ў зямлю, на кучах бітай цэглы расце палын і грэюцца на сонцы яшчаркі. Побач з цагельняй старая магіла, над якой стаіць пакрыты зеленаватымі лішаямі дубовы крыж. Памятаю, да вайны на крыжы вісела ікона з ручніком. Цяпер ад ручніка нічога не засталося, а ікона ператварылася ў чорную, спарахнелую дошчачку. Фарба патрэскалася ад сонца, аблічча святога змылі дажджы.
Хто ляжыць пад тым крыжам, я добра не ведаю. Ад Чмыхавай Маўры чуў, што божы чалавек, святы вандроўнік, які хадзіў у Кіеў кланяцца святым мошчам, ды і памёр па дарозе. А бацька калісьці казаў, што канакрад, якога падлюбскія мужыкі забілі каламі. Я болей веру бацьку, а не манашцы. Ды і нядаўнія падзеі паказалі, што нябожчык хутчэй за ўсё быў канакрадам. Божы чалавек, мабыць, не стаў бы ваўкалакам.
Першай пра ваўкалака даведалася Чмышыха. Яна хрысцілася і бажылася, што бачыла яго на ўласныя вочы. Было гэта быццам так. У нядзелю пайшла Маўра на базар прадаваць шчаўе. Цэлы мех нарвала, ледзь вочы не павылазілі, пакуль даперла. На базары паскупілася пусціць дзешавей, праседзела ледзь не да вечара. Але прадала ўсё-такі па-людску. Дзякуй богу, шчаўе зараз у цане. Потым доўга сноўдалася па ларках, па рынку — ні да чаго не прыступіцца, нічога не дакупіцца, ні на кім крыжа няма. Купіла толькі адну шклянку солі ды чвэртку літра канаплянага алею і пайшла дахаты.
— I вось падышла да таго месца,— расказвала яна потым ля калодзежа,— гляджу, пад крыжам штосьці шавеліцца. Так у мяне мурашкі па спіне і пабеглі. А ён падымаецца — ой, страх божы! — вочы гараць, як у ваўка. Прашаптала я малітву, ды, відаць, грэх на мне ёсць — не памагло. Кінула я мех і так ужо бегла, так бегла, што думала — сэрца выскачыць. Ваўкалак гэта быў, мае дзеўкі, далібог, ваўкалак! Трэба нам адкуль-небудзь папа прывезці ды над магілай службу адслужыць, каб супакоіць яго душу.
Спачатку манашцы ніхто не паверыў. Усіх яе плётак не пераслухаеш. А потым ваўкалак паганяў і другіх жанчын. Яны таксама пакідалі кашолкі і ледзь ногі дамоў прынеслі. Адна з іх была Міністрава жонка — Насця. Тая хлусіць не будзе. Кінуўся быў Міністр з бязменам на тое месца, прыбег — ні кашолак, ні ваўкалака.
Мая бабка наконт гэтага думае, што тут не ваўкалакам пахне. Мала на свеце такіх, што лёгкага хлеба хочуць? Але як бы там ні было, а толькі раніцай на досвітку і ўвечары, калі змяркаецца, болей жанчыны не ходзяць блізкай сцежкай у горад. Хіба хто з мужчын трапіцца ў спадарожнікі, тады каторая адважыцца: калі ідуць мужчыны, ваўкалак сядзіць ціха.
Паступова размовы гэтыя пачалі заціхаць.
I вось трапілася пабыць у тых мясцінах нам з Санькам. У бабкі кончыліся венікі, і яна паслала мяне нарэзаць абярэмак палыну.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу